Сорам за «Лысую гару» і пахаванне Купалы: 10 нечаканых фактаў пра паэта Міколу Аўрамчыка – ў памяць аб ім

2173
«Вячэрні Бабруйск», па матэрыялах Рыдыё свабода. Фота ў тытуле: Радыё Свабода
14 студзеня споўнілася б 100 год нашаму вядомаму земляку, паэту і пісьменніку Міколе Аўрамчыку. Пражыў ён 97 год, быў найстарэйшым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Мікола Аўрамчык, 1952 г.
Мікола Аўрамчык, 1952 г.

Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў школах у Плёсах і Цялушы. З 1937-га году яго вершы пачалі друкаваць у бабруйскай газэце «Камуніст». У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», пазнаёміўся з Янкам Купалам, Кузьмой Чорным, Алесем Салаўём, Якубам Коласам.

Пасля вайны працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя» і «Маладосць».

Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Вадовішча» (1976), «У падзямеллі» (раман, 1986), «Анкета: Выбранае» (1990) ды іншых. Аўтар прысвечанай беларускім дзеячам кнігі «Знаёмыя постаці» (2004). Аўтар (разам з Нілам Гілевічам) славутага «Сказу пра Лысую гару».

Пераклаў на беларускую паасобныя творы Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Лесі Украінкі, Сяргея Ясеніна і іншых паэтаў.

Мікола Аўрамчык памёр 8 траўня 2017 году, пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Васіль Дранько-Майсюк для Радыё Свабода падрыхтаваў 10 нечаканых фактаў пра Міколу Аўрамчыка. «Вячэрні Бабруйск» дапоўніць іх сваімі фотаздымкамі.

Мікола Аўрамчык. Снежань 2014 г.
Мікола Аўрамчык. Снежань 2014 г.

Мікола Аўрамчык ня зьведаў жахаў сталінскіх лягераў, але правёў амаль тры гады ў нямецкім палоне, дзе адпакутаваў на шахтах Рура. Яшчэ да вайны на яго зьвярнулі ўвагу Якуб Колас і Янка Купала. А пасьля ён ужо сам спрыяў юным творцам Караткевічу, Барадуліну, Наўроцкаму.

Яго найлепшыя вершы вызначаюцца ляканізмам і ўнутранай гармоніяй. Многія бязь ценю камплімэнтарнасьці называлі Аўрамчыка адным з самых сумленных, чулых, спагадлівых і добрых беларускіх пісьменьнікаў.

1. У дзяцінстве ледзь не загінуў, калі ўпаў з млына

«...з двума сябрамі мы надумалі залезьці ў вятрак, які пуставаў за вёскай... Дзьверы былі забітыя... Жэрдкай падсадзілі сябра ўгару, той пранік у вятрак і апусьціў крыло. Па адным садзіліся на крыло, а сябра падымаў нас... залезьлі ў шапку ветрака. Там, на драўлянай перакладзіне тормаза, замест грузу віселі медныя дэталі ад машын, знаходзіліся алюмініевыя кольцы артылерыйскіх снарадаў. Грудзьмі я налёг на перакладзіну і стаў адбіваць адно з кольцаў. Перакладзіна саскочыла, і я церазь яе нырнуў уніз. Не забіўся толькі таму, што, падаючы, тройчы стукнуўся аб бэлькі, якія замарудзілі падзеньне. Усьлед за мной па лесьвіцы... зьляцелі і мае сябры. Яны выбілі дзьверы, прынесьлі... балотнай вады і пачалі адліваць мяне» (М. Аўрамчык. «Пра сябе»).

2. Якуб Колас параўноўваў яго з Лермантавым

У газэце «Чырвоная змена» за 8 красавіка 1939 году чытаем: «...Маю ўвагу спыніў верш Аўрамчыка „Адлёт жураўлёў“. Верш надзвычай сьвежы. Па сіле і эмацыянальнасьці я стаўлю яго ў рад такіх вершаў, як лермантаўскі „Парус“».

Бабруйскія журналісты і паэты на лецішчы Міколы Аўрамчыка ў Ступянях (2010 г.): Ганна Сямёнаўна, Леанід Чабатароў, Мікола Аўрамчык, Наталля Нятлеўская, Наталля Сысой,
Бабруйскія журналісты і паэты на лецішчы Міколы Аўрамчыка ў Ступянях (2010 г.): Ганна Сямёнаўна, Леанід Чабатароў, Мікола Аўрамчык, Наталля Нятлеўская, Наталля Сысой, Аляксандр Новік, Аляксандр Казак.

