Кавалі кавалі ў кузні… Гэтак нарадзілася вядомая вёска пад Бабруйскам

6645
Аляксандр КАЗАК. Фото аўтара.
Шыкоўны калі не хайвэй, дык аўтабан прывёў ад Бабруйска да Кавалёў хвілін за дваццаць. Быццам ведалі вясковыя забудоўшчыкі, што тут урэшце рэшт пройдзе траса, ля якой трэба ставіць дамы прыгожыя.

Яшчэ пасуцца кароўкі… Яшчэ пасуцца кароўкі…

Сёння пасёлак катэджаў вельмі пасуе аўтадарозе Мінск-Гомель. Ну, зразумела, і яна тут і дарэчы, і да твару, і даспадобы.

Не ля рачулкі, а на сапраўдным канале

Гэта сёння, калі ніхто не падкажа, дык і не заўважыш тую Беліцу, на якой было заснавана паселішча Кавалі. Ручай, што нясе свае воды ў Алу, а тая далей у Бярэзіну, раней быў  даволі знакамітай рэчкай. Бо менавіта яна стала асновай Беліцкага канала, які дапамагаў мясцовым сялянам сплаўляць лес. Так, бароў ды гаёў напрыканцы пазамінулага стагоддзя тут яшчэ хапала. У сяле пры канале і станцыі чыгункі налічвалася 39 двароў з больш чым 550 жыхарамі,  дзейнічала праваслаўная царква. Паступова выразалі лес, Беліца ператварылася ў рачулку…  

… і рэчка журчыць за ваколіцай. … і рэчка журчыць за ваколіцай.

ДАВЕДКА. Паселішча Кавалі вядомае ў пісьмовых крыніцах з 1560 года як сяло Бабруйскага стараства Рэчыцкага павета Мінскага намесніцтва Вялікага княства Літоўскага, дзяржаўная ўласнасць. У 1621 годзе – сяло, 7 двароў. У 1786-м – у складзе маёнтка Міхалёва, 18 гаспадарак, шляхецкая ўласнасць. З 1793 года – у саставе Расіі, з 1795-га – у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. Адпаведна з  перапісам 1897 года – сяло Туркоўскай воласці, 125 дамоў, 867 жыхароў, царква, крама, пастаялы двор. На пачатак XX века – 119 двароў, 898 жыхароў. У 1917 годзе – 173 двары, 977 насельнікаў. З 1924 года – цэнтр сельсавета. У 1931-м быў створаны першы калгас «Зара рэвалюцыі» (аб’яднаў 31 гаспадарку). У 1967 годзе да вёскі была далучана чыгуначная станцыя Цялуша, у 1992-м – пасёлкі Падліп’е і Зара. На пачатак 1997 года налічвалася 318 двароў, 930 жыхароў. З 2005 года – аграгарадок.

На месцы школы, даўшай краіне некалькі прафесараў. На месцы школы, даўшай краіне некалькі прафесараў.

Хто, дзе і калі дзякаваў за падаткі?

А вось у Кавалях, калі верыць акруговай газеце «Коммунист» за 21 ліпеня 1924 года, сяляне менавіта падзяку выносілі за ўведзены грашовы падатак: «На собрании граждан деревни Ковали по докладу о денежном налоге на 1924-25 год принята резолюция, в которой граждане деревни Ковали горячо благодарят Советскую власть за денежный налог на 1924-25 год».

Беліца ў бетонных берагах. Беліца ў бетонных берагах.

Не толькі багаты хлеб нараджала зямля  

Урадлівыя тутэйшыя палеткі заўсёды давалі не толькі важкія колас і бульбіну, добрыя надоі малака і прывагі жывёлы. Шчодрая кавалёўская зямля на сапраўдных асоб – змагароў і герояў. Прычым як у ратнай справе, так і ў мірнай працы. З першых рэвалюцыйных падзей і да вялікіх працоўных здзяйсненняў былі кавалёўцы розных пакаленняў у іх гушчыні. У 1920-я з польскімі захопнікамі мужна змагаліся цэлыя сем’і Ермаленкаў, Мельнічонкаў, Харанекаў, Дамакураў, Капусціных, Цэдзікаў, а таксама А.Ф.Ермалаенка, А.М.Мамаеў, Б.Ф.Мельнік, П.К.Сакун, М.Д.Шутавец, Я.Б.Шынкарэнка, Д.С.Юшкевіч і іншыя. У гады грамадзянскай вайны і калектывізацыі засталіся ў памяці землякоў імёны Кірылы Рыгоравіча Аўсеенкі, Максіма Піліпавіча Шкрадзюка, які нават Леніна бачыў ужывую. Вялікая Айчынная вайна, а потым мірныя будні назвалі сваіх герояў: Героя Сацыялістычнай Працы Мікалая Паўлавіча Кавалёва і прафесара,заслужанага будаўніка і заслужанага работніка народнай асветы Міхаіла Кірылавіча Балыкіна, прафесара, заслужанага работніка вышэйшай школы Вадзіма Фёдаравіча Цікавага і старшыню калгаса імя А.Неўскага Паўла Пятровіча Лапухіна, брыгадзіраў Мікалая Савельевіча Харытонава і Ніну Мікалаеўну Пінчук, хлебаробаў Фёдара Герасімавіча Кавалькова і Рыгора Іванавіча Цэдзіка, бульбаводаЎ Рыгора Мікалаевіча Вяроўкіна і Аляксея Міхайлавіча Шыкуна, хлебароба Трафіма Сіланцьевіча Шаўцова  і яшчэ дзясяткі ардэнаносцаў, сапраўдных працаўнікоў палёў і ферм.

