Як паведамляе тапанімічны слоўнік Вадзіма Жучкевіча, назва вёскі Туркі і да яе падобных утварылася ад уласнага імя Тур, распаўсюджанага ў старажытнасці. Сёння ўжо землякоў з гэткім імем не сустрэнеш, але людзі з такім прозвішчам жылі і жывуць у Бабруйску, Асіповічах. Вёска ж пры рацэ Але, хоць і перастала быць цэнтрам калектыўнай гаспадаркі, прыгажэе з кожным днём. Паводле старажытных сведчанняў, наша паселішча ўзнікла каля ракі Алы паміж існаваўшымі ўжо Біразанню, Папоўцамі, Омельняй і Міхалёўшчызнай. З інвентару 1790 года вынікае, што фальварак Туркі належаў Ігнату Булгаку – «камісару цывільна-вайсковаму», потым яго брату маёру расійскага войска Вінцэнту Булгаку, а напрыканцы XYIII стагоддзя – скарбніку Рэчыцкага павета Іосіфу Скарыну.
Як гаспадарылі продкі
З апісання двара фальварка Туркі, датаванага 1790-м годам, можна даведацца, што ў галоўны будынак яго ўваход быў ад царквы праз падвоеныя вароты. Злева стаяла хата з каморай і вокнамі «шкла акруглага», з печчу «кафлі зялёнай з камінком». Справа месціліся лядоўня, драўляная скарбніца з засекамі для збожжа і сховішча для розных прылад. Насупраць іх знаходзіліся піўніца і варыўня. Злева ад апошняй веснічкі вялі ў невялікі дом аканома – з сенцамі, горніцай і каморай, з трыма вокнамі «шкла простага». Злева ад дома размяшчаліся свіран з засекамі, піўніца, стайня з вазоўняй, яслі з форткай для выдалення гною. Там жа была яшчэ адна стайня з трыма варотамі «фронтам да студні» ля бровара, побач з якім пабудаваны былі тры хлявы.
Старэйшына Туркоў Антон Якаўлевіч Бабкоў.
У самім бровары знаходзіліся тры горны з катламі, насупраць уваходу – «фортка да валоўні», а з яго – выхад на выган, дзе стаяла кузня, за якой была лазня. У напрамку на дзядзінец ад яе месцілася пякарня з печчу, з двума вялікімі і двума малымі вокнамі. Далей, у адну лінію з брамай галоўнага будынка, прама за хатай аканома размяшчаўся конны млын, ад якога, ідучы да ракі праз агарод па правым баку, траплялі на гумно і ў свіран. Насупраць іх былі яшчэ гумно з дзвюма асецямі, а бліжэй да Алы – гумно са збожжасховішчам і адрына для сена і саломы. Усе збудаванні мелі дахі з дранкі або саламяныя.
Дапаўнялі гэткі гаспадарчы комплекс агароджаныя парканам карчма, камора са складам ля ракі, абозня для «заезду падарожных» з кафлянай печчу, «бровар жыдоўскі» і валоўня каля шляху на Бабруйск. Яны таксама даюць уяўленне аб занятках нашых папярэднікаў, бо служылі месцамі працы землякоў. Нельга ўявіць Туркі канца XYIII-пачатку XIX стагоддзяў і без сельскагаспадарчых угоддзяў –асноўных рабочых месцаў тагачасных сялян. Яны, напрыклад, апрацоўвалі два агароды, абмежаваныя дзе жэрдкамі, а дзе парканам. Жытняе поле займала тры палеткі па той бок Алы. Першы знаходзіўся пад Дуброўкамі «на грунце Вінцэнта Скарыны» і «подданага Ціхана на ўрочышку ў Сухім Чоўніку». Другі ляжаў пад Сімакамі і Агнесаўкай. Трэці раскінуўся пры тракце, што вёў у Побалава. Мурожныя сенажаці туркоўцаў былі каля тых жа Сімакоў, Манкавежчызны і за ракой на мяжы з Мікулічамі. Яны давалі да 40 вазоў сена, яшчэ да дзясятка стагоў балотнага нарыхтоўвалі «на копанках за дваром», у Залуках і пад Міхалёвам.
