Джо і Джэры – звычайныя чыкагскія музыкі, якія граюць у падпольным бутлегерскім клубе і спускаюць усе грошы на скачках. Аднойчы фартуна канчаткова адварочваецца ад іх, калі яны выпадкова становяцца сведкамі гангстарскай перастрэлкі. Цяпер яны вымушаныя ўцякаць з роднага горада. А каб іх дакладна не пазналі, музыкі вырашаюць пераапрануцца ў жанчын і наймаюцца ў жаночы гурт. Тут і пачынаюцца іх неверагодныя і вясёлыя прыгоды.
Гэты фільм называлі найлепшай камедыяй усіх часоў ЗША, з яго пачалася новая эра ў Галівудзе, ён аблашчаны крытыкамі, а гледачы расцягнулі яго на цытаты. Ён запаліў зоркі Джэка Лемана і Тоні Кёртыса і назаўжды замацаваў культавы статус Мэрылін Манро.
Фільм быў неверагодна папулярны і ў Савецкім Саюзе: за два выпускі ў кінапракат яго паглядзелі амаль 73 мільёны чалавек. І сёння ён застаецца неўміручай класікай, прыкладам выдатнага сцэнара і ўзорнай рэжысуры.
І нарэшце гэтая стужка перакладзена і якасна агучана па-беларуску.
Аўтар перакладу – Цімафей Каліноўскі, вершаваны пераклад песень – суполка «Варта» (Varta project), рэдактар тэксту – Леў Глушыцкі, вокладка, постар – Эдуард Сямашка.
Фільм агучаны студыяй Gavarun_by. Чытаюць і спяваюць Адам Трыпутнік і Таша Мурзэнштольц.
Паказ адбудзецца сёння ў 18.00 у тайм-клубе «13:87» (вул. Чангарская, 54).
Уваход вольны!
А пакуль вы можаце паглядзець фрагмент з перакладзенага фільма з усім вядомай песняй Мэрылін Манро.