Як жывуць бабруйчане ў старых дворыках і новых дамах? Наш рэпартаж у Дзень суседзяў (+ ВІДЭА)

4826
Арцём ЛУК'ЯНОВІЧ. Фота і відэа аўтара.
25 траўня – Міжнародны дзень суседзяў. Ідэя свята – нагадаць людзям пра тых, хто жыве побач, пазнаёміць, перамагчы сучасную адасобленасць, не пакінуць чалавека ў адзіноце. Не сакрэт, што цяпер людзі ў гарадах мала ведаюць суседзяў нават па сваім пад'ездзе. Але не раз мы бачылі ў фільмах і чулі ад старэйшых: раней людзі сябравалі дамамі, суседзяў ведалі па імёнах, святы адзначалі ўсім дваром. «Вячорка» прайшлася па старых бабруйскіх дворыках, каб даведацца, што засталося ад гэтых традыцый. А таксама завіталі і ў новыя двары – што расказалі нам іх жыхары, глядзіце ў відэа ў канцы матэрыяла.

Двор на вул. Тухачэўскага. Двор на вул. Тухачэўскага.

– Тут як на вёсцы – усе ўсіх ведаюць! – пераконвае Юрый са стогадовых дамоў па Тухачэўскага.

Невялікія, але масіўныя былыя казармы з чырвонай цэглы палову свайго веку стаяць у парах з шэрымі хрушчоўкамі. Дворыкі між імі ціхія, з акуратнымі клумбамі ля пад'ездаў, і цяпер літаральна патанаюць у водару чаромхі. Юрый ужо пенсіянер, у гэтым доме жыве больш за 30 гадоў, засяліўся пасля вяселля. У пад'ездзе 11 кватэр – ведае ўсіх.

– У пад’ездзе 11 кватэр – ведаю ўсіх. Ну, хто нядаўна сюды пераехаў, тых менш, а хто дольш жыве – з тымі добрыя стасункі. І з суседнімі дамамі тое самае. А жонка дык наогул увесь раён ведае – хто дзе жыве і як каго клічуць.

Юрый з вул. Тухачэўскага. Юрый з вул. Тухачэўскага.

Падчас размовы з дому выйшла маладая жанчына з маленькай дзяўчынкай.

Сёння, 25 траўня, па адрасе: пр-т Георгіеўскі, д. 23, пройдзе свята мікрараёна, прысвечанае Міжнароднаму дню суседзяў. Падрабязней тут.

– Вось яе памятаю такой, як ейная дачка цяпер!

Новыя пакаленні ўжо не так з'яднаныя дваром – хто дзе ў горадзе, хто ў Інтэрнэце, хто на заробкі паехаў. Самому Юрыю ды старым сябрам цяпер і здароўя не хапае гасцяваць, і часу мала ва ўсіх, а праблем шмат.  Толькі знаёмствы засталіся ад ранейшага актыўнага жыцьця.

– Калі маладыя былі, па 20 гадоў, дык часта ў госці хадзілі. На Новы год усе да ўсіх суседзяў заходзілі.  Калі ў доме насупраць вяселле, як не запрасіць – вядома ж, запросяць! Весела жылі.  

Валер і Галіна з вул. Сацыялістычнай. Валер і Галіна з вул. Сацыялістычнай.

– Ужо 14 гадоў у гэтым двары жывём, застолляў не было, – кажа пара пенсіянераў, жыхары культавага дворыку па Сацыялцы, ля самага рынку. У доме 12 кватэр на 2 пад'езды. Валер з Галінай як пераехалі з вёскі, адразу з усімі перазнаёміліся. І карэспандэнта завялі пагутарыць у хату, пад каву з зефіркамі.

– Наш пад'езд дружны. То адна зойдзе, то другая, то мы да каго ў госці, то: «Галя, пакажы, як звязаць!». І з таго пад'езду ведаем усіх, «прывет – прывет».

Двор на вул. Сацыялістычнай. Двор на вул. Сацыялістычнай.

А пасядзелкі на двары ладзіць было б цяжка. Лавак ля пад'ездаў няма, у двор пастаянна імкнуцца то машыну паставіць, то з летніх кавярняў зайсці як у прыбіральню. Размову Валер пераводзіць на разруху і ў доме, і ў двары, і наогул. «Газ ніяк не правядуць, у доме сцены сырыя, на двары гаспадарчыя пабудовы развальваюцца, а яміны на зямлі, што замест дарогі, гэткія, што адно дзіцё нават нагу зламала. Адно вялікае гнілое дрэва спілавалі, а шчэ адно сухое побач пакінулі, і яго валацугі падпалілі. Абсталявалі ў двары месца для смеццевых кантэйнэраў – дык «фасадам» у вокны паставілі».

