Амаль споведзь бабруйскай актрысы з пытаннямі ледзь не да Бога

1676
Ала ГРАХАВА, актрыса тэатра імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча
Дагарае свечка?..

Актрыса Ала Грахава ў спектаклях тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Актрыса Ала Грахава ў спектаклях тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.

З чаго пачаць? Напэўна, з таго, што мае гады адданай працы ў тэатры даюць мне права шчыра пагаварыць аб усім, што яе датычыцца. Калі пішуць аб артыстах з нагоды юбілею ці якой урачыстасці, то ўсё выглядае так прыгожа, узнёсла: нарадзіўся, марыў, паступіў, ролю атрымаў , як пераадолеў перашкоды на шляху і г.д. Ёсць у гэтым нейкая стэрэатыпнасць, аднолькавасць, а ўсё нашмат складаней, ва ўсім існуюць адценні, нюансы, расчараванні, нават адчай, дэпрэсія, а то і шэрая будзённасць, калі перастаеш бачыць сэнс сваёй працы. Але тое мала каго цікавіць. А часцей за ўсё артысты проста робяць выгляд, што негатыву няма, бо так прасцей жыць і трымацца на плыву. Паспрабую быць шчырай.

Ці мае сэнс падводзіць вынікі?

У мяне не юбілей, а ўсяго толькі дата – 40 год назад у ліпені я пачала працаваць у драматычным тэатры Бабруйска. Крыху раней за мяне ў Бабруйску апынуліся толькі Ж.Зарэмба, Л.Кучко, А.Парфяновіч і М.Герасіменя. Так што я атрымліваюся ў ліку старажылаў, перад якімі праходзіла жыццё тэатра і якія самі ў некаторай ступені ўдзельнічалі ў гэтым жыцці. Чаму ў некаторай ступені? Таму што цяжка знайсці больш залежную прафесію: ад тваіх адносін з кіраўніцтвам, ад рэжысёра, ад таго, хто твой партнёр на сцэне, ад агульнага стаўлення да тэатра ў горадзе, ад гледачоў, ад СМІ, ад адміністратараў, якія могуць ці не могуць прадаць квіткі на спектакль з тваім удзелам, ад… Адным словам, атрымліваецца суцэльная залежнасць. Нават ад памяці людской, бо пасля мастакоў, кампазітараў застаюцца іх творы, а пасля артыстаў? Хіба што хтосьці калісьці ўражаны ўзгадае, як артыстка глянула, як сказала нейкія словыі г.д.

Адным словам, штосьці застаецца на нейкім містычным узроўні. Часта пішуць аб адзіноце людзей мастацтва, іх жыццёвай няўтульнасці, так і ёсць. Калі выбіраеш мастацтва і імкнешся дамагчыся дасканаласці і поспеху, тады ў ахвяру прыносіцца вельмі шмат. Але ж яшчэ ёсць сям’я, бацькі, дзеці, адказнасць, абавязкі. А колькі прыкладаў, калі ахвяры былі дарэмнымі! Так што не будзем займацца агульнымі філасофскімі разважаннямі.

Актрыса Ала Грахава ў спектаклях тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Актрыса Ала Грахава ў спектаклях тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.

Ці ёсць карысць ад сарака год служэння тэатральнаму мастацтву?

Сталася так, што 40 год назад я апынулася ў Бабруйску. Шчыра сказаць, мне мала што падабалася і ў самім горадзе, і ў тэатры. Але лёс так павярнуўся, што ўладкавацца ў іншы тэатр не дававялося. На маё шчасце той год працавала ў Бабруйску таленавіты высокапрафесійны рэжысёр А.Каменская, а пастаноўкі ў яе былі проста неверагодныя («Рымская баня» Б.Страціева, «Дзікун» Вальтэра, «Зорныя ночы» Л.Караічава, «Два клёны» Я.Шварца), я была занятая ў некаторых спектаклях і, можна сказаць, вучылася прафесіі, бо акрамя таленту, здольнасцей, трэба валодаць прафесійнымі сакрэтамі, а ў інстытуце гэтаму, на жаль, не вучаць.

