Вайна ўсіх супраць усіх: што рабілі польскія салдаты ў Бабруйску

4304
Ірына КУПЦЭВІЧ. Фота Дзяніса СУДНІКА і аўтара.
Ігар Мельнікаў апублікаваў ужо дзевяць кніг пра малавядомыя аспекты гісторыі нашай краіны і цяпер рыхтуе новае выданне: «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919-1920 г.». Падзеі, якія апісваюцца ў кнізе, непасрэдна звязаны з нашым горадам і рэгіёнам і асабліва з Бабруйскай крэпасцю: менавіта ў ёй размяшчаўся Першы польскі корпус, пра які ідзе гаворка ў новай працы гісторыка.

Ігар Мельнікаў – беларускі гісторык. Нарадзіўся ў Бабруйску. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і Варшаўскі ўніверсітэт, у Беларусі атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук. Рэдактар беларускай версіі сайта «Гістарычная праўда».

– Пра Першы польскі корпус у Бабруйску я пачуў у 2004 годзе, падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце, – узгадвае Ігар Мельнікаў. – Тады мяне здзівіла, што настолькі значная старонка ў гісторыі горада і краіны амаль не вывучана ў айчыннай гістарыяграфіі.

У сярэдзіне сакавіка Ігар Вячаслававіч прыехаў у Бабруйск, каб правесці экскурсію па крэпасці і больш расказаць пра новую кнігу.

Вокладка будучай кнігі.Вокладка будучай кнігі.

Адкуль узяліся польскія войскі ў Бабруйску?

Першы польскі корпус быў створаны ў 1917 годзе як падраздзяленне Рускай імператарскай арміі з салдат і афіцэраў польскага паходжання і быў размешчаны ў тым ліку ў Бабруйску. Ён меўся быць адпраўленым на фронт Першай сусветнай вайны. Аднак калі сітуацыя ў імперыі змянілася, камандуючы Корпуса, генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі, вырашыў захаваць баяздольныя польскія часткі ў тыле з мэтай выкарыстаць іх як ядро войска будучай польскай дзяржавы, якую палякі мелі намер, скарыстаўшыся развалам імперыі, аднавіць у межах 1772 года. Таму гэтыя войскі не ўмешваліся ва ўнутрырасійскі канфлікт, а проста засталіся ў месцах ранейшай дыслакацыі. Аднак гэта выклікала незадаволенасць бальшавікоў, што вылілася ў сутычкі і маштабныя баі. У пачатку 1918 года Корпус здабыў некалькі перамог, а 29 студзеня 1918 года заняў Бабруйскую крэпасць і абараняўся ў ёй ад асады сямітысячнага атраду бальшавікоў. Аднак ужо вясной пачалося расфарміраванне Корпуса, а ў ліпені 1918 крэпасць пакінуў апошні транспарт падраздзялення. Пасля гэтага ў 1919 годзе Бабруйшчына была занятая іншым польскім вайсковым фарміраваннем – Велікапольскай дывізіяй. Але гэта, як кажа Ігар Вячаслававіч, зусім асобны гістарычны сюжэт.

Ігар Мельнікаў паказвае на месца, дзе размяшчалася Мінская брама крэпасці (непадалёк ад рэдзюітаў па вуліцы Карбышава). Усяго крэпасць мела тры ўязныя брамы: Рагачоўскую, Мінскую і Слуцкую. Калі яны замыкаліся, то цытадэль, умацаваная таксама равамі і абарончымі вежамі, станавілася непрыступнай. Рагачоўская брама была пабудавана першай, яшчэ да вайны 1812 года, мела просты выгляд і захавалася дагэтуль. Ужо пасля вайны з французамі архітэктар Аляксандр Штауберт, які спраектаваў мноства будынкаў у Пецярбургу, пабудаваў у класіцыстычным стылі яшчэ дзве брамы – Мінскую і Слуцкую. Яны былі разбураны ў савецкі час.

