Прэзентацыя кнігі «Забыты корпус» пройдзе ў Бабруйскай крэпасці

2500
Ірына ХАМРЭНКА-УШАКОВА. Фота героя артыкула.
Гісторык Ігар Мельнікаў прэзентуе сваю кнігу «Забыты корпус. Гісторыя польскага войскана тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гг.» 1 ліпеня на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.

Ігар Мельнікаў. Ігар Мельнікаў.

Новая кніга – гэта альбом унікальных фотаздымкаў з падрабязнай тэкставай гістарычнай даведкай. «ВБ» падрабязна расказваў пра гэты праект Ігара Мельнікава вясной. Галоўная мэта гэтага выдання – распавесці чытачам гісторыю стварэння і дзейнасці Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі, апісаць тыя факты, пра якія раней не ўзгадвалі айчынныя даследчыкі і навукоўцы. Перыяд, калі гэтае вайсковае фарміраванне знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны, адзін з ключавых у беларускай гісторыі. Мала вывучанымі застаюцца і падзеі польска-бальшавіцкай вайны на Бабруйшчыне.

Ігар Мельнікаў паспрабаваў абагульніць вядомыя факты, а таксама знайшоў і апрацаваў шмат новых дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў, якія дапамагаюць зразумець тыя падзеі менавіта з беларускага пункту гледжання. Асобная ўвага ў выданні нададзеная гісторыі Бабрускай крэпасці – аднаго з архітэктурных цудаў Беларусі, які непасрэдна звязаны з апісанымі падзеямі.

Гісторык запускаў збор грошай на выданне кнігі, аднак сабраць удалося толькі частку – каля 4 000 рублёў з неабходных 10 000. Аўтару давялося ўкладаць і свае грошы ў публікацыю, бо кніга мусіла выйсці якасным каляровым альбомам на добрай паперы, а надрукаваць такую каштуе дорага. У выніку твор выйшаў абмежаваным накладам у 90 асобнікаў, таму выданне адразу стала рарытэтам. Але нават калі бабруйчанам не пашанцуе набыць яго ў сваю калекцыю, на прэзентацыі кнігі аўтар паабяцаў падрабязна пра яе распавесці: 

– Я раскажу пра тое, як адбывалася праца над кнігай, як збіраўся ўнікальны фактаграфічны матэрыял і здымкі. Дарэчы, у кнізе іх сотні і большасць ніколі раней у Беларусі не публікаваліся, – дапоўніў Ігар Мельнікаў. – А ілюстрацяй для прэзентацыі будзе аўтэнтычная крэпасць. Пагаворым пра падзеі, якія адбываліся непасрэдна побач з гэтымі мурамі, будынкамі, валамі, пра знакамітых людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі Беларусі і Польшчы і якія хадзілі тымі сцежкамі, па якіх ходзяць сённяшнія бабруйчане.

Навуковец і публіцыст прысвяціў новую кнігу 100-гадоваму юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, заснаванай у 1918 годзе, а таксама роднаму для яго Бабруйску.

Прэзентацыя адбудзецца 1 ліпеня ў 12.30 каля былой Мінскай брамы крэпасці (за першымі рэдзюітамі па вул. Карбышава).