Орсічы на паўднёвым захадзе Бабруйшчыны вядомыя з сярэдневечча. З даўніх часін гэта быў значны ў акрузе населены пункт. Яго можна лічыць нават своеасаблівай брамай паўночнага Палесся.
Мой родны кут
У 2010 годзе споўнілася 450 гадоў з часу першага пісьмовага ўзгадвання назвы вёскі. Не так даўно літаральна на ўласным бульбяным полі знайшоў і больш старажытныя сведчанні пражывання ў гэтых мясцінах людзей. Выкапаныя каменныя прылады працы для апрацоўкі скур жывёлін даюць падставу меркаваць, што нашы папярэднікі атабарыліся тут у каменным веку.
Яны пасяліліся на правым беразе некалі шумлівай рэчкі, каля дрымучага лесу і вялікага возера. Так-так, побач з пабудовамі першага паселішча існавала возера, якое з цягам стагоддзяў ператварылася ў балота. Засталося толькі невялічкае люстэрка вады з назвай Строміцкае, з якога выцякала рэчка, што праз добры дзясятак кіламетраў упадала ў Бярэзіну.
Вёску назвалі Ворсічы – менавіта гэтак яна абазначана на шматлікіх дарэвалюцыйных картах. І толькі пазней назву русіфікавалі і пачалі пісаць «Орсічы». Першапачатковае ж найменне звязана, хутчэй за ўсё, з паездкамі палешукоў, напрыклад, з Рудобелкі, у Бабруйск. За дзень яны не маглі дабрацца, таму начавалі ў нашай вёсцы. Гэткім жа чынам дабіраліся назад – ворсаліся праз яе, як трапна заўважылі тутэйшыя жыхары.
М.І.Нікітка з прыладамі працы каменнага веку, знойдзенымі на ўласным агародзе.
З Вілачак па Бярэзіне і ў Дняпро
Навакольныя пушчы заўсёды кармілі сялян: кошыкамі неслі з іх баравікі, ношкамі – чарніцы, ліпоўкамі – суніцы ды маліны, мёд з калод. Па звычаі, пчаляр, што наглядаў за імі, заўсёды кожнага стрэчнага частаваў салодкім скрылёчкам. Узімку сушаныя белыя грыбы добра прадаваліся на бабруйскім рынку. Тады ж вялася нарыхтоўка лесу, які пілавалі і звозілі коньмі да рэчкі. Увесну, калі прыбывала вада, яго сплаўлялі ад Строміцкага возера да так званых Вілачак, дзе два браты-габрэі ў пачатку мінулага стагоддзя на невялікіх прыстаньках арганізавалі вязанне плытоў. На іх нашы вясковыя мужыкі пускаліся ў далёкае падарожжа па Бярэзіне і Дняпры аж за Кіеў, да Нікалаева.
Вярталіся мужчыны з вяроўкамі на плячах, якімі вязалі плыты, пешшу аж на Тройцу. Па ўспамінах старажылаў-землякоў, адзін з іх заўсёды казаў: «Вось я і прышлэпаў…». Не дзіўна, што мянушка ў яго была – Шлэп. Іншыя імёны і прозвішчы захавалі камяні на старажытных орсіцкіх могілках. Яшчэ і пасля Вялікай Айчыннай вайны стаяў адзін камень з надпісам «Іван Логінаў». А вакол вёскі дзе-нідзе былі раскіданы яшчэ больш старажытныя курганкі, пра якія старыя людзі казалі, што гэта магілы татар-заваёўнікаў. Мы ж у дзяцінстве нярэдка знаходзілі ў ваколіцах Орсічаў розныя чарапкі ад глінянага посуду.
Чыгунка пралегла перад Першай сусветнай
Недзе ў 1914 годзе паўз нашу вёску пачалі рабіць насып і ўкладваць рэйкі. Гэта цар Мікалай ІІ рыхтаваўся да вайны з немцамі. Чыгунку вялі з двух бакоў – ад Бабруйска і ад станцыі Старушкі на перагоне Брэст-Гомель. Працавалі круглыя суткі: рыдлёўкамі раскопвалі ўзвышшы, грузілі пясок на конныя калёсы і падвозілі да балацін, дзе рабілі падсыпку ў чыгуначнае палатно. Усе жыхары навакольных вёсак неслі гэты працоўны абавязак, і дарога была пабудавана ў вельмі кароткі час. Хутка вайсковыя грузы рушылі па ёй на Заходні фронт.
Да Вялікай Айчыннай чыгунка спраўна працавала, а ў вайну партызаны знішчылі на ёй мост праз Пціч, і ўвесь пасляваенны час цягнік ідзе толькі да станцыі Рабкор. Да апошняга часу, пакуль існавала станцыя Брожа, чыгунка давала працу і шматлікім нашым жыхарам. Зараз работы паменшала, бо не адгружаецца ўжо лес у вагонах, засталіся толькі абходчыкі ды рамонтнікі шляху. Няма сёння і ўчастка леспрамгаса, дзе ў свой час працаваў і я.
