«Человека убили за ленточки!» Як на «Плошчы Перамен» беларусы развітваюцца з забітым Раманам Бандарэнкам

6488
Дзяніс НОСАЎ. Фота і відэа аўтара
Увечары 12 лістапада, пасля трагічнай навіны аб смерці збітага да стану комы мінчука Рамана Бандарэнкі, мноства мінчан і гасцей сталіцы скіравалася на месца, дзе яго затрымалі, на славутую «Плошчу Перамен» – дворык ў раёне Сморгаўскага тракту і вуліцы Чарвякова. Апынуўся там і карэспандэнт «ВБ».

Мае чаканне: у сонечны дзень завітаць на «Плошчу Перамен» і жыццярадасна сфатаграфавацца з муралам «Дыджэяў». Рэальнасць: …

12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій
12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій

Месца, дзе з Другога кальца трэба паварочваць на «Плошчу Перамен», зазумелае адразу. Там гудзяць машыны, людзі па аднаму і групамі з прыпынкаў транспарту, з розных бакоў сцякаюцца на Чарвякова. Там таксама гудзяць машыны, як на ўсіх прылеглых вуліцах, і амаль не рухаюцца, пастаянна прапускаючы тых, хто ідзе ва двары пяці новых высотак, што ствараюць «Плошчу». Там, на пагорку, бачныя вагенчыкі свечак і тэлефонаў і здалёк чутныя воклічы: «Не забудем, не простим!», «Трыбунал!», «Герои не умирают!», «Гэта наш горад!»…

12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій
12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій

На сеткавай агароджы пляцоўкі – павязаныя жыхарамі бліжэйшых двароў белыя і чырвоныя стужкі. Тыя самыя, зразаць і спальваць якія за дзень да таго, мо ўжо ў соты раз, пачынаючы з лета, прыехалі «невядомыя ў цывільным». Па паведамленнях відавочцаў, падчас спрэчкі з мясцовымі жыхарамі гэтыя людзi штурхнулі Рамана Бандарэнку аб металічную горку, скруцілі і звезлі ў суседняе Цэнтральнае РУУС. Адкуль праз дзве гадзіны непрытомнага Рамана з процьмай найсур’ёзнейшых траўмаў забрала хуткая. Але выратаваць не змаглі…

– Человека убили за ленточки! За ленточки! – эмацыйна гаворыць адзін з сабраўшыхся. – Мы это простим?!

– Не-ееет! – крычыць у адказ грамада.

– Мы это забудем?!

– Не-ееет!

12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій
12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій

А людзей ўсё прыбывае. Колькі іх – больш-менш дакладна падлічыць у цемры нельга. Нехта прыйшоў даўно і ўжо сыходзіць, значна больш новых прыходзіць. У сацсетках раз-пораз з’яўляюцца страшылкі, нібыта каля «Плошчы Перамен» стаяць бусікі з байцамі ў масках і едуць новыя – але на месцы і на падыходах няма ніводнага сілавіка. Толькі хлопцы і дзяўчыны, жанчыны і мужчыны, дзеці і пенсіянеры. Мора кветак і лампадак. Слёзы і воплескі.

З мабільным інтэрнэтам, вядома ж, цяжкасці, відэа залівацца ня хоча. Ля пад’езду аднаго з дамоў на «Плошчы» пытаюся маладых хлапцоў, хто мясцовы, ці дазволяць скарыстацца хатнім вай-фаем. Данік пагаджаецца дапамагчы прэсе, і разам з ім і ягоным сябрам заходзім у пад’езд. І ўнутры якога бачна, што гэтае месца незвычайнае, актыўнае і дружнае (зрэшты, у Мінску гэта не рэдкасць).