Ігар Мельнікаў дэманструе гістарычныя артэфакты, якія былі знойдзены на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Не ўсім жыхарам горада вядома, што тэрыторыя крэпасці, месца, дзе знаходзіцца цяпер лядовы палац, былі фактычна вялікімі могілкамі, дзе побач ляжалі салдаты і афіцэры розных армій і эпох. Гэта і расійскія вайскоўцы імператарскай арміі, і польскія, і нямецкія салдаты, і бальшавікі. На фота гісторык дэманструе гузікі з формы афіцэраў розных войскаў, чырвоную зорку з часоў, калі гэты сімвал толькі ўзнік, і самую каштоўную знаходку – крыж генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага.

Новая царква адбудоўваецца на месцы сабора святога Аляксандра Неўскага, створанага таксама Штаубертам у 1827 годзе і ўзарванага ў 1934 годзе.

На здымку ў руках гісторыка – малады ўлан імператарскага войска Уладзіслаў Андэрс, які пасля стаў генерал-лейтэнантам польскай арміі, падчас Другой сусветнай вайны камандаваў Другім польскім корпусам (Арміяй Андэрса) і польскімі сіламі на Захадзе. Андэрс пачынаў сваю вайсковую кар’еру менавіта ў Бабруйскай крэпасці. Тут жа служылі начальнік авіацыі Латвіі Язэп Башко і прадстаўнік славутага беларускага шляхецкага роду Канстанцін Друцкі-Любецкі, які ў 1939 годзе стаў камандзірам Віленскай кавалерыйскай брыгады, трапіў у савецкі палон і ў 1940 годзе быў расстраляны пад Кіевам. А яшчэ палкоўнік Ян Скарына, камандуючы інжынернымі часткамі Першага польскага корпуса, які быў упэўнены, што з’яўляўся нашчадкам першадрукара Францыска Скарыны. Як кажа Ігар Мельнікаў, адметна, што гэтыя ключавыя людзі не толькі польскай, але і беларускай гісторыі служылі разам у Бабруйскай крэпасці.

У 1918 годзе гэты будынак, Дом каменданта, як бачна на фота, быў яшчэ двухпавярховым і меў драўляную парадную групу, якая не захавалася. Менавіта тут знаходзіўся штаб Корпуса і кабінет Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Сёння ідзе дыскусія наконт значэння польскага корпуса пад яго кіраўніцтвам для нашай гісторыі. Ёсць меркаванне, што Корпус быў ворагам БНР, якая была абвешчана якраз у той час – у сакавіку 1918 года. Вядома, што Корпус праводзіў і падаўленне сялянскіх паўстанняў у 1918 годзе, і рэквізіцыі. Разам з тым Доўбар-Мусніцкі не раз выпускаў адозвы да беларускага насельніцтва, у якіх пісаў, што беларусы і палякі сотнямі гадоў жылі разам, што Корпус не выступае супраць рады БНР і беларусаў, а змагаецца супраць бальшавікоў. Але ёсць, як сцвярджае Мельнікаў, непрыгожыя факты: так, корпус забраў частку грашовых сродкаў БНР і вывез іх у Польшчу. Вярнуць іх пасля, нягледзячы на ўсе скаргі і патрабаванні, Рада БНР так і не здолела.

Гэта арыгінальны здымак Юзафа Доўбар-Мусніцкага (падпісаны ім палкоўніку Яну Скарыне). На думку Ігара Мельнікава, Доўбар-Мусніцкі – постаць узроўню Пілсудскага, «бацькі» польскай дзяржавы. Гэты чалавек меў каласальны патэнцыял: генерал імператарскага войска, узнагароджаны шматлікімі і царскімі, і польскімі ўзнагародамі. Але ён, распавядае гісторык, не стаў спрачацца з Пілсудскім за ўладу ў адноўленай польскай дзяржаве, хаця мог, і ў сярэдзіне 1920-х ужо апынуўся на пенсіі. Адна з яго дачок, Яніна Левандоўская, была вайсковым пілотам авіяцыйнай часткі ў Луцку і трапіла ў палон Чырвонай арміі ў 1939 годзе, калі савецкія войскі занялі Заходнюю Украіну. У 1940 годзе яна была расстраляна ў Катыні – адзіная жанчына сярод знішчаных польскіх афіцэраў. Яна схавала, што з’яўляецца дачкой Доўбар-Мусніцкага, але гісторыкі лічаць, што НКУС ведала, кім яна была насамрэч.