Хто тут жыў два з лішкам вякі таму
Напрыканцы XYIII стагоддзя не так ужо і шмат было гаспадароў у Турках. Архіўныя дакументы захавалі імёны Івана Рашэтніка з жонкай Уллянай, у якіх былі сын Дзяніс з жонкай Фросяй і ўнукі Цімох, Сяргей, Кузьма і Хрысціна; другі іх сын Карп з жонкай Агапай мелі дачок Адарку і Куліну; трэці сын Занка з жонкай Матрунай дзяцей на той момант (кастрычнік 1790 года) не мелі.
Яшчэ адным гаспадаром, якога мы ўжо ўзгадвалі, быў Ціхан, сям’я якога складалася з жонкі Хвядоры і сына Харлана. Крыху большай яна была ў Лявона і Аўдоцці Рыбаковых, якія гадавалі Хведара і Кацярыну. Яшчэ больш шматгалосай была хата ў Паўлюка Грыжана, дзе раслі Дзямід, Пракоп, Рыгор, Патап, Янка і дачка Параска. Жыў у вёсцы і ўдавец Арцім Царулёнак з дзецьмі Мікітам, Адаркай, Хвядорай і Гарынай, які даў прытулак свайму брату Аніску з яго жонкай Аўдзюхай. У адной хаце месціліся Захар і Васіліса Рыбачонкі з дарослымі і жанатымі сынамі Мікітам, Аляксеем і Манутам і іх дзецьмі.
Цікава, што маёмасны стан землякоў таго часу быў прыкметна розны. Калі ў зямельных надзелах яны былі на здзіўленне роўныя – мелі па паўвалокі на сям’ю, то па колькасці жывёлы адрозніваліся адчувальна. Напрыклад, Саўка Біханёнак з жонкай Параскай, сынамі Кандратам і Зенкам, нявесткамі Наталляй і Маланняй, унукамі Якавам і Янкам валодалі толькі… дзвюма курыцамі. А сям’я Мікіты і Марыі Рашэтнікаў з сынамі Міхалам і Маркам, нявесткамі Наталляй і Палашкай, унучкай Марцэлай акрамя гэткай жа птушкі мела двух коней і двух валоў.
Гэтак жа, на розным узроўні, гаспадарылі ўдавец Міна Байхунёнак з сынам Тарасам і нявесткай Сцепанідай і іх дзецьмі, другім сынам Сілівонам і нявесткай Уллянай, трэцім сынам Пракопам і нявесткай Таццянай і іх дзецьмі; бабыль Сямён з жонкай Марыяй; вольныя ад паншчыны Янка, Аксіння, Ярмола, Савось і Антон Зурманы.
Галіна Паслядовіч: «Даяркі ходзяць на ферму праз падземны пераход».
