Сёння Дзяды. І народныя, і каталіцкія, і праваслаўныя

4279
«Вечерний Бобруйск»
Сёння Дзяды – дзень памінання памерлых продкаў і ў народнай і ў праваслаўнай і каталіцкай традыцыях. На пачатку 1990-х яны адзначаліся на дзяржаўным узроўні, 2 лістапада быў выходны дзень.
  • Святыя дзяды завём вас,
  • Хадзіце да нас!
  • Ёсць тут усё, што Бог даў,
  • Што я для вас ахвяраваў,
  • Чым толькі хата багата.
  • Святыя дзяды! Просім вас,
  • Хадзіце, ляціце да нас.

Дзяды́ (белар. Дзяды, укр. Діди, польск. Dziady, літ. Ilgės) – назва некалькіх народных святаў, што адзначаліся ў розныя часы году ў гонар памерлых продкаў. Лічылася, быццам на гэтыя святы душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. Дзяды святкаваліся ў Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Галоўнымі лічыліся восеньскія, Вялікія альбо Змітраўскія, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты. Звычайна – у першую суботу лістапада (традыцыя «бацькоўскіх субот»), таму супадала і з хрысціянскім днём памінання памерлых 2 лістапада.

Слова «Дзяды» мае некалькі сэнсаў:

  • Душы памерлых продкаў, незалежна ад узросту пры жыцці
  • Святочныя дні ўшанавання памерлых,
  • Рытуальная ежа, падрыхтаваная да гэтых святаў.

У найболей архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася толькі ў беларусаў. Традыцыі святкавання крыху розьняцца ў розных мясцінах. Асноўнае – лічылася, што ў гэты дзень душы могуць прыходзіць у госці да жывых, таму іх запрашалі, гатавалі пачастунак.

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, але пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі наведвалі царкву, потым ішлі на могілкі, прыбіралі там. Вяртаючыся дадому, рыхтавалі памінальны стол. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі продкаў па імёнах. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць.

Пасля вячэры гаспадар казаў:

  • Святыя дзяды
  • Зляталісь сюды,
  • Есці — пад'елі,
  • Піць — напіліся,
  • Чэсць і слава вам!
  • Цяпер скажыце нам,
  • Чаго вам трэба?
  • А лепей:
  • Ляціце ў неба!

Таксама ў раёне 2 лістапада ў Беларусі традыцыйна праходзяць шэсці ў мясціны масавых забойстваў ахвяр сталінізму. 29 кастрычніка ў Беларусі – Дзень памяці ахвяраў бальшавісцкага тэрору, – у ноч з 29 на 30-е ў 1937-м годзе карнікі НКВД растралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай эліты: вучоных, літаратараў, дзяржаўных службоўцаў. У Расіі падобны дзень адзначаецца 31 кастрычніка.