Адбывалася адраджэнне старажытнага абраду дзякуючы намаганням тэатральных і этнаграфічных гуртоў. Не абышлося, канешне, і без успамінаў людзей сталага веку, для якіх абрад меў далека не тэатральны сэнс. “Мясцовыя жыхары дужа спадзяваліся на наступны ўраджай азімых. У рэшата насыпалася зерне, якое святар перад тым блаславіў у царкве, клалася некалькі звараных яек, а самае галоўнае – у зерне ўтыкалася грамнічная свечка, якая, паводле павер’яў, мусіла бараніць ураджай ад грамніц і маланак”, – перадае раённая газета “Прыдняпроўская ніва”.
Вераванне ў тое, што грамнічная свечка сапраўды можа абараніць ад Перуна – безумоўна, атавізм язычніцкіх вераванняў. Не сакрэт, што беларусы пасля прыняцця хрысціянскага веравызнання пачалі атаясамліваць гэтага бога з прарокам Іллей. У пэўным сэнсе гэтыя дзве іпастасі ў народным светапоглядзе зліліся. Не дарма адзін з самых галоўных рытуалаў на 2 ліпеня – гэта ахвярападнашэнне Ілле. На акно ставіўся пачастунак – хлеб з соллю. А ўвечары яго апускалі ў ваду. Лічылася, што гэта злітасцівіць бога-маланканосца. Завяршаўся абрад так званай “складчынай”. У адным з дамоў збіраліся ўсе суседзі і частаваліся прысмакамі. Самай галоўнай стравай была курыца. Прынята было спяваць і танчыць.