Як распавядае Ігар Мельнікаў, баі паміж палякамі і бальшавікамі былі жорсткімі, з вялікай колькасцю ахвяр. Таму для пахавання салдат Доўбар-Мусніцкага ў маі 1918-га пабудавалі так званы курган Доўбарчыкаў. Наверсе кургана быў вялікі металёвы крыж з цярновым вянком. Размяшчаўся курган непадалёк ад Слуцкай брамы, побач з казармамі і гаспадарчымі пабудовамі (цяпер там будынак пратэстанцкай царквы). У кургане было пахавана ад некалькіх соцень да дзвюх тысяч салдат. Пазней, у 1919-1920 гадах, побач хавала сваіх загінулых і Велікапольская дывізія. Курган быў ліквідаваны прыблізна ў сярэдзіне трыццатых. Цяпер на яго месцы толькі вялікая пустка.

Насупраць пахавання польскіх салдат знаходзіцца брацкая магіла бальшавікоў-падпольшчыкаў. Як кажа Ігар Мельнікаў, у тыя гады ішла вайна ўсіх супраць усіх. Бальшавікі агітавалі мясцовае насельніцтва ўступаць у партызанскія атрады, каб змагацца «супраць паноў». А польскія ўлады ў сваю чаргу праводзілі спецаперацыі на тэрыторыі Бабруйшчыны па ліквідацыі такіх атрадаў. У гэтай магіле былі ганарова перапахаваныя бальшавікі, расстраляныя польскай адміністрацыяй за «антыпольскую дзейнасць» і ўдзел у спробе выратавання палонных чырвонаармейцаў, якіх трымалі ў казармах побач. Ігар Мельнікаў прыгадаў: у савецкіх кнігах 30-х гаворыцца, што гэтая брацкая магіла з’яўляецца своеасаблівым напамінам аб «класавым ворагу», таму і размешчана насупраць кургана Доўбарчыкаў – «сімвала панскага панавання і буржуазнай Польшчы». Але сумная іронія лёсу ў тым, што ворагі былі пахаваны побач і ляжаць цяпер разам у бабруйскай зямлі.

Патрэбная дапамога

Гэтыя і іншыя гістарычныя эпізоды падрабязна разгледжаны ў кнізе «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919-1920 гг.». Як расказвае аўтар, новае выданне – гэта больш за дзвесце старонак невядомых многім беларусам фактаў і каля трохсот здымкаў, большасць з якіх ніколі ў Беларусі не публікавалася. Гісторык апрацаваў шмат новых дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў, якія дапамагаюць зразумець тыя падзеі менавіта з беларускага пункту гледжання.

Каб рэалізаваць гэты праект, Ігар Мельнікаў шукае грамадскай падтрымкі ўсіх неабыякавых аматараў гісторыі. Грошы збіраюцца на краудфандынгавай платформе «Талака», і кожны ахвотны, маючы банкаўскую карту, можа зрабіць свой унёсак. Часу на збор засталося мала – да сярэдзіны красавіка. Ігар Вячаслававіч просіць усіх аматараў гісторыі не застацца абыякавымі і дапамагчы выдаць гэтую важную для горада і краіны кнігу. А ўсім, хто ўжо дапамог, Ігар Мельнікаў перадае праз «Вячэрні Бабруйск» вялікую і шчырую падзяку. 

Адна са старонак будучай кнігі. Выява прадастаўлена Ігарам Мельнікавым.Адна са старонак будучай кнігі. Выява прадастаўлена Ігарам Мельнікавым.

Адна са старонак будучай кнігі. Выява прадастаўлена Ігарам Мельнікавым.Адна са старонак будучай кнігі. Выява прадастаўлена Ігарам Мельнікавым.

Адна са старонак будучай кнігі. Выява прадастаўлена Ігарам Мельнікавым.Адна са старонак будучай кнігі. Выява прадастаўлена Ігарам Мельнікавым.