У гэтую суботу, 17 сакавіка, бабруйчане змогуць наведаць экскурсію па Бабруйскай крэпасці. Правядзе яе Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук.
Экскурсія стартуе ў 12.30 каля былой Мінскай брамы (недалёка ад прыпынка «Бабруйск-Арэна» на вул. Карбышава).
Мерапрыемства праводзіцца ў падтрымку новай кнігі Ігара Мельнікава «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919, 1920 гадах». Каб дапамагчы выдаць кнігу, трэба перавесці на рахунак аўтара любую зручную суму – збор сродкаў адбываецца на платформе «Талака». Ахвяраваць грошы можна будзе і непасрэдна на месцы перад экскурсіяй.
Ігар Мельнікаў абяцае распавесці бабруйчанам пра гісторыю будынкаў Бабруйскай крэпасці, паказаць тыя збудаванні, якія захаваліся, і месцы, дзе знаходзіліся ўжо разбураныя.
Акцэнт будзе зроблены на гісторыю польскага войска на тэрыторыі Бабруйска ў 1918–1920 гадах. Ігар Мельнікаў пакажа шмат фатаграфій і прадметаў даўніны, звязаных з Бабруйскай крэпасцю, і раскажа пра герояў, якія адыгралі вялікую ролю ў гісторыі Польшчы і Бабруйска. Дзе быў курган Доўбарчыкаў, у якіх будынках трымалі бальшавіцкіх ваеннапалонных у 1919 годзе, дзе знаходзіўся кабінет генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага – пра гэта і шмат чаго іншага даведаюцца ўдзельнікі экскурсіі.