Лявон Вольскі прывязе ў Бабруйск найлепшыя хіты і новых музыкантаў

2927
Святлана ГАЛОЎКІНА.
Беларускі рокер Лявон Вольскі, заснавальнік культавых гуртоў «Мроя», N.R.M і «Крамбамбуля», 18 мая выступіць у Бабруйску з новым асабістым праектам Volski.

Фота са старонкі Лявона Вольскага ў facebook.com. Фота са старонкі Лявона Вольскага ў facebook.com.

У склад гурта ўвайшлі музыканты, якія раней не былі задзейнічаны ў праектах Лявона Вольскага. Аднак рэпертуар Volski правераны гадамі і ўключае ў сябе хіты, створаныя за апошнія тры дзесяцігоддзі.

Канцэрт у Бабруйску пройдзе ў рамках беларускага тура, падчас якога музыканты плануюць наведаць не менш за 10 гарадоў. Іх пералік, па словах арганізатараў, пакуль удакладняецца, але ўжо вядома, што з гастролямі група пабывае таксама ў Гомелі, Барысаве, Віцебску, Магілёве, Брэсце.

Па словах Лявона Вольскага, такі маштабны тур па Беларусі - першы за 10 гадоў. Музыкант абяцае не расчараваць сваіх прыхільнікаў і запэўнівае, што праграма будзе даволі жорсткай, дынамічнай і цалкам «электрычнай».

Канцэрт гурта Volski адбудзецца 18 мая ў Палацы мастацтваў. Пачатак а 19-й гадзіне. Кошт квіткоў ад 10 да 25 рублёў.