«Магілеўская хроніка» сцісла паведамляе: «У годзе 1660 гетман каронны Чарнецкі, ваявода рускі, і вялікі літоўскі гетман Сапега пад Ляхавічамі, на Палонцы, Хаванскага на шчапу разнеслі». Славутая перамога жаўнераў Рэчы Паспалітай адбылася 28 чэрвеня. Хаванскі, маскоўскі ваявода, мусіў ратавацца ўцекамі. Цікава тое, што запіс гэты рабіўся тады, калі ў магілеўскім замку сядзелі маскоўскія стральцы. Летапісец не хавае таго, на чыім ен баку. У тым самым абзацы аўтар «Хронікі» паведамляе: «У гэтым жа годзе брама магілеўская, якая Каралеўскай завецца, была дабудаваная і накрытая».
Пасля сціслага паведамлення пра Паланецкую бітву аўтар дадае гісторыю пра пэўнага італьянца Марыяна, які жыў на той час у магілеўскай камяніцы. Быў ен мастаком. Замовілі маскавіты яму некалькі «штучек», малюнкаў з выявамі «польскіх», маскоўскіх вояў, а таксама казакаў. Марыян той, відаць, дужа пастараўся, бо малюнкі маскавітам спадабаліся, апроч адной істотная акалічнасці. Маскавіты папракалі мастака (цытуем «Хроніку»): «…нашых ты хужэ папісаў, а сваіх ляхаў лучшэ».
Тым часам Хаванскі ўцякаў у бок Смаленска, а Чарнецкі і Сапега імкнуліся яго дагнаць і канчаткова разбіць, паставіўшы, як яны меркавалі, кропку ў працяглай Трыццацігадовай вайне. Харугвы Рэчы Паспалітай падыйшлі пад Магілеў. Потым у сваіх мемуарах польскі шляхціц Ян Хрызастом Пасэк будзе скардзіцца на магілеўцаў. Маўляў, з замкавых сцен выкрыквалі брыдкія словы, зневажалі асабіста Сапегу і Чарнецкага. Так яно было ці не – зараз ужо дакладна невядома. Вядома ж, аднак, пра тое, што гараджане зрабіліся сведкамі сапраўднага спектаклю, разыгранага варагуючымі бакамі.
Зноў працытуем «Хроніку». «У тым самым годзе, месяца чэрвеня, дня 18-га ў Пятроўку пад Магілеў прыцягнуліся Чарнецкі і Сапега. Чарнецкі стаў у Буйнічах на горцы, а Сапега за Лупалавам пад гарой, потым яны загадалі збудаваць мост на Панскім рагу і капанір выкапаць, каб той мост бараніць.
Пазней масква і ахвочыя гараджане з месца выскачылі, каб капанір той зруйнаваць і мост разбурыць. Ды сапегавы харугвы, якія ад гары Мышаковай выехалі, удзень сагналі ўсіх да Дняпра і ўпень высеклі і патапілі. Потым прадмесці ўсе і цэрквы папалілі, у тым ліку царкву Узнясення панны Марыі і Пакроў, толькі што збудаваны, і іншыя цэрквы, толькі храм Паднясення Святога Крыжа застаўся.
Апошняя заўвага, якая датычыцца падзей 1660 года, ў «Хроніцы Сурты і Трубніцкага» гэтакая: «У годзе 1660 Гарзеўскага-Корвіна ў Магілеве неспадзявана забілі, за гэты ўчынак 5 паноў на ганебную смерць асудзілі. Імены іх не буду згадваць дзеля іх дзетак».