Ад бортнікаў пайшлі Бортнікі на Бабруйшчыне

3597
Мікалай САКУН, намеснік старшыні СПК «Гігант». Фота Аляксандра КАЗАКА, з адкрытых крынiц iнтэрнету i з архiву «ВБ»
Бадай, самая вядомая і паспяховая гаспадарка Бабруйшчыны – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Гігант». Цэнтрам яе з’яўляецца аграгарадок Вялікія Бортнікі, а літаральна праз шашу ад іх раскінуліся толькі крыху меншыя Малыя Бортнікі…

Сын і бацька Генадзь і Мікалай Ціханавіч Хурсаны - знакамітыя хлебаробы гаспадаркі. Сын і бацька Генадзь і Мікалай Ціханавіч Хурсаны - знакамітыя хлебаробы гаспадаркі.

Некалі тут шумелі лясы, звінелі пчолы

Калі меркаваць па назве вёскі, у якой нарадзіўся і жыву, жылі мае бацькі і дзяды, то пачатак ёй паклалі бортнікі – сяляне, што займаліся пчалярствам. Пчолы вяліся на борцях – стаячых соснах ці, радзей, ліпах. Калі дрэва для асады пчол было выдзеўбана на пэўнай вышыні, яно называлася борцю дзетай, калі да дрэва проста мацаваўся вулей, гэта была борць нядзетая. Выдзёўбвалі борць з дапамогай пяшні. Узнімаліся да борці за мёдам па лезіву – лесвіцы, зробленай з лыка… Усе гэтыя факты сведчаць, што ў старажытнасці наша старонка была лясной, нагляд за пчоламі ў каралеўскіх лясах ляжаў у XVI стагоддзі на бортніках.

У пачатку 1840-х маёнтак Бортнікі належаў памешчыкам Манкевічам. Працавалі на братоў-землеўладальнікаў сяляне Дзянісавы, Івановы, Якаўлевы, Яўстратавы і іншыя. Як дзве борці на адным дрэве, паабапал адной дарогі знаходзіліся і два паселішчы – Вялікія і Малыя Бортнікі. Цікава, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя сяло Бортнікі ўваходзіла ў спіс месц, зручных для размяшчэння ротнага штаба пяхоты альбо эскадроннага двара кавалерыі. Прычым сялом былі Малыя Бортнікі з праваслаўнай царквой, тут налічвалася 34 двары. У вёсцы Вялікія Бортнікі ў 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, настаўнікам у якім у 1872 годзе быў выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Аляксандр Ковель. Да 1886 года колькасць двароў у Малых Бортніках павялічылася да 45, тут пражывала 327 жыхароў. Вялікія Бортнікі адрозніваліся па велічыні на 2 двары у большы бок і налічвалі 342 жыхароў. Затое ў вёсцы працавалі школа і 2 млыны. Абодва паселішчы знаходзіліся ў 23-24 вярстах ад павятовага Бабруйска.

Да пачатку ХХ веку і сяло, і вёска пры рэчцы Але значна выраслі. Паводле звестак 1909 года, у Вялікіх Бортніках пражывалі 951 чалавек, а ў Малых Бортніках – на аднаго жыхара больш. Тым не менш, цэнтрам спачатку воласці, а потым сельсавета былі Вялікія Бортнікі. За ўладу Саветаў у Кастрычніцкую рэвалюцыю і пасля яе тут змагаліся А.Г.Голуб і Д.І.Бурак, В.Ф. Котаў і С.І.Шлык, Ф.І.Котаў і А.П.Цэд. Чырвонымі партызанамі з абодвух паселішчаў і навакольных вёсак у 1918-1920 гадах былі К.І.Бабкоў і П.М.Бабкоў, І.А.Дайнека і А.З.Ермакоў, В.М.Жураўлёў і С.Х.Карабцоў, Ц.К.Кот і М.В.Краўцоў, М.І.Мазурчык і П.С.Філімонаў, А.П.Хурсан і В.І.Шапялевіч, іншыя землякі.

У трактарыста Таццяны Шапялевіч - больш 30 год стажа. У трактарыста Таццяны Шапялевіч - больш 30 год стажа.

Роднай зямлі багацце

Так, найбольшы скарб нашай зямлі – яе людзі. Калі сцішыліся, нарэшце, заваёўнікі ды захопнікі самага рознага кшталту, мірныя бортнікаўцы з вялікай ахвотай, прагна пачалі гаспадарыць на спрадвеку ўрадлівых палетках. Новае жыццё літаральна захліснула ўсіх новымі для сялян справамі: у 1920-х стваралі першы спажывецкі кааператыў і гурткі па ліквідацыі непісьменнасці, святкавалі рэвалюцыйныя святы і арганізоўвалі падпіску на газеты. Шмат увагі надавалася аб’яўленай ў 1925-1926 гадах беларусізацыі, ход якой быў так адлюстраваны ў плане работы Бортнікаўскай партячэйкі на чале з сакратаром Новікавым: «…Да 1 снежня 1926 года перайсци канчаткова ячэйцы як у разгаворы, так і па канцылярыі на беларускі язык».

