«Бабруйск пацвердзіў статус індустрыяльнага цэнтра, захаваўшы свае пазіцыі ў прамысловай сферы. Нягледзячы на знешнія выклікі і абмежаванні, у нас атрымалася забяспечыць даволі эфектыўнае завяршэнне пяцігодкі і ўпэўнена падысці да новага этапу развіцця. Выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча, зручная лагістыка, развіты транспартна-прамысловы комплекс і прадпрымальніцкі сектар — усё гэта было задзейнічана для вырашэння задач. Быў узяты курс на інавацыі», – піша «Звязда».
«Выпуск новай прадукцыі павялічыўся ў 1,5 раза. Вялася работа над захаваннем і развіццём пазіцый у знешнім гандлі. Прадпрыемствы горада пастаўлялі прадукцыю ў 70 краін. У цэлым за мінулую пяцігодку колькасць экспартных рынкаў павялічылася больш чым на сотню. Экспарт тавараў і паслуг бабруйскіх прадпрыемстваў перавысіў імпарт у два разы. Узраслі выручка, прыбытак ад рэалізацыі, рэнтабельнасць продажаў. Уласныя даходы бюджэту горада перасягнулі 103 %. У нас атрымалася самае важнае — захаваць працоўныя калектывы і забяспечыць грамадска-палітычную стабільнасць».
«Дасягнуты належны ўзровень сацыяльнай абароненасці насельніцтва. Сярэдняя заработная плата ў параўнанні з 2019-м узрасла ў 1,2 раза і дасягнула ў снежні мінулага года планкі ў 1166 рублёў. Значна палепшылася сацыяльная інфраструктура. Толькі за два апошнія гады Бабруйск увёў у эксплуатацыю шэсць буйных сацыяльных аб'ектаў, 137 тысяч квадратных метраў жылля, 21 гандлёвы аб'ект. Арыентацыя рабілася на комплексны падыход у будаўніцтве. Побач з жыллём адразу ж узводзяцца ўстановы адукацыі, аб'екты сферы паслуг. Так былі пабудаваны школа і дзіцячы садок з басейнам».
Якія задачы на будучае ставіць гарадское кіраўніцтва?
«Перспектывы — гэта кваліфікаваны кадравы склад, камфортныя ўмовы працы і жыцця, развітая інфраструктура, рост інвестыцый і новыя вытворчасці. Практыка рэалізацыі ў горадзе комплекснага плана на 2019—2020 гады пацвярджае мэтазгоднасць і далейшага зацвярджэння праграмных дакументаў на сярэднетэрміновы перыяд. І сёння, беручы пад увагу дыферэнцыяванасць і шматфактарнасць падыходаў да развіцця рэгіёнаў, неабходна павысіць самастойнасць канкрэтнага горада або раёна, у залежнасці ад спецыялізацыі і патэнцыялу. Гэта дазволіць эфектыўна спраўляцца з эканамічнымі рызыкамі, выкарыстоўваючы рэгіянальны інтарэс».