Мастацтва, якое мяне змяніла. Як песні і кнігі дапамагаюць Алесі Лацінскай разумець людзей

2820
Запісала Вікторыя ШАХРАЙ. Фота Дзяніса СУДНІКА з архіву «ВБ»
Алеся Лацінская – удзельніца ініцыятыўнай групы «Прыпынка Адамовіча», раней выкладала на курсах «Мова нанова», зараз займаецца журналістыкай. Яна расказала пра фільмы, музыку і кнігі, якія найбольш на яе паўплывалі.

Серыял «Твін Пікс». Па сюжэце дзіўнаваты агент ФБР прыбывае ў дзіўны гарадок Твін Пікс, каб расследаваць не менш дзіўнае забойства школьніцы Лоры Палмер.

– Заўсёды кажу, што восень – самы час глядзець гэты серыял! Калі я была школьніцай, упершыню ўбачыла яго па тэлевізары. Сказаць, што ён моцна ўразіў – слабое вызначэнне. «Твін Пікс» вельмі паўплываў на мае кінагусты ў далейшым жыцці, доўгі час я вышуквала і глядзела выключна артхаус. Я нават прачытала ўсе кнігі, якія пасля тэлетрансляцыі з'яўляліся, як грыбы пасля дажджу – «Дзённік Лоры Палмер», «Дзённік Дэйла Купера»...

А ў 2013 годзе рэжысёр Максім-Нэафіт Буйніцкі заклікаў мяне ўзяць удзел у сусветным флэшмобе «Bring Back Twin Peaks to TV» («Верніце Твін Пікс на тэлебачанне»). Па ўмовах трэба было зрабіць фота з абвесткай пра росшук агента Купера і размясціць у адмысловай суполцы ў Facebook. Тады практычна ніхто не верыў, што Лінч здыме працяг. Не ведаю, ці паўплываў на рэжысёра ціск прыхільнікаў з усяго свету, ці проста з'явілася натхненне, але ён гэта зрабіў!

Алеся Лацінская.
Алеся Лацінская.

Кніга «Час Second-Hand», Святлана Алексіевіч. У творы даследуецца феномен мыслення савецкага чалавека, феномен сацыялізму і выкладаецца аўтарская канцэпцыя найноўшага часу, які пісьменніца называе «часам сэканд-хэнд».

– У кнізе безліч вусцішных гісторый, магчыма таму нашу нобелеўскую лаўрэатку часта абвінавачваюць у «згушчэнні фарбаў». Але я мяркую, што маналогі яе герояў падабраныя надзвычай мудра і трапна. Многія з іх немагчыма забыць, і гэта таксама адметнасць Алексіевіч. Напрыклад, калі мне было год 13, у адным з часопісаў публікавалі ўрыўкі з «Чарнобыльскай малітвы», гэта была акурат гісторыя сям'і Ігнаценкаў (яе ж скарысталі ў серыяле «Чарнобыль» ад HBO). З таго часу прайшло шмат год, але мне часта прыгадваўся расповед жонкі памерлага ў пакутах ліквідатара. Ён адклаўся ў галаве, як сцэна з фільма жахаў, як нешта немагчымае і неспасцігальнае. Каштоўнасць кніг Святланы Алексіевіч менавіта ў гэтым – што яна фіксуе рэальнае, каб мы, чытачы, задумаліся. «Час Second-Hand» дапамог мне лепш зразумець людзей, якія выраслі ў СССР, у кнізе былі новыя факты, якія я не ведала. Прыкладам, мы ўсе чулі пра Нагорны Карабах, але ў Алексіевіч мы бачым падзеі праз асобу чалавека, яго маналог – гэта ўспрымаецца па-іншаму, і таму пакідае больш моцнае ўражанне.

Песня «Row Your Boat» группы Yelawolf

– Неяк даволі працяглы час у мяне быў упадніцкі настрой, нічога не атрымлівалася, не ведала куды ісці і што рабіць далей. Здавалася, што ніхто не разумее, а наадварот, усе ціснуць, нечага чакаюць. Шчыра, я не з тых людзей, чыё жыццё можна перавярнуць песняй ці кнігай, але ў выпадку з «Row Your Boat» атрымалася амаль так. «Вяслуй сваім чоўнам, нават калі на «іх» караблі ёсць вольнае месца!» – што можа быць прасцей? Гэта песня трапілася мне ў патрэбны момант і падтрымала мяне. Зразумела, па жыцці лацьвей маршыраваць з большасцю, але маё ўласнае самаадчуванне значна палепшылася дзякуючы гэтаму прынцыпу – вяслуй сваім.