– Так бліжэй, але я лепш бы абыходзіла ўвесь дом, чым прама з акна на гэта глядзець, – скардзіцца Галіна. А Валер паказвае кучы акуркаў на дзіцячай пляцоўцы.

– Вось гэткія чужынцы ходзяць, распіваюць тут, шумяць. Яны гуляюць, а не суседзі.

Дворык між Савецкай, Пушкіна і Пралетарскай. Дворык між Савецкай, Пушкіна і Пралетарскай.

– Дык цяпер і не дазваляюць гуляць, – нагадвае пра забарону распіцця ў грамадзкіх месцах Антон з двароў на пятачку між Савецкай, Пралетарскай і Пушкіна. Мабыць, з самых эстэтычных бабруйскіх двароў – раўнюткіх, з каванымі лаўкамі, валунамі ды адметнай расліннасцю.

За свае 30 гадоў, кажа Антон, перабываў у гасцях у 30 кватэрах суседніх дамоў. Сябравалі і бацькі, і дзеці, часта збіраліся разам то ў адных, то ў другіх. А калі здымаў кватэру ў доўгім 9-ціпавярховіку, за тры гады амаль ні з кім не пазнаёміўся – толькі з аднымі суседзямі па пляцоўцы крыху кантактавалі.

Антон з сынам Лёшам. Антон з сынам Лёшам.

– А цяпер, у прынцыпе, калі тыя пасядзелкі ладзіць?.. – разводзіць рукамі Антон. – Маладыя часта ў раз’ездах на заробках, я, бывае, працую з паловы на шостую да паловы на адзінаццатую. Нават госці апошнім часам рэдкасць – вось як гуляем з дзецьмі, так і ўбачымся, пастаім, пагутарым. Але стараемся падтрымліваць кантакты, хаця б па тэлефоне, нават з бацькамі сваіх дзіцячых сяброў. Калісьці бацькі між сабой сазвоньваліся пастаянна, хаця б спытаць: «Твой дзе? У паход пайшоў? Ну то і мой там, пагаворым, калі вернуцца». А цяпер мы з імі ўвесь час у розных справах...

Дзяўчынка гушкаецца на арэлях у двары між Савецкай, Пушкіна і Пралетарскай. Дзяўчынка гушкаецца на арэлях у двары між Савецкай, Пушкіна і Пралетарскай.

Пенсіянерка Людміла – дачка першых пасяленцаў параднага «Дома Калектыву» на Пралетарскай, што насупраць гатэля «Бабруйск». Жыве тут ад пабудовы дому, з 1952 г. Узорны будынак паваеннага часу засялялі ў асноўным сем’ямі вайскоўцаў з розных куткоў былой вялікай краіны.

– Вось тут, дзе балкон з калонамі, жыў будучы маршал Кулікоў. Там – генерал і чэмпіён па цяжкай атлетыцы – памятаю, ён з жонкай дрэнна абыходзіўся. Зрэшты, у  гэтым доме, які часам называюць «генеральскім», было вельмі шмат камуналак. І хай не ўсе з усімі, але вельмі многія сем’і сябравалі.

Людміла, апошняя з калектыву. Людміла, апошняя з калектыву.

Раней былі і патэфоны на двары, і агульную ялінку на Новы год ставілі. Тады жанчына ведала ўвесь дом па імёнах.

– Цяпер ужо без гулянак, нават лаўкі толькі пасярод двара, а ля пад’ездаў няма. І знаёмых амаль не засталося, – расказвае Людміла. – З ранейшых жыхароў шчэ толькі адна бабулька, зусім старая. Ва ўсім доме кватэры скупілі маладыя, нават не дзеці тых, хто тут жыў. Гэта я – з дзяцей…

Густы водар бэзу ахутвае двор з мінулай эпохі, застаўлены новымі машынамі, і адзінкі ягоных старых жыхароў. Апошніх з калектыву.

Двор былога «Дома калектыву». Двор былога «Дома калектыву».

А як жывуць бабруйчане ў больш новых дамах і дварах? Ці ведаюць яны сваіх суседзяў? Глядзіце ў нашым відэа!