Спадзяюся, кожны, хто жыве ў Бабруйску, ведае, дзе на вуліцы Кастрычніцкай знаходзіцца каталіцкая святыня – касцёл, пабудаваны на самым пачатку 20-га стагоддзя. Лёс яго цяжкі, у барацьбе з рэлігіяй – «опіюмам для народу» – над касцёлам здзекваліся, у яго сценах былі розныя ўстановы. Але негледзячы ні на што, нават забудаваная пачварным пяціпавярховікам, за якім святыня амаль ня бачная, намаганнямі вернікаў яна адноўлена і наноў асвечана ў 1990-м годзе. З таго часу амаль заўсёды побач з ксяндзамі нясуць сваю ахвярную службу сёстры-законніцы. У іх вельмі шмат працы, галоўная мэта якой – данесці да людскіх сэрцаў існаванне самай вялікай моцы на свеце – Божай любові.
Да Бога ў кожнага свой шлях, але гэты шлях трэба ўбачыць, і вельмі часта бывае так, што на пачатак яго, на маленечкую сцяжынку мы выходзім з дапамогай менавіта манахінь.
У Бабруйску працавалі сёстры з розных Ордэнаў. На сённяшні дзень гэта тры сястры-дамініканкі. Ордэн Прапаведнікаў (дамініканцаў называлі яшчэ Псы Гасподнія) заснаваны іспанскім канонікам св. Дамінікам на пачатку 13-га стагоддзя. На тэрыторыі ВКЛ дамініканцы з’явіліся ў 17-м стагоддзі. Вільня, Нясвіж, Мінск, Навагрудак, Полацк, Стаўбцы, Віцебск, Пінск, Слонім, Гародня, Клецк – месцы іх місійнай дзейнасці, галоўная задача – прапаведванне Евангелля і вывучэнне навук. Пры Дамініканскіх манастырах існавалі бібліятэкі і школы. Кангрэгацыя сясцёр святога Дамініка, да якой належаць нашы сёстры, нарадзілася ў Польшчы ў 1861-м годзе, стварыцелькай яе была Маці Калумба Бялецкая. На сённяшні дзень Беларусь, Украіна, Расія, Італія, Паўночная Амерыка, ЗША, Канада, Камерун, Манголія – гэта ўсё месцы місійнай дзейнасці дамініканак. А яшчэ сёстры наглядаюць за хворымі, апякаюць непаўнавартнасных, дапамагаюць дамам для састарэлых, працуюць у дзіцячых садках і, зразумела, у касцёле. А цяпер дадайце да ўсяго гэтага манаскі строй жыцця з іх статутам, з абавязковымі малітвамі, асабістымі сузіраннямі і разважаннямі. Калі толькі пералічваеш тое, пачынаеш па-сапраўднаму разумець, колькі ж працы на гэтых жаночых плячах!
Як жа сталася, што дзяўчаты выбралі менавіта такі шлях жыцця? Бывае, чуеш ад людзей, прывыкшых да стэрэатыпнага тыпу мыслення, што ў манахіні ідуць бедныя, гаротныя, альбо ад няшчаснага кахання. Дык вось, магу запэўніць, усё зусім не так. Часцей за ўсё на такі шлях ступаюць людзі, моцныя духам, неабыякавыя, поўныя Веры і Любові да Бога і Божых стварэнняў. Такія светлыя твары, як у нашых сясцёр, нячаста можна сустрэць.
Давайце знаёміцца.
Сястра Наталля (Бяляева), ёй 46 год, родам з Полацку. Касцёл у Полацку на той час не дзейнічаў, ні з якімі манахінямі дзяўчына знаёма не была, першае прычасце прыняла толькі ў 15 год у Глыбокім, дзе дзейнічаў касцёл. Праз тры гады пасля таго ў Полацку пачаў служыць ксёндз з ордэна Дамініканцаў.
«Упэўненасць, што я стану манахіняй, прыйшла неяк раптоўна, сама сабой, і ніякіх сумневаў не было», – кажа сп. Наталля.
1993 год – манастыр у Польшчы, так званы закрыты, сузіральны год, які гэту ўпэўненасць толькі замацаваў. Потым вяртанне на радзіму (Наталля была першай дамініканкай з Беларусі), праца ў Баранавічах. 1999 год – Расія, Тамбоў, дзе ў касцёле доўгі час быў размешчаны завод і даводзіць усё да ладу прыходзілася па макулінках. Прыхаджан было зусім мала, а шмат хто наогул лічыў католікаў сектай. Было вельмі цяжка. Адкуль браліся сілы? Божая дапамога!
Там, у Тамбове, Наталля скончыла педагагічны універсітэт, і гэта да таго, што тры гады вывучала тэалогію. Адукацыі ў Дамініканскім ордэне надаецца вялікае значэнне, бо «для паспяховай пропаведзі патрэбны веды і адукацыя», лічаць яны. Сп. Наталля больш за ўсё займалася і займаецца дзецьмі, моладдзю, а значыць, працы ў яе заўсёды вышэй галавы. І гэта цудоўна, упэўнена яна. Яна любіць гісторыю, яе натхняюць моцныя гістарычныя асобы. А калі я запыталася пра складанасці, то аказалася, што для яе вельмі цяжка разлучацца з людзьмі: «Працуеш на адным месцы, уваходзіш у сувязь з людзьмі, а прыходзіцца пераязджаць, і гэта цяжкая нагрузка на сэрца, на псіхіку».
