Першая ахвяра сярод цыган Магілёва

3902
«Вечерний Бобруйск»
Сёння ў Магілёве пахаваюць 67-гадовую цыганку Лідзію Юрчанка. Яна памерла праз тры дні пасля ўварвання ў ейную хату ўзброеных амапаўцаў. Адарваўся тромб. Родзічы настойваюць, што нябожчыца не перажыла стрэсу.

Родзічы Лідзіі Юрчанкі расказалі карэспандэнту «Радыё Свабода», што калі ўвечары 16 траўня ў хату ўварваліся амапаўцы, у хаце была толькі яна і чацьвера непаўналетніх унукаў. Гаспадыню і дзяцей паклалі на падлогу тварам уніз.

«Бабця прасіла, каб не палохалі дзяцей, – расказвае чатырнаццацігадовая ўнучка нябожчыцы. – На гэта адзін з амапаўцаў адказаў: „Сука закрой рот или я тебя порву на куски“. Калі мой брат папрасіў бабцю супакоіцца, каб з ёю не зрабілі нечага кепскага, ужо на яго амапавец накіраваў зброю і загадаў: „Закрой рот“».

Дзяўчына дадала, што ейная сястра пачала задыхацца, але амапаўцы не давалі выклікаць хуткую.

Наступныя два дні кабета скардзілася родзічам на болі ў сэрцы. Казала, што за сваё жыццё з падобным абыходжаннем не сутыкалася. Згадвала аповеды сваёй маці пра аблавы паліцаяў і іх параўноўвала з перажытым. Наказвала родным, каб «беглі з Беларусі, бо тут жыцця не будзе».

Бабця прасіла, каб не палохалі дзяцей – амапавец адказаў: „Сука закрой рот или я тебя порву на куски“

Паводле родзічаў, спадарыня Лідзія хварэла на анкалогію ўжо 8 год, але ўскладненняў не фіксавалася. Але стрэс у такім стане катэгарычна супрацьпаказаны.

«Лекары засцерагалі яе ад хваляванняў, – кажа ўнучка. – Папярэджвалі, што аслаблены арганізм можа не вытрымаць. А пасля ўварвання амапаўцаў у яе падскочыў ціск. Яго збілі таблеткамі».

Інфаркты, інсульты могуць быць справакаваныя стрэсамі. Імавернасць катастрафічнага зыходу дужа высокая.

Паводле цыганскіх традыцыяў рабіць ускрыццё – грэх. Але медыкі з хуткай дапамогі запэўнілі родзічаў, што прычынай смерці стала адарванне тромба, а ён адарваўся праз стрэс. У пасведчанні аб смерці яе прычына пазначаная кодам 125.1А – «атэрасклератычная хвароба сэрца».

Магілёўскі мэдык, які пагадзіўся на ўмовах ананімнасці пракамэнтаваць гісторыю са смерцю жыхаркі пасёлку Грабянёва, патлумачыў карэспандэнту РС:

«Наагул хваробы сасудаў стрэсазалежныя. Інфаркты, інсульты стрэсамі могуць быць справакаваныя, і імавернасць катастрафічнага зыходу для хворага дужа высокая».

Экспэрт папярэджвае, што варта было б зрабіць экспэртызу, каб дакладна высветліць прычыну з'яўлення тромбу. Але паўтарае: «вострыя хваробы сасудаў могуць быць справакаваныя стрэсамі».

22 траўня Лідзію Юрчанка пахаваюць на мясцовых могілках. Развітацца выйдзе ўвесь пасёлак.

Старшыня грамадзкага аб’яднання «Беларуская дыяспара цыганоў» Алег Казлоўскі запэўнівае, што жорсткія затрыманні былі не толькі ў Магілёве, але і ў іншых месцах краіны, напрыклад у Гомелі. Многія затрыманыя і сведкі расказваюць, што і пры затрыманнях і ў міліцыі цыганоў жорстка білі, некаторых нават забіралі з ізалятару ў бальніцу. Толькі ў Магілёве больш за 60 мужчын правялі за кратамі тры дні. З іх выбівалі паказанні па справе супрацоўніка ДАІ, а ў пратаколах нібыта ўсім пісалі «дробнае хуліганства».

22 траўня развітацца з Лідзіяй Юрчанка выйдзе ўвесь пасёлак.

Усе гэтыя дні ўлады ані словам не ўзгадвалі пра жорсткія масавыя затрыманні цыганоў. Нават на брыфінгу 20 траўня, калі афіцыйна заявілі, што ніякіх цыганоў у справе загінулага супрацоўніка не было. Толькі 21 траўня на прамое пытанне карэспандэнту БелаПАН, ці збіраецца міліцыя хаця б выбачыцца перад пацярпелымі, намеснік міністра МУС Падгурскі сказаў: «Ня ведаю, ці будзем».