Лявон Вольскі выпусціць новы альбом. Грошы збірае краўдфандынгам

1927
«Вечерний Бобруйск».
Легенда беларускага року Лявон Вольскі выдае трэці сольны альбом з дапамогай краўдфандынгу – грошы можа ахвяраваць любы.

Новы альбом «Гравітацыя» запісаны, цяпер патрэбная кампэнсацыя выдаткаў на запіс і далейшую апрацоўку. «Гравітацыя» стане заключнай часткай трылогіі, распачатай дыскамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). Як раней расказваў Лявон, ідэя выдаць новыя альбомы талакой, з дапамогай слухачоў, належыць ягонай жонцы Ганне. Яна паспела пачуць частку першага сольнага альбому «Грамадазнаўства» і памерла ад цяжкай хваробы.

Збор пачаўся 16 лістапада, за гэты час было сабрана 60% ад неабходнай сумы, як паведамляецца на афіцыйнай старонцы Лявона Вольскага ў Facebook. Калі лічба дойдзе да 70%, Лявон Вольскі абяцае апублікаваць другі сінгл з альбому. Першы – «Зніклыя людзі» – быў прэзентаваны ў канцы лістапада.

Тым, хто возьме ўдзел у фінансаванні новага альбому, Вольскі прапануе разнастайныя бонусы – ад пэрсанальнай падзякі ў сеціве і паштоўкі з аўтографам да намаляванага музыкам партрэта і жывога канцэрта па замове фундатара.

Падтрымаць праект і дазнацца іншыя падрабязнасці можна на сайце новага альбому Вольскага.

Нагадаем, што гэтым летам, 29 чэрвеня, на Дзень горада, Лявон Вольскі прыязджаў на акустычны выступ у Бабруйск – упершыню за 18 гадоў. Мы тады рабілі інтэрв'ю з легендарным музыкам і рэпартаж з вечарыны – абавязкова паглядзіце і пачытайце, калі яшчэ не бачылі (спасылкі пад тэкстам).

А сёння ўвечары на нашым сайце мы прэзентуем эксклюзіўны відазапіс таго душэўнага летняга міні-канцэрта. Сачыце за абнаўленнямі.

Лявон Вольскі з фотаздымкам жонкі Ганны. Фота з альбому «Псіхасаматыка»
Лявон Вольскі з фотаздымкам жонкі Ганны. Фота з альбому «Псіхасаматыка»