Віншаванне бабруйскім каталікам з нагоды Божага Нараджэння

3078
Фото Александра ЧУГУЕВА из архива «ВБ».
24 снежня на змярканні ў кожным каталіцкім доме накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям’я, каб за вігілійнаю вячэраю ўсім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста.

«Слова сталася Целам і пасялілася між намі»...

Шаноўныя браты і сёстры!

Гэтымі словамі з пралогу Евангелля паводле святога Яна сардэчна віншую вас са збаўчай урачыстасцю нараджэння Хрыста, якую Божы Провід дазваляе нам святкаваць у чарговы раз.
Бог у чалавечым вобразе прыйшоў да нас, каб быць адным з нас. Ён з’явіўся перад намі з чалавечым абліччам і сэрцам, каб падзяліць нашыя цяжкасці, павялічыць радасць і, самае галоўнае, збавіць нас. З гэтага моманту злу, якім бы моцным яно ні ўляўлялася, ужо не належыць апошняе слова. Яно належыць Хрысту, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём; Хрысту, які ўсталёўвае дабро і цывілізацыю любові і жыцця.

Божае Нараджэнне 2017 года Пана мы адзначаем у год 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай ў Фаціме. Як больш за дзве тысячы гадоў таму Марыя дала свету Збаўцу, нарадзіўшы Яго ў бэтлеемскай стаенцы, так і ў фацімскай таямніцы людзі атрымалі новую надзею на духоўнае адрадджэнне. Ад усяго сэрца жадаю, каб словы прывітання Анёла Габрыэля, з якімі ён звярнуўся да Марыі ў момант Звеставання, знайшлі водгук у вашых сэрцах і натхнілі вас весці жыццё па прыкладзе Марыі, асабліва ў паслухмянасці волі Божай і ў служэнні бліжнім. Тады Хрыстус праз сваю ласку сапраўды будзе нараджацца ў вашых сэрцах, і яны стануць Бэтлеемам ХХІ стгоддзя.

Святочнай радасці, міру, спакою, дабрабыту і шчодрых ласкаў ад народжанага Боскага Дзіцяці і Яго благаслаўлення на ўвесь калядны час і ў новым 2018 годдзе ўсім вам, браты і сёстры!

З павагай, пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску
ксёндз-дэкан Андрэй Яркавец


Расклад святочных Імшаў на Божае Нараджэнне ў Бабруйску:

24 снежня, нядзеля, 21.00 – пастаноўка, падрыхтаваная дзецьмі, з нагоды Нараджэння Пана.
Прыблізна а 22.00 – Вігілія Нараджэння Пана.

25 снежня, панядзелак, 10.00 – Урачыстасць Нараджэння Пана.