«Магілёўскі хранограф»: ліпеньскi бунт 1610 года, у справу ўмяшаліся жанчыны...

3337
П. ЛЕВАНОВIЧ, па матэрыялах «Магілёўскай хронікі». Фото: planetabelarus.by
Крыху больш за 400 год назад у Магілёве жыццё віравала і літаральна нічым не саступала падзеям сённяшнім. Гісторыя можа быць цікавай і павучальнай. Адну з такіх гісторый, якая здарылася 22 ліпеня 1610 года, мы і збіраемся распавесці.

Гартаючы стужкі навін інфармацыйных сайтаў або сацыяльных сетак, тэлеграм-каналаў, мы непазбежна здзіўляемся таму, наколькі ж імклівае і разнастайнае наша жыццё. Іншым часам, мы нават баімся заглядаць у навіны – робіцца ніякавата ад таго, што адбываецца навокал. Злачынствы, здарэнні, прыродныя катаклізмы, крызісы, нарэшце, пандэмія… На гэтым фоне жыццё нашых продкаў уяўляецца ледзь не райскім – павольным, без стрэсаў і залішняй мітусні. Добрая экалогія, здаровы лад жыцця – без гвалтаў, без канфліктаў. Лепата! А што на самой справе?

Прапануем прачытаць пра тое, як жылі магілёўцы 400 год назад. А дапаможа нам у гэтым «Магілёўская хроніка».

На выяве – дрэварыт старога Магілёва, прыблізна сярэдзіна ХVII ст.
На выяве – дрэварыт старога Магілёва, прыблізна сярэдзіна ХVII ст.
«Магілёўская хроніка» – летапіс часоў ВКЛ, складзены ў Магілёве на працягу 17-19 ст. купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім, прадоўжаны яго сынам Аляксандрам і ўнукам Міхаілам. Твор апісвае падзеі гісторыі Магілёва, найперш праблемы яго гараджанаў.

Узбунтаваліся

Паводле «Магілёўскай хроніцы», роўна 411 год назад, у 1610 годзе, у горадзе на Дняпры пачаліся бунты. Зачыншчыкамі былі нехта Іван Харковіч, Мікіта Мілковіч, Максім Талбішчаў, Гаўрыла Івановіч, Міхал Чабатар, Лавар Міхайловіч і Ісай Шчасны.

Аўтар «Хронікі» даводзіць, што бунтаўшчыкі нібыта не ладзілі з магістратам і катэгарычна адмаўляліся сплочваць падаткі гораду. «У свой уласны звонік біць загадвалі, на ратушу і на магістрат нападалі, да гвалту перад ратушай заклікалі, на судовую ізбу напалі, дзверы адбілі», – пiша ён.

Магістрат знаходзіўся ў вялікай небяспецы, бо ўтаймаваць раз’юшаных магілёўцаў не ўдавалася аж да таго моманту, пакуль у справу не ўмяшаўся каралеўскі двор. Магілёўскаму войту было загадана прыцягнуць парушальнікаў парадку да судовай адказнасці і пакараць паводле закону. Адпаведная пастанова была ўпісаная ў акты магілёўскай магдэбурыі пад датаю «года 1610, месяца ліпеня, 23 дня».

Жорсткія часы – жорсткія і норавы

Вядома пра тое, што пяцёра з вышэй памянёных магілёўцаў былі абезгалоўленыя. Кат узяўся за меч на Ільінскай гары. Праз некалькі год гараджане на месцы праліцця крыві ўзвялі крыж. Толькі двух магілёўцаў суд пазбавіў ад смерці. Былі гэта Лавар Міхайлавіч і Ісай Шчасны. Чаму менавіта над імі злітасцівіліся суддзі – таямніца, але, дзеля праўды, і яны не засталіся зусім без пакарання. Павінны былі гэтыя магілёўцы адсядзець у вязніцы 12 тыдняў, пасля чаго кат іх біў батагамі і, што горш за ўсё іншае, бунтаўшчыкоў выкінулі з горада праз Дубровенскую браму (праз яе вывозілі смецце з месца). Заўважым, што пазбаўленне статуса гараджаніна ў тыя суровыя часы азначала толькі адно – імгненнае патрапленне ў прыгон. І, канешне, уся маёмасць «здрайцаў» была канфіскаваная.

Пры чым тут жанчыны?

Але! На гэтым жа ўсё не завяршылася… Роўна праз год, у ліпені 1611-га, Люба Турцянка, Мікіты Мілковіча жонка, Зяноўя Харковічанка, Арына Чабатарова і Сцеша Лаўравічанка з жонкамі іншых пакараных, разам з дзецьмі сваімі, пасля пакарання і выгнання сваіх мужэй падалі позву да суда яго каралеўскай міласці з поваду вяртання сваёй маёмасці.

Вось тут увага! Цытата з «Магілёўскай хронікі»: «У гэтай справе кароль яго міласць Жыгімонт Трэці Скваплівы суд войтаўскі зганіў і праз дэкрэт судоў каралеўскіх жонкам і дзецям іх усю маёмасць вярнуць загадаў і выгнанцам у горадзе Магілёве жыць дазволіў, вярнуў ім усю маёмасць».

Вось так! Дзяржава, у якой некалі жылі нашы продкі...