Даволі прыгожую версію можна пачуць ад многіх жыхароў вёскі. І толькі строгі навуковы падыход прымушае нагадаць: назва Осава паходзіць ад дрэва асіны, якой нямала ёсць па пералесках сярод тамтэйшых палёў. Якраз гэтым часам пад асінкамі ў іх здараецца патрапіць на чырвонагаловыя асавікі-падасінавікі…
Осава месціцца ў заходняй частцы Бабруйшчыны.
Назву Осава носяць яшчэ каля дзесятка населеных пунктаў у Беларусі
Згодна са «Списком населенных мест Минской губернии» В. Ярмаловіча ад 1909 года толькі з назвай Осава на Міншчыне налічвалася 25 населеных пунктаў. Па дадзеных «Краткого топонимического словаря Белоруссии» В. Жучкевіча, не менш за дзясятак населеных пунктаў з назвай Осава існавалі ў Бабруйскім, Докшыцкім, Мядзельскім і іншых раёнах краіны на пачатак 1970-х.
Насельніцтва вёскі Осава па гадах:
1909 – 349 жыхароў
1946 – 138 жыхароў
1988 – 602 жыхара
1991 – 702 жыхара
Крыху гісторыі
Адна з першых згадак пра вёску Осава датавана 1909 годам.
У 1909 годзе непасрэдна ў вёсцы Осава налічвалася 349 жыхароў, яшчэ 24 жылі ў маёнтку і 14 – у фальварку на тэрыторыі сённяшняга паселішча. Зараз у вёсцы жыве больш за 600 чалавек.
«Кулацкая» частка Бабруйшчыны
У 1920-я ў дакументах НКУС Осаўскі сельсавет адносілі да так званай «кулацкай, шляхецкай» часткі Бабруйшчыны.
З «Краткого обзора Бобруйского городского отдела НКВД политико-экономического состояния Бобруйского района 1931 года»: «…Так, кулаки-поляки Осовского с/с, организовав банду численностью в 15-20 чел., с участием белопольских легионеров, за сочувственное отношение бедноты д. Осово к соввласти арестовали и расстреляли 20 бедняков и середняков, разграбили и сожгли их хозяйства».
Паводле той жа крыніцы, у Осаве і наваколлях дзейнічалі вядомыя арганізатары тэрору браты Каржанеўскія, Булаты, Мусліцкія, Мажанскія, якія потым разам з захопнікамі сышлі ў Польшчу.
На адным з осаўскіх падворкаў.
Жывуць у памяці землякоў імёны і змагароў з замежнай навалай. Чырвонымі партызанамі ў 1918-1920 гадах былі Б.М. Кавальчук, В.М. Прымяшонак, Н.І. Шарамет, С.М. Шуфран. Восіп Мацвеевіч Прымяшонак, напрыклад, у саставе атрада М.А. Ляўкова актыўна змагаўся з белапалякамі, затым быў старшынёй Гарбацэвіцкага рэўкома.
Сцяпан Макаравіч Шуфран таксама ваяваў у атрадзе Ярашэўскага, потым займаўся земляробствам. Увогуле, мірнае жыццё наладжвалася і абяцала быць добрым, калі б не чарговая, Вялікая Айчынная, вайна. Аб яе жудасных і гераічных падзеях нагадваюць сёння магіла 27 воінаў і партызан у Осаве і помнікі загінуўшым у Баранавічах, Старынках, Ясень-Каменцы…
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у цэнтры тагачаснага сельсавета і яго населеных пунктах былі створаны калгасы: імя Калініна, імя Чапаева, імя Крупскай, імя Будзёнага, «Узыход», «Зара», «Зарэчча», «Новае жыццё» і інш. Дробныя сельскагаспадарчыя арцелі былі ў кожнай вёсцы. У адной з такіх – Юзафіне, за тры кіламетры ад Осава, ў 1947 годзе ў сям’і франтавіка нарадзіўся і аўтар гэтых радкоў.
Сям’я педагогаў – Эдуард Баляслававіч і Марыя Пятроўна Беразоўскія.
Няма таго саўгаса… Але жыве Осава!
Наша Осаўская школа, адчыніўшы дзверы ў далёкім 1930 годзе, за чатыры гады з пачатковай ператварылася ў сямігодку, а ў 1940-м зрабілася сярэдняй. Перад Вялікай Айчыннай вайной яе ўзначальваў А.Р. Багамаз, які гераічна загінуў на фронце. Пасля вайны прыйшлі ў школьныя класы ўзноўленага старога будынка больш за 400 вучняў, прычым не кожны з іх па ўзросце мог звацца хлопчыкам або дзяўчынкай – многія з дзяцей вайны былі пераросткамі. І ўсім ім шчыра давалі веды пасляваенныя педагогі А.І. Дубовік, К.Г. Дубовік, К.Я. Ермаловіч, В.К. Зюзіна, Т.Н. Кухарава, К.В. Шчэрба і інш. Трыццаць гадоў на чале педагагічнага калектыву стаяў былы франтавік Пётр Захаравіч Ермаловіч.
Калі з дыпломам фізіка-матэматычнага факультэта Магілёўскага педінстытута ў канцы 1960-х вярнуўся ў родную школу настаўнічаць, зразумеў, што не паеду адсюль нікуды. Нават калі прапанавалі вучыцца ў аспірантуры і затым працаваць у навукова-даследчым акадэмічным інстытуце, не з’ехаў. Бо трэба было даглядаць бацькоў-інвалідаў, расціць уласных дзяцей. Мы ж з Марыяй Пятроўнай, на той час настаўніцай матэматыкі, утварылі сям’ю. Неўзабаве нарадзіліся сын і дачка.
Напрыканцы 1970-х школа гудзела дзіцячымі галасамі больш 300 вучняў. Акрамя 40 сотак прышкольнага участка, вучні працавалі на 20 гектарах арандаванага ў гаспадарцы сада. Гэта быў адзіны падобны прэцэдэнт у раёне. Увогуле, вёска тады адрознівалася паўнакроўным жыццём – на цэнтральнай сядзібе саўгаса налічвалася больш 220 падворкаў, у Осаве пражывала звыш 600 чалавек. І людзі жылі і працавалі актыўна, адказна, весела.
Юны асаўчанін у бабулі на канікулах.
…Няма таго саўгаса, няма звыклага сельсавета, не тая сёння вёска. Але ж прайшло ўсё недарэмна, у цэлым жыццё ўдалося і атрымалася. Сын скончыў Расійска-беларускі ўніверсітэт, добра працуе і падарыў нам цудоўных унукаў-двайнят. Дачка атрымала дзве вышэйшых адукацыі, выхавала нам таксама выдатную ўнучку. Мы з Марыяй Пятроўнай на заслужаным, як кажуць, адпачынку. Дзеці не забываюць нас. А вёска наша зрабілася цэнтрам аддзялення ААТ «Агракамбінат «Бабруйскі», тут па-ранейшаму дзейнічаюць амбулаторыя, пошта, магазін, Дом культуры.
Сёння школа ў Осаве носіць назву «Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Осаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа Бабруйскага раёна». Радуе, што перамены шыльд не мяняюць яе галоўнага прызначэння – выхоўваць адукаваных і культурных грамадзян нашай краіны. Ганаруся, што высакародную справу ўсяго майго жыцця дастойна працягваюць амаль два дзясяткі настаўнікаў, а таксама выхаванец нашай школы, а сёння яе дырэктар Алег Анатольевіч Васілеўскі.