Перадусім палыкавіцкія жнейкі зрабілі “бабку” са снапоў. На фотаздымках, якія тут размешчаны, яе добра бачна. Аднак, перш чым узяцца за сярпы, жанчыны “білі чалом” жніву і, такім чынам, павіталіся з роднымі палеткамі. Пасля таго жнеі абралі старэйшую жанчыну, якая першай зрэзала сцябліны жыта. З гэтага моманту, калі магчыма гэтак выказацца, жніво і пачалося. Сноп за снапом – і вось яна, бабка. Удзельніцы абраду ўпрыгожылі яе святочнымі рушнікамі і рознакаляровымі стужкамі, паведамляе газета Магілёўскага раёна “Прыдняпроўская ніва”.
Адна з частак “Зажынак” – перадача “эстафеты” ад старога ўраджаю да новага, яшчэ не зжатага. На полі абавяскова з’яўляецца каравай – свежа выпечаны жытнёвы хлеб. Яго не толькі варта пакаштаваць, але і добрую частку схаваць пад бабкай. Гэта “гарантыя”, як лічылі нашы продкі, добрага новага ўраджаю. Канешне, гучалі спевы – тужлівыя, жніўныя, з цікавымі матывамі і сюжэтамі. Адзін з тыповых сюжэтаў: злая свякруха накіравала маладую нявестку жаць. Тая ад знясільваючай працы памірае наўпрост на полі і пераўтвараецца ў крушыну.