Камунальная і палітычная інфармацыя ў дамах на Плошчы Перамен
Камунальная і палітычная інфармацыя ў дамах на Плошчы Перамен
Канстытуцыя Плошчы Перамен
Канстытуцыя Плошчы Перамен

Пакуль відэа заліваецца, хлопцы размаўляюць пра падзеі ў сваім БДУІР. Сябра Даніка расказвае, што на маршах пазнаёміўся з дзяўчынай, і цяпер перапісваюцца, сустракаюцца.

– О, здорава, – кажа Данік, – самае месца.

– Так, адразу зразумела, што чалавек харошы.

Прыходзяць бацькі Даніка, хлопцы кажуць: «Гэта свой», і бацькі запрашаюць незнаемага карэспандэнта на гарбату. Мае спробы даказаць, навошта мне іх вай-фай, адразу спыняюць: «Теперь, как это говорится – кожны беларус беларусу беларус». Віктар і Вольга жывуць у гэтым раёне здаўна, з імі чацвера дзяцей (малодшы гадавалы, а старэйшы, пяты, ужо жыве асобна), маленькая котка і сабачка, якую падабралі пабітую на вуліцы, шчэ калі не было гэтых дамоў.

– И Рому мы знали, – расказвае Віктар, – он с другого двора, неподалёку на Червякова, но такой подвижный, отзывчивый, часто приходил на нашу «Плошчу» помогать в чем-нибудь. Мы на «Перемен» и познакомились. Рома тут учил детей рисовать (Раман Бандарэнка скончыў Акадэмію мастацтваў па курсу дызайна).

Фота Нашай нівы: 12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій
Фота Нашай нівы: 12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій

Віктар з Вольгай праглядаюць фотаздымкі з месца ўчорашніх падзей, вышукваюць, ці быў там, як кажуць, старшыня Федерацыі хакею Баскаў, якога ўжо не раз заўважалі за зразаннем стужак: «Да, вот этот вылитый.., а этот рядом с ним, в сером костюме и черном жилете – он и начал драку с Ромой».

– Если б Рома сопротивлялся, у него могло б получиться, он же спецназовец, – скрозь слезы кажа Вольга. – Но Рома не хотел драться и дал себя скрутить. Даже когда мы узнали, что его из РУВД в больницу забрали, и то не было мысли, что будет что-то страшное – ну избили, может, руку сломали… А теперь его нет…

Гаспадары расказваюць, як удзень у двор прыязджалі следчыя. І разам з жыхарамі ўпэўніліся, што на месцы крыві няма, значыць, асноўныя падзеі былі не тут. Кажуць, следчы сказаў, што, спадзяецца, справу завядуць.

Фотагалерэя ў пад‘ездах дамоў Плошчы Перамен
Фотагалерэя ў пад‘ездах дамоў Плошчы Перамен

Вольга нэрвова ходзіць па кватэры, прыслухоўваецца да гудкоў машын на вуліцах: «Гудят?.. Гудят. И пусть гудят всю ночь…».

– Никто не должен был умирать, ни Рома, ни Тарайковский, ни тот парень из Бреста… Никто, – кажа Вольга – Оно ж того не стоит… А теперь… остается только выходить. И я удивлена и горжусь, что выходят даже пенсионеры, которые, типа, всегда были «электоратом». Выходят студенты, их задерживают – тогда выходят родители, их задерживают – выходят бабушки! Я восхищаюсь каждым.

12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій
12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій

Больш чым праз гадзіну, ужо практычна ўночы, я выходжу зноў ва двор. На Плошчы народу ўжо менш, але ёсць, і нават у такі час падыходзяць новыя. Стаяць у асноўным моўчкі, сярод цішы раз-пораз хто-небудзь пачынае выказвацца ці заводзіць: «Вечная памяць героям!» ці абавязковае «Жыве Беларусь!» Нягледзячы на вецер сьвечкі не згасаюць. А слезы не высыхаюць.

12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій
12.11.2020, Мінск, Плошча Перамен. Варта памяці ахвяры рэпрэсій

Машыны на вуліцы прыпыняюцца і гудуць, іх стрымана вітаюць мінакі. Варта памяці працягваецца.