10 цытат Уладзімера Караткевіча, якія актуальныя і ў нашы дні

5596
Сёння – 90 гадоў аднаму з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў ХХ стагодздзя Ўладзімеру Караткевічу. Публікуем 10 цытат з твораў, што як быццам напісаныя пра нашу рэальнасць.
Уладзімер Караткевіч.
Уладзімер Караткевіч.

Уладзімер Караткевіч упершыню ў нашай літаратуры паказаў свабодных, незалежных беларусаў-супэрмэнаў, якія перамагаюць у любой, самай безвыходнай сытуацыі. У раманах, аповесцях, вершах Караткевіча героі не баяцца паўставаць супраць тырана і адужваюць яго, – піша (запрещено называть).

Караткевіч пра доўгія гады палітычнага марозу

«Гэта быў страшны і цяжкі час. Уся неабдымная імпэрыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсьць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія. Казаць – дазвалялася толькі ману, любіць – толькі праваслаўе... ненавідзець – толькі вальнадумцаў... смельчакі гаварылі часьцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё».

(Урывак з рамана «Каласы пад сярпом тваім»)

Караткевіч пра тое, што выратуе Беларусь толькі паўстаньне

«...Край сагнуўся ў спіне,

Край баіцца размовы пра волю,

Край згубіў сваю мову

І матчынай песні напеў...

Нельга верыць у бога,

Калі ён такое дазволіў.

Цяжка верыць у люд свой,

Калі ён такое сцярпеў.

І няўжо не ўваскрэсне

Забытая родная мова

Не на тое, каб енчыць,

А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі:

«Ўстаньце, хлопы, да зброі!

Ліце кроў для вялікай любові,

Каб на гэтай крыві

Небывалыя кветкі ўзраслі!»

(Урывак з верша «Паўлюк Багрым»)

Караткевіч пра Беларусь у руках поскудзі

«Няшчасная Беларусь! Добры, памяркоўны, рамантычны народ у руках такой поскудзі. І пакуль гэты народ будзе дурнем, так будзе заўсёды... Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі народа ўсіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo Novus’аў, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу. Усю кроў аддаў бы».

(Урывак з аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»)

Караткевіч пра сілавікоў

«Днём і ўначы і ранкам

Пошчак падкоў пад зямлёй:

Гэта конныя скачуць архангелы

Па дарогах плянэты маёй.

Бяздумныя, падшыя, светлыя,

Поўсць на німбах расце,

Замест сумлення – дубінка,

І замест сэрца – кастэт...

...моўчкі чорныя птушкі

За імі ўстаюць на крыло.

Перад імі лунае гора,

За імі лунае жах,

Рудымэнты крылаў, пагоны

Лунаюць на іхніх плячах...»

(Урывак з «Баляды пра архангелаў»)

Караткевіч пра тое, што нельга чакаць, каб нехта за нас стаў храбрым

«Ніякіх кампрамісаў!.. мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца....калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа – мы самі павінны зрабіцца „храбрымі дзядзямі“, а ня ціха радавацца з-за чужой спіны... Кроў – з кропляў. І, каб не загніць ад суседзтва з нячыстымі, здаровыя кроплі павінны рухацца і нападаць на заразу, выкідваць яе з арганізма, нават рызыкуючы ўласным жыццём. Іначай – гангрэна і смерць».

(Урывак з рамана «Каласы пад сярпом тваім»)

Караткевіч пра забойства тырана

«Карэта цара выяжджае.

(Гэткі на колах гадзючнік!)

У канале Кацчыным воды

Да блізкага мора бягуць.

Вось бомба. Хай з падлы сьмярдзючай,

Хай з яго, ката народаў,

Ката маёй Беларусі

Зараз шматкі палятуць...»

(Урывак зь верша «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.). Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсціў Аляксандру ІІ за 1863 год»)

Караткевіч пра прадажнага беларускага судздзю

«Схожасць судздзі з тхаром дапоўнілася раптам яшчэ і смуродам. Я паглядзеў на заліты слязьмі твар гэтай жывёлы і... з гідлівасцю адштурхнуў яго. Ня мог я пэцкаць рукі аб гэтага... Ня мог. Іначай згубіў бы павагу да сябе назаўжды....І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі!»

(Урывак з аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»)

Караткевіч пра тое, што хай лепей загіне Беларусь, калі не здабудзе волю

«Сякуць, краіна, карак твайму сыну,

Ды ты не кажы ім: „Даволі!“...

Хай лепей ніколі ня будзе краіны,

Чым будзе краіна – бяз волі».

(«Эпітафія. Пакараным смерцю ў 1882 годзе»)

Караткевіч пра хвалю арыштаў

«Цэлыя дні варта хадзіла па дамах, вышукваючы крамолу, хапала людзей і цягнула ў вялікую судную залу... прысуды выносілі пачкамі, ня дужа разбіраючыся, што там да чаго... лютавалі, падаючы хлуслівыя даносы, віжы і сокі. І таму па горадзе кацілася лявіна арыштаў. Забіралі бацькоў у дзяцей і дзяцей у бацькоў, мужа – ад улюбёнай жонкі, хлопца – ад каханай. Уся Гародня ня спала па начах. Людзі ляжалі і глядзелі бяссоннымі вачыма ў цемру. Пружына хлуслівага даносу магла ўдарыць кожнага ў кожную хвіліну».

(Урывак з рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»)

Караткевіч пра новае пакаленьне свабодных беларусаў

«Гіене – баяцца, сабаку – вішчаць,

Свіньні – рыцца ў гноі сваім,

А льву патрэбны калючы гушчар,

Родны край і свабода ў ім.

П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў

Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,

Бо ўсе мы тут не з гіен і ня з псоў,

Бо мы – сапраўднай крыві».

(Урывак з верша «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў»)