Сёння ў дэрбі «Эвертан» – «Ліверпуль» на поле выйдзе беларус

2047
Арцём ЛУК'ЯНОВІЧ
Мінчанін Яўген Мацюк, заўзятар ліверпульскага «Эвертана», будзе сёння на адным з самых знакамітых футбольных супрацьстаянняў свету і дасць інтэрвію клубнаму каналу «Эвертана» з поля стадыёну.
Беларусы Яўген і Святлана з лівэрпульскімі сябрамі на наберажнай Мэрсі. Фота Яўгена Мацюка
Беларусы Яўген і Святлана з лівэрпульскімі сябрамі на наберажнай Мэрсі. Фота Яўгена Мацюка

– Я ўжо прыблізна 13 гадоў заўзею за Эвертан, але гэта толькі мой першы прыезд на Гудзісан, – расказаў Яўген «Вячэрняму Бабруйску». Раней ён быў на матчах у Мінску з «БАТЭ», у Спліце з «Хайдукам», у Кіеве і Вольфсбургу. Гэта ягонае першае падарожжа ў Англію наагул.

У Ліверпуль Яўген прыехаў з жонкай Святланай на запрашэнне мясцовых сяброў, у іх жа і спыніўся. Гаспадары, даўнія заўзятары «Эвертана», дапамаглі беларускім турыстам раздабыць квіткі на матч, на які трапіць амаль немагчыма. На кожную гульню між ліверпульскімі камандамі чэргі толькі мясцовых заўзятараў шматкротна перавышаюць колькасць месцаў на абодвух стадыёнах.

Беларускі фанат англійскага клубу ўжо даў інтэрвію BBC Radio Merseyside, а сёння перад матчам выйдзе на поле «Гудысан Парку» і дасць інтэрвію клубнаму тэлеканалу «Эвертана».

Гэта будзе 233-е дэрбі між «сіняй» і «чырвонай» часткамі Лівэрпуля (дэрбі – матч паміж камандамі аднаго гораду ці раёну). Яно самае знакамітае ў Англіі і адно з найзнакаміцейшых ва ўсім футбольным свеце. На дадзены момант «Эвертан» знаходзіцца ў сярэдзіне турнірнай табліцы, а «Ліверпуль» яе ўзначальвае. Але, незалежна ад бягучай формы каманд, матчы між імі заўсёды праходзяць у гарачай барацьбе.

Яўген і Святлана Мацюкі ля стадыёну «Гудысан Парк». Фота Яўгена Мацюка
Яўген і Святлана Мацюкі ля стадыёну «Гудысан Парк». Фота Яўгена Мацюка