«Магілеўскі хранограф»: хто вінаваты ў катастрофе на Дняпры і каго забілі пад Старым Быхавам?

3256
П. Левановіч. Фота на тытуле: darriuss.livejournal.com
Гісторыя Магілева надзвычай багатая на разнастайныя падзеі. У гэтым выпуску «Хранографа» магчыма пачытаць пра катастрофу на Дняпры, пра узвядзенне Брацкай царквы, а таксама пра падзеі, звязаныя з крывавай вайной Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы.

У 1633 годзе праваслаўныя магілеўцы сабраліся на набажэнства ў царкву Святой Троіцы, якая знаходзілася на другім беразе Дняпра. Перапраўляцца трэба было на пароме. Летапісцы паведамляюць пра тое, што на сярэдзіне Дняпра той паром перакуліўся, і шмат гараджан патанула. Есць намек у «Магілеўскай хроніцы» і на прычыны гэтай катастрофы. «Старыя людзі кажуць, што гэта ўніяты ад зайдрасці той паром ноччу сапсавалі. Аднаму Пану Богу пра гэта вядома». Пасля гібелі людзей на Дняпры кіраўнік горада, ці па тых часах войт, пан Сухадольскі здаў свае паўнамоцтвы пану Самсаноўскаму. Але, відаць, гораду гэта не дапамгло. Аўтар «Хронікі» як бы мімаходзь адзначае: «У той самы год замак магілеўскі згарэў».

Узбярэжжа Дняпра. За мастом бачна царкву Святой Троіцы. Канец ХІХ ст. Фота: masheka.by
Узбярэжжа Дняпра. За мастом бачна царкву Святой Троіцы. Канец ХІХ ст. Фота: masheka.by

Былі, праўда, і добрыя навіны. Праз тры гады пасля вышэй памяненых падзей 1 жніўня 1636 года ў Магілеве асвяцілі Брацкую царкву. І гэта, піша летапісец, нягледзячы на супрацьдзеянне з боку «клятых пачвар і вурдалакаў уніятаў». Дарэчы, грошы на будаўніцтва царквы далі Агінскія, «род, які ў веры дабрачыннай праваслаўнай захоўваўся».

На жаль, на гэтым добрыя навіны завяршаюцца… Магілеў як і ўся тагачасная Беларусь увайшоў у крывавы перыяд так званага «Патопу», калі нашы землі зрабіліся арэнай для высвятлення адносін паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Вось як пачатак доўгай вайны апісвае «Хроніка»: «У тым годзе (1648) злыя вятры падзьмулі ў бок Рэчы Паспалітай Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Багдан Хмяльніцкі ў шматлікіх бітвах з палякамі рыцарскасць сваю даказаў і ад падданства польскага Украіну збавіў».

У 1654 годзе прыцягнулася пад Магілеў вялікае маскоўскае войска, якому горад, паведамляе летапісец, не мог супрацьстаяць, таму мусіў здацца. Намовіў жа магілеўцаў на фактычную здраду вялебны айцец Іаіль Труцэвіч, ігумен манастыра Куцеінскага. Таго самага манастыра, які маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч усяго праз год (1655) абрабаваў да ніткі, а братчыкаў (манахаў) разам з каштоўным алтаром загадаў вывезці пад Вялікі Ноўгарад, дзе і пасяліў на беразе возера, празванага Святым.

Куцеінскі манастыр. Цяперашні выгляд. Фота: Спадчына Беларусі
Куцеінскі манастыр. Цяперашні выгляд. Фота: Спадчына Беларусі

Далей «Магілеўская хроніка» паведамляе надзвычай цікавую гісторыю, звязаную з наказным казацкім гетманам Іванам Залатарэнкам. Тут будзе да месца важная заўвага: паводле легенды, быў той Залатарэнка характарнікам (ведзьмаком) і ўмеў замаўляць кулі, адводзіць вочы, рабіцца нябачным і гэтак далей. Казалі, што забіць яго было немагчыма. Вось, што на гэты конт паведамляе магілеўскі летапісец:

«У тым самым годзе (1655) масква пад Шапялевічамі Радзівіла моцна збіла. Прыцягнуўся Радзівіл пад Магілеў і няўзнак пад Старым Быхавам напароўся на Залатарэнку, які тамтэйшы замак здабываў. Там жа праз некаторы час Залатарэнку і забілі». (Зноў жа, паводле легенды, магілеўскі шляхціц патрапіў гетману срэбранай куляй у нагу).

Наказны гетман Іван Залатарэнка. Выява  XVII ст. Крыніца: welemudr.ru
Наказны гетман Іван Залатарэнка. Выява XVII ст. Крыніца: welemudr.ru

«Нябожчыка ў бочцы з медам (так перавозілі целы на вялікія адлегласці) даставілі ў Корсунь, дзе ў царкве драўлянай з вялікай пыхай служылі па ім паніхіду. Нечакана ад катафалка пайшоў агонь і перакінуўся на царкву. Людзей пагарэла столькі, што не палічыць. Толькі Хмяльніцкія ўцяклі».