Бясплатная экскурсія на радзіме Алеся Адамовіча

3327
«Вячэрні Бабруйск»
Бабруйчане маюць магчымасць бясплатна з’ездзіць на экскурсію ў Глушу, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка і дзе бяруць пачатак сюжэты многіх яго твораў.


18 красавіка, у Міжнародны дзень помнікаў і мясцін, адбудзецца вандроўка ў вёску Глуша пад Бабруйскам, звязаную з іменем пісьменніка Алеся Адамовіча. Ён быў першым, хто ўзняў у беларускай літаратуры тэму сапраўдных маштабаў Чарнобыльскай катастрофы.

Алесь Адамовіч (3 верасня 1927 – 26 студзеня 1994) — беларускі пісьменнік, сцэнарыст, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР. Крытык, празаік і публіцыст. Вядомы як аўтар кніг «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», «Апошняя пастараль» і інш.

Экскурсію па мясцінах дзяцінства пісьменніка правядзе гісторык і журналіст Марына Маўчанава. Удзельнікі ўбачаць дом, у якім пісьменнік жыў, даведаюцца, якое месца займала Глуша ў сэрцы Адамовіча, і яшчэ шмат цікавага з жыцця літаратара. Апроч іншага, у Глушы захаваўся будынак аптэкі, у якой працавала маці Алеся Адамовіча. Ужо не адно дзесяцігоддзе вядуцца размовы пра стварэнне ў будынку музея. Таксама экскурсантаў чакае знаёмства з мясцовым падворкам рамеснiкаў, дзе некалi хацелi стварыць музей пад адкрытым небам. Завершыцца вандроўка наведваннем магілы Алеся Адамовіча.

Для ўдзелу ў экскурсіі неабходна загадзя запісацца, таму што арганізатары будуць замаўляць транспарт з Бабруйска ў Глушу, і колькасць месцаў можа быць абмежавана. Запісацца можна па тэлефоне 8-029-241-82-90.

Пры гэтым плаціць за праезд і само мерапрыемства не давядзецца.

Збор удзельнікаў экскурсіі адбудзецца ў 17.30 каля тайм-клуба «13:87» (вул. Чангарская, д. 54).