З Днём народзінаў, байнэт! Інтэрнэту ў Беларусі сёння 25 год

1545
«Вечерний Бобруйск»
5.05.1994 Беларусь атрымала сваю даменную зону .BY. Коратка пра тое, як з інтэрнэтам было тады, і што за гады змянілася.

25 год таму Беларусь атрымала ўласны нацыянальны дамен .BY – амаль на год пазней за Латвію і Азербайджан, на паўтары пазней за Украіну і Грузію, усяго праз месяц пасля Расіі, на паўгады раней за Арменію і Казахстан.

BY – ад старарэжымнага англа-рускага напісання назвы краіны Byelorussia. Гэткім чынам цяпер Беларусь адна з унікальных краін, дамены якіх маюць літары, якіх няма ў назве краіны. Кампанію нам, напрыклад, складаюць цэнтральнаафрыканскі Бенін – дамен .bj, і карыбская Аруба – .aw. А першыя нацыянальныя дамены атрымалі 24 ліпеня 1985 году Злучаныя штаты Амерыкі ды Вялікая Брытанія – .us і .uk.

Цяпер існуе і кірылічны нацыянальны дамен .бел – другі па «населеннасці» пасля расійскага .рф.

Як прыгадвае «КП-Беларусь», хуткасць злучэння напачатку была 19,2 кбіт/сек – звычайны MP3-файл з такой хуткасцю пампаваўся б 2 гадзіны!

Тэхнічным адміністратарам беларускіх сайтаў тады была кампанія «Адкрыты кантакт» (цяпер гэта hoster.by). Прыкладна праз год з'явіўся камутацыйны вузел «Белпак» – папярэднік сёняшняга «Белтэлекаму». Усе першыя электронныя паштовыя скрыні беларускіх арганізацый мелі адзін адрас @belpak.minsk.by.

І адразу ў 1994 годзе з'явілася газэта «Компьютерные вести». Яшчэ доўга навіны кампутарных ды сеткавых тэхналогій прыходзілася чытаць у папяровым выданні.

А першым беларускім СМІ ў інтэрнэце стаў сайт газэты «Вячэрні Мінск» – у ліпені 1996-га, расказвае TUT.by. Першы беларускамоўны сайт з'явіўся ў 1997 – гэта быў прыватны сайт «Кароль леў», прысвечаны аднайменнаму мультфільму. Для вядзення статыстыкі наведвання сайту ягоны стваральнік Фёдар Караленка ў 1999 г. стварыў сэрвіс «Акавiта», які існуе дагэтуль.

А з уласна выхадам у сусветнае сеціва яшчэ некалькі год былі праблемы, магчымасці былі моцна абмежаваныя, і каштавала гэту вельмі дорага. Інтэрнэт сапраўдны напачатку замянялі створаныя мясцовымі ўмельцамі электронныя дошкі аб'яваў BBS і культавая сетка FidoNet, дзе гутарылі першыя беларускія інтэрнэтчыкі. Яны рэгулярна збіраліся і ў «рэале» – па серадах «на філары», ля сталічнай філармоніі на плошчы Якуба Коласа.

Першыя беларускія інтэрнэтчыкі ля філармоніі, 1999 год. Фота з архіву Зміцера Фамічова
Першыя беларускія інтэрнэтчыкі ля філармоніі, 1999 год. Фота з архіву Зміцера Фамічова

Ужо тады працоўныя ды іншыя паролі доступу ў міжнародны інтэрнэт вольна хадзілі ў тусоўцы, і іх можна было набыць за пляшку піва, прыгадвае Зміцер Фамічоў.

У 1999-м зявіўся рэвалюцыйны dial-up – магчымасць датэлефанавацца ў інтэрнэт з хатняга кампутара. Нумар 8-600-100 надоўга стаў знакамітым. Хаця чакаць злучэння часам прыходзілася паўгадзіны, і ўвесь гэты час звычайны хатні тэлефон быз заняты. Максімальная хуткасць спачатку была 56 кбіт/сек, сапраўдная разы ў два менш.

А каштавалі першыя выхады ў Сеціва, прыгадвае TUT.by, 19 даляраў за 1 мегабайт і 12 даляраў за кожны наступны (у 1997 годзе). Ці за гадзіну злучэння плацілі больш за 5 даляраў – тады народ і пачаў сядзець у кампутарах па начох, бо дзейнічала зніжка з 50%.

Цяпер за 12 даляраў можна атрымаць месяц безлімітнага інтэрнэту на хуткасці, якая дазваляе глядзець жывыя трансляцыі, разам з тэлефонам і тэлебачаннем.