Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА сёння падчас 13-й сесіі ў Порт-Луі (Маўрыкій) адзінагалосна прыняў рашэнне ўключыць беларускі элемент нематэрыяльнай культуры «Урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у Рэпрэзэнтатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, паведамляе МЗС Беларусі.
Свята ў Будславе (Мядзельшчына) у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай вядомае з XVII стагоддзя. Абраз быў падараваны Папам Рымскім Клімэнтам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу ў 1598г, у 1613г. быў падараваны будслаўскаму кляштару бэрнардынцаў. Маці Божая Будслаўская лічыцца апякункай Беларусі, Папа Рымскі Ян Павел II афіцыйна прызнаў яе патронкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Свята ў Будславе праходзіць штогод на пачатку ліпеня (раней 1-2 ліпеня, цяпер у першыя выхадныя). Двухдзённы фэст збірае тысячы пілігрымаў з усіх куткоў Беларусі ды іншых краін, найчасцей з Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы і Расіі. Большасць пілігрымаў традыцыйна ідзе са сваіх мясцін да Будслава вялікімі калонамі пешшу.
Прадстаўленнем кандыдатаў ад Беларусі на разгляд у ЮНЭСКА займаецца Нацыянальнай камісія па справах ЮНЭСКА, Міністэрства культуры і Міністэрства замежных справаў. Першая заява пра Будслаўскі фэст падавалася ў 2016 годзе, але тады была адкладзеная – камітэт ЮНЭСКА запрасіў больш падрабязнасцяў пра ўдзел мясцовых жыхароў і пілігрымаў у захаванні культурнай каштоўнасці, пра меры па ахове традыцыі. Удакладненая інфармацыя цалкам задаволіла камітэт, і рашэнне было прынятае аднагалосна.
У 2009 годзе у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва быў унесены абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Копыльскага раёну. Таксама Беларусь накіравала на разгляд ЮНЭСКА вясновы абрад «Юраўскі карагод», што ладзіцца ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну. Рашэнне па ім будзе прымацца напрыканцы 2019 года.