Праз гады і стагоддзі
Час ішоў і, трэба сказаць, Туркі разрасталіся. Фальварак ператварыўся ў маёнтак, сяло толькі прырастала падворкамі, адмежавалася і асобная слабада. У сярэдзіне XIX стагоддзя на 35 сядзібах уласна Туркоў жыло каля паўтысячы жыхароў, у сяле дзейнічала праваслаўная царква, працавала школа. Напачатку наступнага веку колькасць насельніцтва ў іх наблізілася да 700 чалавек, у Туркоўскай Слабадзе пражывала больш 440 вяскоўцаў. Наша сяло было цэнтрам воласці, у склад якой уваходзілі вядомыя і буйныя сёння Кавалі, Плёсы, Цялуша і іншыя вёскі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі становішча землякоў у гаспадарчых адносінах было даволі трывалым, заможным. Нават пасля грамадзянскай вайны і польскай акупацыі ў нашай вёсцы і воласці працавалі 17 (!) ветраных млыноў, па 2 – вадзяных і паравых, 2 крупарушкі, 2 ваўначоскі, сукнавалка, маслабойка і 7 кузняў. У пачатку 1930-х пачалі дзейнічаць першыя калгасы на туркоўскай зямлі, адным з ініцыятараў стварэння якіх быў Нічыпар Гацко. Тады ж, у 1931 годзе, нарадзіўся Антон Якаўлевіч Бабкоў – сёння старэйшы жыхар у Турках. Ён добра памятае, як уходзілі аднавяскоўцы на фінскую, а потым на Вялікую Айчынную вайну; як яго, непаўналетняга, фашысты везлі ў Чырвоны Бераг, каб адправіць у Германію, але яму ўдалося збегчы. Знакі на руках і целе ад асколкаў па гэты дзень нагадваюць тыя часіны…
Пасля вайны пачалі адраджацца, стварацца калгасы ў сельсавеце, цэнтрам якога сталі Туркі. У іх саміх 165 двароў аб’ядналіся ў сельгасарцель «Узыход», у Туркоўскай Слабадзе «Чырвоны баец» налічваў 100 двароў, у Амяленскай Слабадзе ў «Чырвонагвардзейцу» было 53 двары. Цікава, што тады ў склад Туркоўскага сельсавета ўваходзілі вёскі Мікулічы і Цялуша, дзе калгасы «18-ы партз’езд» і імя Варашылава аб’ядноўвалі адпаведна па 125 і 140 двароў. Першым старшынёй пасляваеннай арцелі ў Турках, як прыгадвае А.Я.Бабкоў, быў Дайнека. Адбываліся розныя рэформы – узбуйненні і разузбуйненні, і ў рэшце рэшт самастойны калгас «Прагрэс» з цэнтральнай сядзібай у Турках у сярэдзіне 1970-х узначаліў Павел Пятровіч Лапухін. Пры ім невялікая параўнальна гаспадарка стала стабільна працуючым сельскагаспадарчым прадпрыемствам, што дазволіла пазней здатнаму кіраўніку стаць старшынёй значна буйнейшага калгаса імя А.Неўскага, атрымаць ордэны за паспяховую працу, а затым узначаліць і Бабруйскі раённы Савет дэпутатаў.
Сапраўдны росквіт Туркоў і наваколля мае землякі звязваюць з імем Мікалая Сямёнавіча Фурманава, які, на вялікі жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Гэта ён з сярэдзіны 1980-х гадоў здолеў згуртаваць дружны працоўны калектыў, які атрымліваў цудоўныя вытворчыя вынікі на палях і фермах. Гэта з яго непасрэдным удзелам адбыліся адметныя пераўтварэнні на нашай зямлі: былі пабудаваны новы пасёлак, сельскі клуб, дарогі і фермы. А як самааддана працавалі людзі! Механізатары Віталь Варламаў і Аляксандр Паслядовіч, Віктар Казлоўскі і Рыгор Хвашчынскі, жывёлаводы Марыя Бурак і Ганна Талкачова, многія іншыя.
Сёння таксама адбываюцца змены, у якія гадоў трыццаць таму немагчыма было паверыць. Калі б хто тады сказаў, што ў Турках будзе падземны пераход, летуценніку пакруцілі б пальцам ля скроні. Але ж менавіта пад зямлёй, напрыклад, туркоўскія даяркі пераходзяць сапраўдны аўтабан, што перасёк вёску, і ідуць на ферму. Засмучае пакуль толькі адно – адток вяскоўцаў з роднай зямлі: калі ў 1988 годзе ў Турках жыло 430 чалавек, то праз дзесяць гадоў іх заставалася каля 390, а а яшчэ праз дзесяцігоддзе – 320. Вельмі спадзяюся, што па цудоўнай, еўрапейскага класса аўтамабільнай шашы неўзабаве вернуцца ў Туркі і навакольныя вёскі іх ураджэнцы, прыедуць новыя хлебаробы і жывёлаводы. Прывабныя мясціны па-над ціхай Алой чакаюць.