Рыцарскі фэст запрашае 7 і 8 жніўня ў Мсціслаўль: што цікавага ў праграме?

2788
П. Левановіч. Фота: ecoprog.ru
Рыцарскі фэст у Мсціслаўлі – адно з самых відовішчных мерапрыемстваў, якое заўжды збірала тысячы аматараў беларускай сярэднявечнай культуры. Упэўненыя, што гэты год не будзе выключэннем. Тым больш што арганізатары зрабілі ўсе магчымае, каб свята было цікавым і для малых, і для дарослых.

Адкрыцце Мсціслаўскага фэста адбудзецца апоўні 7 жніўня. Арганізатары абяцаюць тэатралізаванае шэсце на ўваходзе ў месца. Рамеснікі прапануюць вырабленыя ўласнымі рукамі рэчы. Кавалі, ганчары, шаўцы, бондары, збраяры і шмат хто іншы дазволяць не толькі паглядзець, але і набыць сапраўдную гістарычную аўтэнтыку.

Варта зірнуць на Кармеліцкі касцел, у якім, звычайна, ладзіцца цікавая экскурсія. Адмыслова для гурманаў адчыніць дзверы карчма «Экслібрус». Там магчыма паласавіцца сапраўднымі стравамі з арсеналу старой літвінскай гаспадыні. Рэцэптам гэтых страў не менш за 400 гадоў. Нават гучаць яны апетытна: бігас, каўбух, верашчака… З напояў, канешне у межах разумнага, магчыма паспрабаваць крупень, аквавітаўку ды медавуху.

Для аматараў спакойнага адпачынку будзе прапанаваная экспазіцыя з фондаў гістарычнага музея г. Мсціслаўля. Канешне, магчыма будзе зірнуць і на раскоп старога Мсціслаўскага замчышча. А вось сапраўднай разынкай фэсту, без сумненняў, будзе прэзентацыя праграмы «Крылатыя вершнікі Вялікага Княства», а таксама баі пешых рыцараў у фармаце «5 на 5» і «10 на 10». Не абыйдзецца без традыцыйнага турніру лучнікаў і так званых бугартаў – кшталту, «Захоп харугвы» або «Абарона караля». Прагучаць у першы дзень фэсту старадаўнія беларускія мелодыі, якія колісь цешылі слых Хадкевічаў, Сапегаў ды Радзівілаў. Магчыма будзе ўбачыць і сярэднявечныя строі, уласнымі рукамі дакрануцца да кунтуша, чамаркі, шляхецкага святочнага пояса.