Як у лесе над Бярэзінай паўстаў Лясун. Відэарэпартаж з фіналу фэста керамістаў

3000
Вiдэа i тэкст: Дзяніс НОСАЎ
Плэнэр керамістаў «Арт-Жыжаль» ў Вербках традыцыйна завяршае вобжыг фінальнай скульптуры, зробленай галоўным арганізатарам падзеі, Валерыем Калтыгіным разам з іншымі удзельнікамі. Гэтым разам увечары 31 ліпеня у лесе над Бярэзінай паўстаў Лясун.

Гаспадару дрэваў жар полымя не зашкодзіў, толькі зрабіў больш моцным. Агорнуты як у занавес, Лясун жарыўся чатыры гадзіны пры тэмпературы да 1000 градусаў. Тым часам на палянку збіраліся госці з турбазы, суседніх дач і гораду, дыхалі сьвежым паветрам лесу над ракой, абмяркоўвалі навіны, разглядалі іншыя творы майстроў. Дарэчы, на гэты яшчэ кавідны фэст змагло панаехаць гасцей з вельмі дальніх абласцей – ажна з Перу. А таксама з Грузіі, Малдовы і традыцыйных Украіны ды Расіі.

Падыходзіць зусім блізка да працоўных печак і загатовак будучых твораў не дазвалялі, але цікавага хапала разглядзець і з тых пяці метраў. Перавага камэры – карцінку можна наблізіць.

Да дзесятай вечару ўсё было гатова, але шчэ пачакалі прадстаўнікоў гарадзкой адміністрацыі.

А потым пад «калдунскія» напевы майстры сталі раскрываць вогненную скульптуру. Ваш відэакарэспандэнт, вядома ж, шмат разоў чуў пра фэст і бачыў фотаздымкі, ведаў што будзе, але... Адна справа ведаць, хай з карцінкамі, другая – бачыць цуд у жывую. Вывучаць яго да драбніц, адчуваць жар чараўніцтва і разам з усімі ўздыхаць і ўскрыкваць ад захаплення.

Галоўная ўласная думка па завяршэнні: «Абалдзенна прыгожа! Але мала». Гэткую чароўную падзею хочацца расцягнуць у тэатралізаванае дзейства з усімі зачынамі ды суперфіналамі. І большай колькасцю ўдзельнікаў і гасцей. Як небудзь зробім. Бабруйскі Жыжаль таго варты.

______________________________

Также на сайте: