Улады Бабруйска дазволілі мітынг на Дзень волі – актывісты адмовіліся

2922
Ірына КУПЦЭВІЧ. Фота Аляксандра ЧУГУЕВА з архіву «ВБ».
Бабруйскія ўлады прапанавалі перанесці дзень і месца святочнага мітынгу, аднак актывісты не пагадзіліся на гэта і вырашылі, што паедуць на агульнанацыянальнаае свята ў Мінск.

Мітынг у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі ў Бабруйску вырашана не праводзіць, паведамляе «Радыё Свабода».

Ініцыятыўная група актывістаў прафсаюза РЭП яшчэ 12 сакавіка падала ў гарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць правядзенне святочнага мітынгу 24 сакавіка на плошчы Перамогі з 12 да 14 гадзін. Улады дазволілі само мерапрыемства, аднак прапанавалі правесці яго 25 сакавіка ў 14 гадзін на тэрыторыі стадыёна «Славянка».

Арганізатары лічаць гэтую пляцоўку непрыдатнай для збору, а час – нязручным, таму што ў гэты ж час будзе адбывацца вялікі мітынг і канцэрт каля Опернага тэатра ў Мінску. Таму актывісты вырашылі не праводзіць мітынг у Бабруйску, а далучыцца да агульнанацыянальнага святкавання ў сталіцы.