Сп. Наталля заўсёды ўсміхаецца, заўсёды гатовая ўступіць у зносіны з кожным і ўпэўнена, што часта бывае для людзей злучным звяном, што праз яе Бог можа дакрануцца да чалавека, і тое абавязкова будзе знакам, штосьці адбудзецца, прачнецца ў чалавеку.
Другой нашай законніцы сп. Марыі (Емяльянчык) 41 год, яна мінчанка. Сястра кажа, што яе жыццё наогул паўнютка знакаў, што даюцца з Неба. Жыла на вуліцы Дамініканскай, дзе калісьці быў Дамініканскі манастыр. Хадзіла ў касцёл на Залатой горцы, дзе са студэнцкай моладдзю працавала дамініканка (сама Марыя на той час вучылася ў Медыцынскай акадэміі). Аднойчы на духоўнай сустрэчы «Малітва ў цішы» яна відавочна, выразна ўбачыла сябе ў хабіце – адзенне манахінь – чорнага і белага колеру і прачытала гэта як знак для сябе. Паўстала пытанне – ісці проста ў гэтую хвіліну ў кляштар (а была на 6-м курсе) альбо скончыць акадэмію? Ізноў была нібыта падказка, і Марыя закончыла навучанне. Так сталася, што размеркаванне атрымала ў Бабруйск. Працуючы ў санэпідэмстанцыі, праводзіла час паміж Бабруйскам і дамініканскім асяродкам у Мінску. Потым былі тры гады ў польскім кляштары, перад складаннем вечных шлюбаў у 2013-м быў цяжкі год, шмат разважанняў, «размоваў» з Небам, нават сумневаў, але ўпэўненасць і вера ў правільнасці выбару толькі ўзрасла. Затым вяртанне ў Беларусь. Спачатку Ракаў, потым Бабруйск, першым заданнем яе была апека над хворымі. Але наканавана сп. Марыі было яшчэ і займацца музычным пытаннем у нашым касцёле. З дзяцінства яна марыла вычыцца музыцы, скончыла музычную школу, збіралася ў вучылішча, але мара не здзейснілася. У Мінску спявала ў хоры пры касцёле. А ў Бабруйску на той час з’ехала арганістка, і не было каму займацца арганам, спевамі, ксёндз папрасіў Марыю. Яна прызнаецца, што было страшна пачынаць, можна сказаць, з нуля. Але Марыя прыцягнула ў хор моладзь, пачалося авалодванне музычнымі інструментамі. Апроч музычных заняткаў, сястра праводзіць катэхезы з падлеткамі, часам з дарослымі, рыхтуючы іх да патрэбных таямніц, альбо паглыбляючы рэлігійныя веды і разважаючы над славам Божым. Марыя гаворыць, што ёй лёгка з людзьмі, бо вырасла яна ў сям’і, дзе панавала любоў. «А гэта самае галоўнае – несці людзям любоў, даваць надзею, каб у чалавека пасялялася гармонія са светам, з самім сабой, каб прыходзіў унутраны супакой», – разважае яна.
Трэцяя сястра, Вераніка (Шэмель), ёй 46 год, родам з Віцебшчыны, з Браслаўскага раёна. Яна працуе медыцынскай сястрой у паліклініцы. Больш я не магу нічога пра яе распавясці, бо сп. Вераніка на сённяшні дзень пераканана, што ёй ня трэба нічога расказваць пра сябе і фатаграфавацца, і такое яе меркаванне трэба паважаць.
Сёстры жывуць на вуліцы Пушкіна, ў доме, купленым на ахвяраванні, даведзеным да ладу імі самімі і з дапамогай парафіян. У ім створана каплічка, у ім праходзяць рэлігійныя заняткі з меншымі дзеткамі, калі бацькі могуць прысутнічаць, альбо там жа пачакаць. Сёстры добра ладзяць з суседзямі, нікому і ніколі не адказваюць у дапамозе і з радасцю прымаюць любую дапамогу ім самім. Галоўны дэвіз закону – «Veritas», што значыць «Праўда». Абвяшчэнне праўды з’яўляецца асноўным заданнем закону. Праца сярод людзей, якую вядуць дамініканкі, была і ёсць добрай нагодай для данясення да кожнага Божай Праўды. Людзям часта не хапае не толькі хлеба, лекаў, а таго, што цяжэй знайсці: часу, увагі, апекі, умення выслухаць, клопату аб іх – адным словам – Любові. Сёстры-дамініканкі шукаюць яе, каб потым прынесці гэту Любоў усяму свету. Ведайце, у нас у Бабруйску ёсць такі цудоўны куточак, у якім такую Любоў вы заўсёды адчуеце.