Імя Давыда Алега вядома кожнаму жыхару Магілева, які мае цікаўнасць да гісторыі роднага горада. Перадусім, гэта стваральнік рэсурсу «Магілеў у 3-D выявах», дзе змешчаны сапраўды ўнікальныя фотаздымкі абласнога цэнтра, пачынаючы з канца XIX стагоддзя. Гэта старыя магілеўскія краявіды – вулачкі, узбярэжжа Дняпра, маляўнічыя акварэлькі з Падміколля, Быхаўскага рынку, Лупалава, Вялікай Садовай і г.д. Тут трэба адзначыць тое, што Алег збірае гэтыя фотаздымкі як энтузіяст – набывае іх у калекцыянераў або на распродажы за ўласны кошт. Яго самаахвярнасць сапраўды вартая захаплення!
Старонка Давыда Алега Лісоўскага ў Facebook.
Што да экспазіцыі «Здані сусветнай вайны» (1941 – 2016)», то некаму, магчыма, яе назва можа падацца дзіўнай. Тлумачыцца ўсе проста: з дапамогай фоташопа Алег сумясціў выявы сучаснага Магілева з тым, як ен выглядаў у ліпені 1941 года. Нагадаем, Магілеў апынуўся пад акупацыяй акурат 26 ліпеня 1941 года. На сучасных мірных вуліцах Першамайскай, Ленінскай і г.д. размешчаны нямецкія «панцыры», па плошчах шпацыруюць нямецкія салдаты. І няхай гэта фоташоп, але, на мой погляд, Алег Давыд Лісоўскі дасылае ўсім нам дужа важны месандж: мы, сучасныя магілеўцы, павінны паглядзець на трагедыю 1941 года вачамі не пісьменнікаў, не гісторыкаў, а ўласнымі вачамі. Патрэбна гэта, каб зразумець тое, што кошт свабоды і незалежнасці на самой справе цаны не мае.