Пяць гадоў таму, 13 студзеня 2014-га, у Мінску стартавалі курсы беларускай мовы «Мова нанова». І ўжо 21 лютага яны выйшлі за межы сталіцы – і першым эстафету прыняў Бабруйск. 23 лютага гэтую падзею ў Бабруйску як след адсвяткавалі.
Усе 5 гадоў на чале бабруйскіх моўных курсаў стаіць Алеся Лацінская:
– Напачатку 2014-га на адной з журналісцкіх тусовак мы сустрэліся з Глебам Лабадзенка, арганізатарам «Мова нанова», і ён прапаваў мне адкрыць курсы ў Бабруйску. Я была тады цяжарная, на 4-м месяцы, і баялася брацца за новы праект. Але ён мяне ўгаварыў. І 21 лютага разам з настаўніцай Вольгай Рудой мы правялі першы занятак. На адкрыццё прыехалі менскія арганізатары Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.
Першыя некалькі месяцаў мы займаліся ў прыватным доме, а восенню перабраліся ў тайм-клуб «13:87», які толькі быў адкрыўся. І з тых часоў вандруем разам з імі, і нам тут вельмі падабаецца!
Народ збіралі і збіраем праз сацыяльныя сеткі ды сарафаннае радыё. У параўнанні з пачаткам, цяпер мы стараемся запрашаць больш гасцей. Каб нашы студэнты бачылі, што па-беларуску размаўляюць не толькі музыкі і пісьменнікі, але і заолагі, зваршчыкі, лекары, шахцёры, астраномы...
Наша мэта – паказаць студэнтам, што беларуская мова – жывая! І што каб пачаць на ёй размаўляць, трэба пачаць. Няхай з памылкамі ці на трасянцы. Гэтыя курсы – не школа. Пэўныя веды мы даем, але асноўная задача – зацікавіць і разгаварыць. Тут не выклікаюць да дошкі – калі не хочаце актыўнічаць, не прымушаем. У любы час можна прыйсці, далучыцца, сысці. Прагулы не адзначаюцца, – пасьміхаецца Алеся. – А новым людзям мы заўсёды рады!
«Мова нанова», як і ейная папярэдніца «Мова ці кава», задумвалася сапраўды не як школа, а як і месца адпачынку. Таму на занятках пастаянна выступаюць цікавыя госці, ладзяцца гульні і канцэрты. На юбілейнай сустрэчы было ўсё. І камандны квіз, і выступ бабруйскіх музыкаў – гурта «Мондэгрын» ды Івана Панамарова з гурта «Skynet», і Спеўны сход, спачатку самастойна, бабруйскімі сіламі, а потым разам са сталічнай (і агульнабеларускай) зоркай Змітром Вайцюшкевічам. І ў рэпертуары бабруйскіх музыкаў аказаліся песні па-беларуску, і класіку старую і новую з Вайцюшкевічам спявала ўся зала. Калі раптам хто не ведаў словаў – раздалі і тэксты.
– Можа быць, не ўсе нашы студэнты загавораць на беларускай як на асноўнай, – дадае Алеся Лацінкая. – Але мы вельмі спадзяемся, што ніхто з іх ніколі не скажа, што беларуская мова непрыгожая, і не запатрабуе «разговарівай со мной на нормальном языке».