З Раством Хрыстовым, каталікі! Віншаванне з нагоды Божага Нараджэння ад пробашча касцёла ў Бабруйску Андрэя Яркаўца

2558
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Бог прыходзіць у гэты свет!

Ён нарадзіўся ў беднай сялянскай стайні. Было студзёна. Але найбольшая сцюжа сыходзіла ад людскіх сэрцаў, што не захацелі прыняць Яго ў цёплы дом. Калі б не добрыя, гарачыя сэрцы Найсвяцейшай Маці і святога Юзафа…

Як жа гэта важна, каб знайшлося хоця б адно спагаднае сэрца! А потым абавязкова адкрыюцца вочы і сэрцы яшчэ ў кагосці, і яшчэ, і яшчэ…. Езус заклікае нас: будзьце пільныя, не замыкайце сваіх сэрцаў, узірайцеся ў неба, каб не праспаць зоркі, якая прывядзе вас на самую важную сустрэчу!

Бобруйск. Андрей Юрковец, ксендз-декан, пробащ костела Непорочного Зачатия Пресвятой Девы Марии. Фото из архива «ВБ».
Бобруйск. Андрей Юрковец, ксендз-декан, пробащ костела Непорочного Зачатия Пресвятой Девы Марии. Фото из архива «ВБ».

У кожнага дзіцяткі ёсць тыя, хто яго нарадзіў. Менавіта на гэтым трэба зрабіць акцэнт сёння, калі нашыя сэрцы прагнуць дачыніцца да вялікай радасці сустрэчы з Нованароджаным Немаўляткам Езусам, нашым Збаўцай; калі зноў запальваюцца калядныя елкі, гучаць радасныя спевы, рыхтуюцца падарункі. Маленькае Дзіцятка ў Бэтлеемскай стайні падкрэслівае вечную каштоўнасць і святасць кожнай сям’і – той самай чалавечай калыскі, з якой бяруць пачатак ўсе шляхі свету. І калі апоўначы ўкленчым перад святочнымі яселькамі, давайце даверым Пану Богу ўсё, што сёння перажываем мы і нашыя родныя людзі. Бо дзе ж, як не ў сям’і, нас зразумеюць і дапамогуць зберагчы ў нашых душах трапяткі агенчык Божай любові? Няхай же і наша Бацькаўшчына – Беларусь – стане краiнай сапраўднага праслаўлення Бога праз захоўванне Яго закону i жыцця згодна з маральнымi нормамi. Няхай у ёй запануе Божы спакой, узаемная згода i паразуменне!

Няхай моцная вера, трывалая надзея і непагасная любоў паселяцца ў нашых сэрцах і ў кожным доме, як некалі гэта здарылася ў сціплай Бэтлеемская стайні!

Радасных, шчаслiвых святаў, поўных Божай ласкi i прысутнасцi Хрыста, i шчаслiвага наступаючага Новага года.

Ад усяго сэрца, 

пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз канонік Андрэй Яркавец

Расклад святочных імшаў на Божае Нараджэнне ў Бабруйску:  

  • 24.12, чацвер, 22.00 – Вігілія Нараджэння Пана.
  • 25.12, пятніца, 11.00 – Урачыстасць Нараджэння Пана.