Сын М.С.Харытонава вадзіцель мясцовай гаспадаркі Мікалай. Сын М.С.Харытонава вадзіцель мясцовай гаспадаркі Мікалай.

У доме Конана

Зараз яна жыве ў доме, які пабудаваў яшчэ да вайны яе дзед Конан. У сям’і было шасцёра дзяцей. Хадзіла пешшу вучыцца ў Жыліцкі сельгастэхнікум. Браты і сёстры разляцеліся па свеце, а яна выйшла замуж і атабарыліся з мужам Рыгорам Цімафеевечам у дзедавым доме. Выхавалі дачок, якія падарылі шэсць унукаў, а тыя – яшчэ трох праўнукаў. «Раней было весела ў Кавалях, на кірмашах гулялі, было многа народу, шмат кароў, іншай жывёлы. Працавалі ўсе з дзяцінства: палолі, хлеб жалі, лён бралі. І сябравалі. Дагэтуль да мяне ў хату заходзіць, калі прыязджае з Гродна, аднакашнік па школе Васіль Вадаевіч. Зараз ён прафесар медыцыны, а я ж у яго доме яшчэ смачнае варэнне ў дзяцінстве каштавала»… Шмат чаго прыгадала з былога жыцця ветэранка калгаснай працы Вера Апанасаўна Шчалкун: як настаўнік Леанід Аляксеевіч Юшкоўскі ў Кавалёўскай сямігодцы сшыткі ды навагоднія цацкі ім з сястрой купляў, як брат з Данбаса гардзіны прывозіў замест газетных выцінанак на вокнах… Сёння ў гаспадыні з пяццю коцікамі ў хаце ў выхадныя часцяком збіраюцца ўсе дружныя дзеці і дзеці дзяцей. 

Самая вялікая ў раёне па плошчы Кавалёўская амбулаторыя. Самая вялікая ў раёне па плошчы Кавалёўская амбулаторыя.

ДАРЭЧЫ. Раней штогод у Кавалях акурат на дзень святога Аляксандра Неўскага ў верасні наладжвалі кірмаш. Ці не ад гэтага пазней у савецкія часы калгасу было прысвоена яго імя? Іншае тлумачэнне наўрад ці будзе лагічным.

Медсястра Надзея  Зайцава. Медсястра Надзея  Зайцава.

Блытаніна на чыгунцы

Даволі вялікая вёска сёння ўпіраецца адным сваім канцом у чыгуначную станцыю Цялуша. Чаму ж прыпынак на сталёвай магістралі не аднайменны з паселішчам? Тым больш, што былі часіны, калі і станцыя на Лібава-Роменскай чыгунцы называлася Кавалі. Напрыклад, пасля ўводу ў эксплуатацыю магістралі ў 1873 годзе і амаль да сканчэння XIX стагоддзя яна іменавалася так і адгружала ў сярэднім 250 тысяч пудоў лясных грузаў штогод. Потым цэнтр гаспадарчага цяжару перамясціўся ў бок Цялушы, якая развівалася больш шпаркімі тэмпамі. Напэўна, у знак прызнання заслуг і станцыю нараклі Цялушаю. Прыклад, між іншым, не адзінкавы на Беларускай чыгунцы: узгадайце Мар’іну Горку і Пухавічы, Дзяржынск і Койданава…

А міма пралятаюць цягнікі. А міма пралятаюць цягнікі.

А міма пралятаюць цягнікі

Дзень і ноч кантрабасна гудзе стальная струна чыгункі ў аркестры будзённых спраў. Аднекуль з другога боку Кавалёў з сольнымі партыямі ўступаюць у агульную тканіну працоўнай музыкі то трактар з бульбакамбайнам на ўборцы важкіх клубняў, то аўтамабілі на збожжатаку, то магутны «Беларус» на ворыве зябліва. Гарманічна дапаўняюць п’есу, калі гукі гэтых інструментаў паніжаюцца да піяна, журчанне Беліцы, крык птушкі ў прыдарожнай пасадцы і шум вольхаў пад вераснёўскім ветрам. Не чутна толькі перазвону кавальскіх молатаў.

Супрацоўнік чыгуначнай станцыі Наталля Савончык. Супрацоўнік чыгуначнай станцыі Наталля Савончык.

Вера Апанасаўна Шчалкун. Вера Апанасаўна Шчалкун.

Дружная сям’я Веры Апанасаўны Шчалкун (у цэнтры). Дружная сям’я Веры Апанасаўны Шчалкун (у цэнтры).

Хораша ў бабулі летам. Хораша ў бабулі летам.