3. Палонным штодзень чакаў калецтва альбо сьмерці

Пра гэта пісаў у вершах, якія складаў у 1944 годзе, калі працаваў шахцёрам у Руры:

Не прыбралі хлопца маладога / З пераломанымі ўшчэнт рукамі,

Як паблізу тут жа на другога / З вышыні зваліўся цяжкі камень.

Мне пакутваць засталося мала, / Не мінуць і мне гэтай дарогі...

Ад сьцяны адваліцца кавалак / І раструшчыць рукі або ногі...

(Зь верша «Думы ў капальні»)

Падрабязнасці жыцця ў палоне і іншыя гісторі і развагі – у інтэрвью Міколы Аўрамчыка «Вячэрняму Бабруйску».

4. Параўноўваў Лукаша Бэндэ з эсэсаўцамі і са служкамі Берыі

Аўрамчык успамінаў, як у канцы 1950-х «...у невялікай залі Саюзу пісьменьнікаў... Бэндэ (літаратурны крытык, у 1930-х уваходзіў у камісіі па змене правапісу, па выняцці "класава варожай літаратуры" – ВБ) літаральна атакаваў мяне... і на поўным сур’ёзе даказваў, як ён ашчасьлівіў Янку Купалу, ледзьве не сілком справадзіўшы таго ў саўгас „Сосны“, дзякуючы чаму паэт і напісаў паэму „Над ракой Арэсай“... калі я глядзеў на яго аголеную грушападобную галаву, на глыбока пасаджаныя вочы, ён чамусьці мне нагадваў эсэсаўца. А калі неўпрыкмет сьлізгаў позіркам па ягонай гімнасьцёрцы, напушчанай на галіфэ, і па наглянцаваных ботах, Бэндэ здаваўся мне берыеўскім апрычнікам» (Зь імем Купалы – у сэрцы / Аўрамчык, 2015).

Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Уладзімер Дубоўка, Уладзіслаў Нядзьведзкі і Васіль Вітка. 1960-я
Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Уладзімер Дубоўка, Уладзіслаў Нядзьведзкі і Васіль Вітка. 1960-я

5. Яго намаўлялі, каб вярнуў з-за мяжы паэта-эмігранта Алеся Салаўя

«Аднойчы ў пару хрушчоўскай адлігі рэдактар газэты «Голас Радзімы» Леанід Прокша зьвярнуўся да мяне: „Зьвярніся праз нашу газэту да Алеся Салаўя (сябраваў з Аўрамчыкам у канцы 30-х, застаўся ў Беларусі пад акупацыяй, пасьля вайны жыў у Аўстраліі. – РС), каб ён вярнуўся з чужыны на бацькаўшчыну“.

...гэта... напалохала мяне... Радавы, што... трапіў у фашысцкі палон, адкуль быў вызвалены ангельскімі войскамі, я сам на бацькаўшчыне жыў на птушыных правах. Мне не хацелася ўцягваць у непрыемную гісторыю іншага чалавека... Але наадрэз адмовіцца было рызыкоўна... нічога не заставалася, як пагадзіцца. Праўда, я паабяцаў выканаць просьбу толькі пасьля таго, як Прокша прынясе мне для азнаямленьня вершы, якія Алесь Салавей друкаваў у час вайны... Ня ведаю... ці адпаведныя органы не пажадалі знаёміць мяне з творчасьцю Алеся Салаўя, але Прокша больш не прыйшоў...» (Пакутныя блуканьні / Аўрамчык, 2015).

6. Абураўся тым, як прайшло перапахаваньне Янкі Купалы

«У 1962 годзе, напярэдадні 80-годзьдзя з дня нараджэньня паэта, было вырашана перавезьці з Масквы ў Менск яго астанкі і пахаваць на Вайсковых могілках. Аднак... шырокая грамадзкасьць была ўведзена ў зман. Прызначыўшы пэўны час для правядзеньня жалобнага мітынгу, кіраўніцтва за некалькі гадзін да таго... употайкі ад народу пахавала... паэта. Гэты ўчынак абурыў... Было сорамна за нашых гора-кіраўнікоў» (Зь імем Купалы — у сэрцы / Аўрамчык, 2015).