У 1982 годзе тэатр узначаліў М.Кавальчык, і тэатр расквітнеў. Акрамя яго самога ставілі спектаклі неардынарныя рэжысёры В.Баркоўскі, М.Дзінаў. Таленавітыя рэжысёры зрабілі тэатр цікавым для ўсіх. І што б там ні казалі, асноўным у тэатры з’яўляецца рэжысёр, артыст толькі дапамагае здзейсніць задуманае ім, становіцца, як бы матэрыялам у руках стваральніка, таму вельмі важна, каб матэрыял быў якасным і каб задуманае было вышэйшага гатунку. Канечне, пры спрыяльных умовах артыст становіцца сааўтарам творцы, але знайсці аднадумцаў на так лёгка. Калі ў тыя часы я атрымлівала апроч асноўных і невялікія ролі, была задаволена, праца была не проста працай, а творчасцю, бо стваралася нешта патрэбнае чалавеку, каб быць ЧАЛАВЕКАМ. Узгадваюцца ролі ў спектаклях «Заўтра была вайна» Б.Васільева, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса, «Стары дом» А.Казанцава, «Шрамы на сэрцы» Я.Шабана, «З трох да шасці» А.Чхеідзе, «Вуліца Шалом-Алейхема,40» А.Ставіцкага, «Свеціць ды не грэе» А.Астроўскага. Здавалася, што сваё месца ў тэатры я знайшла. Апроч таго, з’явілася сям’я, нарадзіліся сыны, шмат часу аддавала ім.

Але сышоў М.Кавальчык, нешта пачало мяняцца ў тэатры, з’явіліся новыя артысты, новыя рэжысёры, прафесійны ўзровень стаў паступова памяншацца. Цікавых пастановак станавілася ўсё менш, з’яўляліся нейкія «кланы», і калі ты хацеў мець ролі, трэба было абавязкова належаць да якога-небудзь з іх. Мне тое не падабалася і роляў я амаль не атрымлівала. Хаця павінна сказаць словы ўдзячнасці А.Дубовіку, у спектаклях якога мне давялося ў той час сыграць некалькі добрых роляў («Мурлін-Мурло» М.Каляды, «Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі, «Шалёны вечар» Ю.Куліка).
Потым у тэатр прыйшоў С.Палешчанкоў і зноў штосьці памянялася, у тэатры стала іншая аура , як цяпер любяць казаць, з’явіўся сапраўдны дух творчасці. Але і Палешчанкоў праз колькі год сышоў. Так і працягвалася: прыходзілі – сыходзілі. І ніхто з прыходзячых не працягваў развіваць тое, што было зроблена папярэднімі, кожны раз усё пачыналася амаль што з нуля…

Здабыткі ці згубы?

Былі і ёсць у тэатры таленавітыя артысты, зрэдку ствараюцца вельмі цікавыя спектаклі, але ў цэлым, лёс тэатра ў Бабруйску нешчаслівы. Вымушана дадаць, што гораду ён не вельмі патрэбны. Бабруйск – горад моцнай распаўсюджанай мастацкай самадзейнасці, драматычны тэатр, што называецца, не ўпісваецца ў культурную прастору горада, дзе песні-танцы ў прыгожых строях на першым месцы. Але, думаецца, не павінна быць так, каб удзел тэатра ў свяце горада ці фестывалі «Вянок дружбы» зводзіўся да шпацыру ў тэатральных касцюмах па вуліцы, альбо выступаў з асобнымі нумарамі ў канцэрце ля тэатра. Чаму ў рамках свята не запрасіць бабруйчан і гасцей на наш спектакль, гэта было б прафесійна і прыгожа. Магу прывесці адзін станоўчы факт – у горадзе створана радыё «Zefir», у ім існуе праект «Бабруйск у паданнях і легендах», дык вось для працы ў ім запрошаны артысты тэатра, што не можа не радаваць.

