Каманда «Умовы для мовы» ініцыявала кампанію «Беларускім месцам – квіткі па-беларуску!». Як паведамляюць арганізатары праекта, гэта зроблена для прасоўвання беларускай мовы.
Для гэтага трэба адправіць зварот у дзяржаўныя органы, а пра адказ сігналізаваць арганізатарам праекта. Прыклад можна паглядзець тут.
Так паступіў участковы ўрач-педыятр Міхаіл Самборскі. Мужчына адправіў ліст у адрас Бабруйскага гарвыканкамам з прапановай выпускаць талоны на праезд у гарадскім транспарце на беларускай мове. 9 ліпеня ён атрымаў адказ, які апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетках.
У лісце яму адказалі, што «распрацаваны новыя бланкі білетнай прадукцыі на беларускай мове, якія будуць уведзены ў абарот пасля выкарыстання наяўнай білетнай прадукцыі, вырабленай на рускай мове».