Нівы шумелі сярод лясоў
У пачатку 1930-х у Орсічах быў створаны калгас «Праўда» – адзін з многіх, што былі ў кожнай вёсцы. Усе сельскагаспадарчыя прылады былі звезены ў свіран і абагулены. Найбольш заможныя сядзібы назвалі кулацкімі, а іх руплівых гаспадароў падверглі рэпрэсіям. Некалькі мужыкоў з жонкамі і дзецьмі саслалі на Урал і ў Сібір, адкуль тыя ўжо не вярнуліся. Пабудовы кулакоў разабралі на бярвенні, з якіх пабудавалі першыя калгасныя хлявы, канюшні, свіраны і кузню. Рабочай сілы хапала, таму ўвесну ўсе палі пераворвалі пад лён, бульбу, буракі, ураджай якіх восенню звозілі ў вялізныя бурты. Бывала, гаспадыня не паспела ўправіцца, печ яшчэ не прагарэла, а старшыня ўжо ў хаце: вядро вады плясь на вуглі – на працу, усе на працу!
Перад вайной у нашай вёсцы з тых самых «кулацкіх» бярвенняў пабудавалі і школу. Будыніна атрымалася зграбная, дыхтоўная. У сямігодцы было шэсць памяшканняў для заняткаў і бібліятэкі, настаўніцкая. Уцалеў будынак і ў вайну, пасля якой напоўніўся зноў дзіцячымі галасамі. У ацепленых печчу і асветленых керасінавымі лямпамі класах пісалі мы пераважна сталёвымі пёркамі «жабка» дзеля добрага почырку, а калі ў каго бачыла настаўніца пяро «костачку», то бязлітасна ламала яго аб парту. Чарніла ў чарнільніцах-невылівайках на кожную прыносіла ў скрыначцы тэхнічка… А якія цудоўныя тэатральныя пастаноўкі, канцэрты ставілі ў нашай школе! Шмат вучняў пасля вайны былі пераросткамі, таму вельмі ўдала ігралі ролі дарослых персанажаў.
Пасля вайны добра працавалі і адпачыць умелі. Як і ў іншых вёсках, у Орсічах таксама штогод праходзілі кірмашы – на Юр’я, 6 і 7 мая. З раніцы пачыналі з’язджацца родзічы адусюль. Пад смачныя стравы ў кожнай хаце ішла гаворка пра здароўе, дзяцей, працу, здабыткі і страты. Моладзь збіралася на пляцоўцы ля школы і пачынала танцы пад гармонік. Танчылі полькі, кракавяк, вальсы да самага ранку! І ніколі, прыгадваю, ніякіх боек ці абраз… Летам з задавальненнем хлапчукі гулялі ў футбол, валейбол. Узімку ўсе станавіліся на лыжы і хадзілі за 9 кіламетраў у Мошны, дзе любілі катацца з гор, якіх у нашых ваколіцах не было. На самаробных каньках па замерзлым рэчышчы рачулкі гойсалі да Макаравіч і назад, прычым бралі з сабой сякеркі, з якімі палявалі на рыбу: убачыш праз празрысты лёд дзе стаіць акунёк, бац па лёдзе – і ён твой.
Па добрай традыцыі
…У 1950-я мінулага стагоддзя і ў нашай вёсцы часцяком адзначаліся народзіны – дзяцей жа ў сем’ях з’яўлялася шмат. Па старажытным звычаі, кум і кума – нарачоныя бацька і маці дзіцяці – павінны былі спачатку выкупіць, а потым прадаць гасцям народзінаў кашу, якую зварыла бабка нованароджанага. Звычайна гэта была пшоная саладуха ў гаршчку, які не шкада было разбіць, каб падзяліць страву на ўсіх. Для трываласці пасудзіну ўвівалі-абвязвалі дротам са спадзяваннем, што гэтак яна паслужыць даўжэй.
Вось выкупіў неяк кум кашу ў бабкі і давай лупіць гаршчком аб стол. Біў-біў, нарэшце разваліўся гаршчок на чарапкі. Пачалі госці іх адзін аднаму – і мужчынам, і кабетам – на галовы класці, каб дзеткі і ў іх вяліся. Смех, вясёлы тлум стаіць у хаце. Але тут здарылася непрадбачанае: паважанаму чалавеку, настаўніку замежнай мовы Міхаілу Раманавічу не хапіла чарапка з кашай. І нехта надзеў на галаву яму драцяную сетку, што абвівала гаршчок. Усе рагочуць, а педагогу не да смеху. Пакуль не прынеслі абцугі і не паперакусвалі драціны. Тым не менш, праз год у сям’і Міхаіла Раманавіча нарадзіўся хлопчык, а яшчэ праз які – другі.