Сёння Васілю Быкаву было б 95

1555
«Вечерний Бобруйск»
У тытана беларускай літаратуры Васіля Быкава 19 чэрвеня Дзень народзінаў. Сёлета яму б споўнілася 95.
Графіці ў Віцебску
Графіці ў Віцебску

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі ва Ўшацкім раёне ў сямьі сялян. Яны жылі за два кіламетры ад беларуска-беларускай мяжы, па савецкі бок мяжы (а па польскі бок застаўся брат маці Васіля, з якім да 1939-га не было ніякай сувязі).

У 30-я шэсць суседзкіх семьяў – палову вёскі – «раскулачылі» ды выслалі ў Сібір. Пазней Васіль Быкаў апіша гэта ў аповесці «Знак бяды». КГБ скардзілася ў ЦК КПСС і асабіста Гарбачову, што аўтар «ачарняе калектывізацыю» – але кнігу выдалі, і нават прысудзілі Ленінскую прэмію.

Васіль вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні, але ў 1940-м, як адмянілі стыпендыі а падручнікі зрабілі платнымі, вярнуўся да хаты, не давучыўшыся. А літаратурным аўтарытэтам для будучага класіка літаратуры з дзяцінства стаў Міхась Лынькоў.

Васіль Быкаў у 1944-м.
Васіль Быкаў у 1944-м.

У 1941-м Васіль ехаў на практыку ва Ўкраіну – і апынуўся ў войску. Спачатку працаваў на абарончых працах, потым служыў у пяхоце, быў камандырам ўзвода артылерыі. Ваяваў на 2-ім і 3-ім Украінскіх франтах, вызваляў Украіну, з дзейнай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Югаславію, Венгрыю, Аўстрыю.

Некалькі разоў быў паранены, і аднойчы памылкова залічаны забітым – бацькі нават атрымалі на сына «пахаронку», а ягонае імя засталося на абеліску над брацкай магілай.

Гэты выпадак, сярод іншых, апісаны ў аповесці «Мёртвым не баліць». Апроч чыста аўтабіяграічнай «Доўгай дарогі дадому», гэта самы аўтабіяграфічны твор Быкава, дзе не прыдумана з фактаў нічога. І за яго Быкаў зазнаў найбольшыя нападкі ўлады (асабліва з-за таго, што ў творы быў паказаны спецслужбовец, «смершавец»). Пасля публікацыі «Мёртвым не баліць» Быкава з падачы галоўнага ідэолага СССР Суслава і кіраўніка КГБ Сямічаснага шальмавалі ў прэсе, ў яго кватэры білі вокны, а аднойчы Быкава разам з сябрам, гісторыкам Барысам Клейнам, ў цэнтры Гродна збілі трое «невядомых». Быкаву празрыста намякалі, каб ён публічна пакаяўся. Але ён не здаўся.

«Праўда ў гісторыі – функцыя адназначная, з яе робяць урокі. З хлусні ніякіх урокаў не зробіш, апроч новай хлусні». Васіль Быкаў

Пасля вайны і службы ў войску на Далёкім Усходзе Васіль Быкаў працаваў у «Гродзенскай праўдзе» мастаком, пасля літаратурным сыпрацоўнікам. Яшчэ ў войску пачаў пісаць, а ў Гродна стаў публікавацца. Быў сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

З 1978 году жыў у Мінску. Ніколі не ўступаў у КПСС. Асабліва сябраваў з Нілам Гілевічам і Алесем Адамовічам. Размовы, запісаныя Адамовічам на магнітафон, потым сталі дапамогай Быкаву для напісання свайго апошняга твору, кнігі ўспамінаў «Доўгая дарога дадому».

Многія ягоныя творы ўвайшлі ў школьную праграму, былі экранізаваныя, выдаваліся за мяжой. Сярод самых знакамітых – «Жураўліны крык» (1959), «Альпійская балада» (1963), «Мёртвым не баліць» (1965), «Сотнікаў» (1969), «Дажыць да світання» (1972), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982), «Сцяна» (1997).

«Нацыяналізм вялікай нацыі непазбежна перараджаецца ў шавінізм і імпэрыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжыванне сваёй нацыі сярод іншых». Васіль Быкаў

У 1988-м Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне». У 1990–1993 гг. – прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», у 1999–2003 гг. – старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Васіль Быкаў на мітынгу 24 сакавіка 1996. Фота Георгія Ліхтаровіча.
Васіль Быкаў на мітынгу 24 сакавіка 1996. Фота Георгія Ліхтаровіча.

Напісаныя напрыканцы 90-х «Сцяна» і «Пахаджане» ўжо зусім не пра вайну з калектывізацыей, а прытчавае асэнсаванне сучаснасці. У 1997-м з-за пастаянных канфліктаў з уладай Быкаў з'ехаў у Фінляндыю, жыў у Чэхіі, Германіі. У 2003-м, цяжка хворым вярнуўся ў Беларусь.

Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003-га. Ягонае пахаванне ператварылася ў велічнае шэсце дзясяткаў тысяч чалавек праз усю сталіцу.

Валун на магіле Васіля Быкава на Ўсходніх могілках – падарунак ад Фінляндыі.
Валун на магіле Васіля Быкава на Ўсходніх могілках – падарунак ад Фінляндыі.

У Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка Васілю Быкаву і ніводнай значнай вуліцы яго імя – толькі ў квартале прыватнай забудовы ў Смалявічах і на далёкім ускрайку Гродна.