Канец легенды. Гурт «Крама» разваліўся за день да канцэрта

1746
Арцём ЛУК'ЯНОВІЧ.
Зорка беларускага року, легендарны гурт «Крама» пасьля 27 гадоў сцэнічнага жыцця сёння фактычна разваліўся. Са скандалам. За адзін дзень да запланаванага канцэрта лідары гурта Ігар Варашкевіч і Сяргей Трухановіч пасварыліся праз інтэрв'ю.
«Крама» – пераможца першай «Рок-каранацыі» 1994

«Крама» з'явілася ў 1991 годзе на базе гурта «Рокіс», дзе граў Сяргей Трухановіч, калі туды прыйшоў Ігар Варашкевіч, вакаліст аднаго з першых беларускіх рок-гуртоў «Бонда». У 1992-м гурт перамог на фэсце «Басовішча», што ладзіцца на беларускіх землях Польшчы, у 94-м – на расійскім фэсце «Поколение», у студзені быў прызнаны гуртом 1994 года на першай «Рок-каранацыі». З таго часу «Крама» запісала 8 поўных сольных альбомаў, атрымала некалькі прызоў на розных фэстах і стала легендай беларускага року. Песні «Бяжы, хлопец», «Слуцкая брама», «Стэфка», «Падае дождж», «Будзь разам з намі» ды многія іншыя сталі і застаюцца сапраўднымі хітамі.

З першага складу ў гурце даўно засталіся толькі Ігар Варашкевіч і Сяргей Трухановіч, і для аматараў музыкі яны і былі душой «Крамы» ўсе гэтыя гады. Але цягам часу між імі ўзніклі рознагалоссі, найперш на творчай глебе: яны бачылі сябе ў розных музычных напрамках. Месяц таму Ігар Варашкевіч у інтэрв'ю ў СМІ прызнаў наяўнасць разладу.

17 лістапада ў гурта быў запланаваны канцэрт з прэзэнтацыей сінгла «Да неба». За тры дні да выступу Сяргей Трухановіч у інтэрвію заявіў, што пасля канцэрта завяршыць свой удзел у гурце. Сёння выйшла інтэрвію Варашкевіча з ягоным бачаннем будучыні і прычын разладу. Праз некалькі гадзін Трухановіч праз афіцыйныя сацсеткі гурта заявіў, што абураны словамі Варашкевіча і «канцэрт 17 лістапада хай праходзіць без мяне!». І канцэрт адбудзецца без яго...