У 90-я гг. у вершы «Сон» знаходзім такія радкі:

Як заўсёды, маўклівы, Купала / Прамовіў з загадкай

І з папрокам нямым у вачах / На мяне паглядзеў:

«Таямнічую сьмерць / Абвясьцілі няшчасным выпадкам

І мой прах пахавалі / Употай ад многіх людзей»

7. Адшукаў забытую магілу Максіма Багдановіча

Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце
Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце

Як вядома, у 1920-я гады згубленую магілу аўтара «Вянка» знайшоў Уладзімер Дубоўка, але пасьля 2-й усясьветнай месца пахаваньня Багдановіча ізноў загубілася. Знайсьці даручылі Аўрамчыку.

«Я павінен быў адшукаць магілу паэта, параіцца з інжынэрам наконт яе добраўпарадкаваньня. Я доўга хадзіў па Ауцкіх могілках, пакуль нарэшце ў непралазным гушчары пры разьвілцы дзьвюх утравянелых сьцежак ня ўбачыў добра знаёмую па фатаздымку ў даваенным акадэмічным двухтомніку паэта надмагільную пліту. Цяпер я кожную восень наведваю магілу паэта, якую засланілі вялізныя надмагільныя помнікі. Спрабаваў пасеяць на ёй васількі. Але яны чамусьці не ўзышлі...»

(М. Аўрамчык. «Нашы вандроўкі»)

8. На яго пакрыўдзіўся старэйшы сын Якуба Коласа

«Мяне заўсёды сьмяшылі людзі, якія спрабавалі ўзьвялічыць нашых духоўных апосталаў [Янку Купалу і Якуба Коласа] аднаго над адным або аддавалі перавагу камусьці зь іх... недарэчны выпадак адбыўся са мною ў Ленінградзе зімою 1958 года. Пісьменьнікі гэтага горада наладзілі вялікі літаратурны вечар, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пасьля гасьціннай вячэры... мяне затрымаў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла... З балючай крыўдай і дакорам ён пачаў ушчуваць, што яго бацька прыкмеціў мяне, юнака, і добрым словам публічна дабраславіў у літаратуру, а я, няўдзячны, болей люблю Янку Купалу...» (Духоўны прарок і зямны чалавек / Аўрамчык, 2015).

Ганна Сцяпанаўна, Мікалай Аўрамчык і Абрам Рабкін у Ступянях. Бабруйскі раён, 2011 год.
Ганна Сцяпанаўна, Мікалай Аўрамчык і Абрам Рабкін у Ступянях. Бабруйскі раён, 2011 год.

9. Пасьля вайны хадзіў у паліто Машэрава

Аўрамчык у той час амаль ня меў гардэробу і пайшоў разам з жонкай на Чэрвеньскі рынак, дзе ў адной жанчыны ўбачыў добрае паліто.

«Жанчына прасіла за яго тысячу рублёў... Яно аказалася ледзьве не да пят. Уладальніца рэчы запэўнівала, што ў любой майстэрні паліто ўкароцяць... Нібы апраўдваючыся, яна прызналася, што муж пашыў яго для паездкі за мяжу, але не апрануў ні разу. Я запытаў імя мужа. „Машэраў“. Каб падахвоціць... жанчына ўступіла сотню рублёў... Доўга франціў я ў ім пасьля вайны, потым пераніцаваў, а яно ўсё ня мела зносу» (Зь ягонай лёгкае рукі / Аўрамчык, 2015).

Мікола Аўрамчык на лецішчы каля Лысай гары
Мікола Аўрамчык на лецішчы каля Лысай гары

10. Аўрамчыку было сорамна за «Сказ пра Лысую гару»

«Караткевіч крычаў: „Мала нашага брата чэрняць!“ Гэтаксама супраць яе выказваўся і Міхась Стральцоў... Сказаць па праўдзе, мне цяпер так сорамна за гэтае суаўтарства (склаў супольна зь Нілам Гілевічам, яны схаваліся пад псэўданімам Вядзьмак Лысагорскі. — РС). Многа там крыўдлівага і несправядлівага. Нельга так зьдзекавацца зь людзей, зь іхніх прозьвішчаў. У гэтым выпадку я паддаўся Гілевічу, а калі пачынаеш займацца зубаскальствам, меры няма ніякай. Пасьля напісаньня я ня мог спакойна хадзіць па дачах. Здавалася, што ўсе ведаюць, хто аўтар. Я гатовы быў нават перапрасіць у пакрыўджаных. Аднак Гілевіч сказаў: „Ты што, сьмяесься?!“ І тады я зразумеў, што ён чакае, пакуль я дам дуба, і тады скажа, што аўтар ён» (Дзяржаўная ідэалёгія бяз мовы — глупства! / Tut.by, 25.04.2010​).