Хтосьці са мной не пагадзіцца, але доказаў таму, што тэатр за столькі год існавання не стаў неабходным Бабруйску, ёсць шмат. Напрыклад, часта даводзіцца знаёміцца з новымі людзьмі, і аказваецца, як правіла, яны ніколі не бывалі ў тэатры, і гэта гараджане ва ўзросце ад 20 да 40 год. Ёсць такія, хто даволі часта ездзіць у якісьці тэатр у Мінск, але ніколі не бываў на спектаклях у сваім горадзе. Здаўна вядома, што «у сваёй айчыне прарокаў няма», але ж не да такой ступені.
Не так даўно давялося мне ўбачыць прыгожы раскошны альбом, выдадзены бабруйскім гарвыканкамам і гарадскім упраўленнем культуры і ідэалогіі аб культурным жыцці горада, і я не знайшла там нічога пра тэатр імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча! Дык што здзіўляцца, што нас не ведаюць? Яшчэ адно пытанне: няўжо за столькі год працы на карысць тэатральнага мастацтва ніхто з нас апроч А.Парфяновіча не заслужыў атрымаць званне ці хаця б медаль? Зусім нядаўна было тэатру 70 год, але ніхто з артыстаў не быў узнагароджаны, а гэта ж такі прэстыж для тэатра, такое прызнанне нашай працы, дасягненняў! Нават у дзень тэатра, наша прафесійнае свята, ніхто не быў адзначаны. Аказваецца, наша шчырае служэнне тэатральнаму мастацтву праходзіць неацэненым, незаўважаным, а гады ідуць…

Крыўдна, канечне, артысты, яны, як дзеці, каб яны квітнелі, іх трэба любіць, ганарыцца імі і клапаціцца аб іх. У кінаартыстаў ёсць агенты, якія дапамагаюць ім быць запатрабаванымі, прасоўваюць іх, а ў нас толькі нашы кіраўнікі, дык, напэўна, трэба аб сваіх артыстах больш настойліва гаварыць на ўсіх узроўнях, каб нас бачылі, заўважалі, ведалі, і не толькі ў Бабруйску, а і ў вышэйшых інстанцыях. Чалавек, што аддаў служэнню тэатру столькі год, думаю, зрабіў штосьці на карысць мастацтва на Беларусі, для яго развіцця.

А мо, я і памыляюся. Мо, маленькая свечачка, якую мы запалілі, даўно згарэла і ніхто аб гэтым нават не памятае? Можа і так. Вось я і думаю, ці ёсць што падводзіць, ці ёсць якія вынікі ад сарака год працы ў бабруйскім тэатры, ці адны згубы?..

Актрыса Ала Грахава ў спектаклях тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Актрыса Ала Грахава ў спектаклях тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.

І мова ў падпечку?

Можна, канечне, на гэтай крыху сумнаватай ноце і закончыць размову, але хачу колькі слоў сказаць пра галоўную каштоўнасць кожнага народа – мову. У тэатры амаль нічога няма на беларускай мове, а мы ж носім імя Дуніна-Марцінкевіча, таго, хто аддаў столькі сіл, каб мова выйшла з «падпечка», і так ганарыўся зробленым! І на «Вянку дружбы», дзе збіраюцца госці з многіх краін і размаўляюць на сваіх мовах, не часца можна пачуць беларускую, а гэта ж так важна. Прыгожыя «лістовачкі» да 630-годдзя Бабруйска надрукаваны на рускай мове, чаму? Чым больш разважаю, тым больш пытанняў узнікае, і свечачкі маёй запаленай не відаць, гэта абсалютна ясна. Але для больш зразумелай «карцінкі» аб сабе дадам колькі слоў з песні нашай «Крамбамбулі» –

…Я не люблю, калі вайна,
Але люблю, калі вясна,
І восень , лета, і зіма…
Люблю лясы і гарады,
Азёрны бераг залаты,
Люблю начную магістраль,
І польку, вальс, і пастараль.
Люблю усё, што называецца жыццё,
І песню гэтую пяю,
Пра тое, што жыццё люблю!