ЯК ГЭТА РОБІЦЦА. Самы эфектыўны метад збору подпісаў – гэта пакватэрны абход, інакш кажучы, «ад дзвярэй да дзвярэй», кажа Ірына. Таксама можна збіраць подпісы ў пікетах, але людзі на вуліцах рэдка ходзяць з пашпартамі… Важна таксама выбраць правільны час, каб людзі былі дома – пасля заканчэння працоўнага дня, але не пазней за 8 вечара.
– Хадзіць па кватэрах лепш за ўсё ўдваіх-утраіх, – кажа Ірына. – Адзін можа расказваць пра кандыдата, другі – запісваць даныя выбарцаў, трэці, напрыклад, рабіць фотаздымкі для сацыяльных сетак. Аднаму можа быць і небяспечна, асабліва калі зборшчык – жанчына.
Самае важнае – пачаць правільна весці дыялог з чалавекам:
– Калі ён адчыніў дзверы, трэба адразу захапіць яго ўвагу, хутка і канкрэтна сказаць, хто вы і чаго хочаце. Першыя некалькі секунд з’яўляюцца вырашальнымі.
Калі чалавек пагадзіўся даць вам подпіс, то вельмі важна правільна запоўніць падпісны ліст. Унізе кожнага ліста ёсць зноскі з апісаннем нюансаў запаўнення (бланк ліста, як і ўсе іншыя дакументы, можна ўзяць з сайта Цэнтральнай выбарчай камісіі).
– Калі вы заваявалі давер чалавека і атрымалі подпіс, можна абмяняцца кантактамі. Гэта вельмі дапаможа ў далейшай працы з выбарцамі ў акрузе. Ну а самае галоўнае – прыходзіць да людзей з усмешкай, добрым настроем і не даваць ім пустых абяцанняў. У абяцанні людзі ўжо не вераць, – дзеліцца сваім вопытам Ірына.
ШТО ПАДСЦЕРАГАЕ ЗА ДЗВЯРЫМА. Зборшчыку подпісаў трэба быць падрыхтаваным да ўсяго – абыякавасці, неразумення, негатыву, агрэсіі. Ёсць страшныя гісторыі, калі нападалі, напрыклад, на паштальёнаў ці тых, хто правяраў паказанні лічыльнікаў. Пра напады на зборшчыкаў подпісаў Ірына не чула.
– Але бывае, – кажа яна, – трапляеш на нецвярозых людзей, якія могуць пачаць хапаць за рукі, зацягваць у кватэру. Трэба быць напагатове.
Аднак здараюцца і кур’ёзы. Напрыклад, аднойчы калегі Ірыны збіралі подпісы ў прыватным сектары. У адным доме іх сустрэла вельмі старая бабуля і яе таксама ўжо пажылы сын. Гаспадары ахвотна пагадзіліся падпісацца, але калі справа дайшла да пашпартоў, аказалася, што ў сям’і яны яшчэ савецкія, іх ніколі не мянялі. Аказваецца, такія дакументы ўсё яшчэ дзейныя. Зборшчыкі былі ў шоку: людзі жывуць па пашпартах краіны, якой ужо не існуе!
ЯК РЭАГУЮЦЬ ЛЮДЗІ…
– У цэлым станоўча. Калі людзі адчыняюць дзверы і чуюць пра збор подпісаў, я рэдка сустракаю негатыў, – рассказвае патэнцыйны кандыдат у дэпутаты. – Вядома, бывае скепсіс, але варта пагаварыць, пераканаць, выслухаць, і чалавек пагаджаецца цябе падтрымаць. У асноўным усе настроены адкрыта і зычліва. Я нават здзівілася: чакала адваротнага, бо многія не ведаюць свайго дэпутата. Але збор подпісаў ідзе паспяхова, падпісваюцца актыўна.
Да саміх выбараў людзі, па словах Ірыны, ставяцца абыякава.
– Яны падпісваюцца, але бачны іх скепсіс, яны ўпэўнены, што нічога змяніць немагчыма, і ад іх нічога ў іх горадзе не залежыць. Многія кажуць, што наогул не ходзяць галасаваць. Прасцей кажучы, «мая хата з краю».
…І НА ШТО СКАРДЗЯЦЦА. Аднак пры гэтым людзі жадаюць мець магчымасць выказацца і быць пачутымі. Рассказваюць пра многія свае праблемы, з якімі яны сутыкаюцца гадамі кожны дзень. Так, сям'я пенсіянераў з вуліцы Лынькова паскардзілася Ірыне на камяністы асфальт побач з домам, дзе нават унукі некалькі разоў разбівалі каленкі.
Жанчына з іншай кватэры на Лынькова – на слабае асвятленне пешаходных дарожак унутры зялёнай зоны паміж Лынькова і Мінскай, дзе «вельмі страшна хадзіць» ад тралейбуснага прыпынку вечарамі.
Закранаюць і больш складаныя пытанні, напрыклад, пра размеркаванне гарадскога бюджэту, лёс дзіцячай бальніцы.
– Але яны ўпэўнены, што чыноўнікі, дэпутаты не хочуць і не будуць займацца іх праблемамі і таму адчуваюць сябе пакінутымі, бездапаможнымі. Вельмі хочацца ім дапамагчы, – кажа прэтэндэнт у кандыдаты.
КАБ ПРАГАЛАСАВАЛІ
– Каб чалавек прагаласаваў за вас, пажадана двойчы выйсці на кантакт з ім, – дзеліцца Ірына. – Напрыклад, вы пераканалі яго пры зборы подпісаў, а праз месяц нагадалі пра сябе ў тэлефоннай размове. Чым больш людзей кандыдат зможа так ці інакш ахапіць падчас сваёй кампаніі, тым больш галасоў ён атрымае. Калі, канечне, ён гэтага варты.
Паводле закону. Якія памылкі можна дапусціць?
Самыя распаўсюджаныя памылкі патэнцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты – няправільнае запаўненне падпісных лістоў, падача ў камісію недакладнай дэкларацыі ці біяграфічных звестак. З-за гэтага кандыдату могуць адмовіць у рэгістрацыі.