Ніхто ў Вялікіх і Малых Бортніках не хацеў саступіць адзін аднаму. Таму і з’явіліся напачатку 1930-х у іх адпаведна два калгасы – «Чырвоны партызан-1»і «Чырвоны партызан-2». У абедзьвюх гаспадарках працавалі ўдарна, па-стаханаўску. Аб’ядноўвала намаганні вяскоўцаў партыйная арганізацыя. Між іншым, яна ўтрымлівала ў сваім саставе бальшавікоў з іншых калгасаў, якія былі створаны амаль у кожнай вёсцы сельсавета. І ледзь толькі пачалі адчуваць бортнікаўцы асалоду ад плёну сваёй працы перад вайной, як грымнула Вялікая Айчынная. Многія і многія калгаснікі пайшлі на фронт і, на вялікі жаль, не ўсе вярнуліся дамоў пасля перамогі.

А той, хто ўзяўся за аднаўленне разбуранай гаспадаркі, здавалася, працаваў з падвоенай і патроенай сілай. За тых 351 земляка, помнік якім узвышаецца на цэнтральнай сядзібе і сёння ў Вялікіх Бортніках. Сапраўдны прыклад любові да роднай зямлі, незгінальнасці ў цяжкасцях паказвалі ўчорашнія франтавікі і партызаны Піліп Гаўрылавіч Рабус, Лаўрэн Раманавіч Гарэлік, Адам Паўлавіч Хурсан, Яўстрат Сідаравіч Шлык, Пётр Сцяпанавіч Шлык, Мікалай Рыгоравіч Шапялевіч і многія іншыя. Яшчэ ў 1944 годзе была створана садова-агародная брыгада, якую ўзначаліў кавалер ордэна Леніна Ігнат Рыгоравіч Голуб. У 1946 годзе па-ранейшаму дзейнічалі калгасы пад нумарамі ў абодвух Бортніках, толькі назвы іх трансфармаваліся ў проста «Партызан». Шмат дробных гаспадарак заставалася ў наваколлі – «Трэці рашаючы» у Азёрах, «Чырвоная Армія» у Малінаўцы, «Абарона СССР» у Мартынаўцы, «АСААВІЯХІМ» у Пустошцы, «Новае жыццё» у пасёлку Малыя Бортнікі і іншыя.
Нарэшце ў 1950 годзе невялічкія арцелі і больш буйныя «Партызан-1» і «Партызан-2» аб’ядналіся ў сапраўдны «Гігант». Вялікабортнікаўцы амаль з 250 двароў і малабортнікаўцы больш чым з 220 двароў склалі асноўную моц нябачанага раней па маштабах калгаса. Першым яго старшынёй стаў І.І.Худавец. І з цягам часу гаспадарка набыла статус адной з перадавых не толькі на Бабруйшчыне, а і на Магілёўшчыне. Мяняліся кіраўнікі, пакаленні працаўнікоў палёў і ферм, а слава «Гіганта» толькі пашыралася. Ганаруся, што вядомасць бортнікаўскіх бульбы і яблыкаў, малака і мяса, гародніны і элітнага насення збожжавых культур, іншай сельгаспрадукцыі дасягалася намаганнямі соцень маіх землякоў і ў іх ліку майго бацькі.

Старшыня СПК "Гігант" Міхаіл Левакоў. Старшыня СПК "Гігант" Міхаіл Левакоў.

З веку ў век

Да пачатку 1980 гадоў непазнавальна змянілася аблічча дзвюх суседніх вёсак. Зразумела, Вялікія Бортнікі, як цэнтр калгаса і сельсавета, добраўпарадкаваўся больш і лепш, тут канцэнтраваліся ўсе неабходныя даброты – машынны двор, Дом культуры, гандлёвы комплекс, Дом быту, школа, фельчарска-акушэрскі пункт. Малыя Бортнікі як бы адышлі на другі план, затое тут вырасла, працавала і жыла Герой Сацыялістычнай Працы цялятніца Любоў Паўлаўна Цэд. І хаця ў вёсках тады пражывала адпаведна каля 950 і 510 чалавек, больш ніхто залатую зорку ва ўзнагароду не атрымаў. А прэтэндавалі на яе і кавалер ордэнаў Леніна і «Знак пашаны» механізатар А.А.Цэд, і ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак пашаны» хлебароб М.Ц.Хурсан, і ўдастоены ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў бульбавод У.В.Акуліч. Суцяшала вялікабортнікаўцаў думка, што ў горадзе на Сажы ў адным з цэхаў «Гомсельмаша» працаваў іх зямляк Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Мікалаевіч Хурсан.

Яшчэ добры дзясятак гадоў прырастаў «Гігант» вытворчымі здабыткамі, перадавікамі, поўніліся жыхарамі адны і другія Бортнікі – у Вялікіх на пачатак 1991-га жыло каля тысячы вяскоўцаў, у Малых – больш паўтысячы. Узоры працы на палях і фермах паказвалі А.Д.Арцёменка, П.А.Печань, М.М.Іваноў, Л.П.Гарэлік,Г.А.Кулагіна, І.А.Хурсан, В.І.Шапялевіч, браты Дзеркачы, шмат іх паплечнікаў. Удала працягваў ўзначальваць гаспадарку старшыня Міхаіл Пятровіч Левакоў. Але няўдала пачатая ў вялікім СССР перабудова зверху накрыла, як рухнуўшым дахам, усе здабыткі і ўсе спадзяванні не толькі бортнікаўцаў, а і мільёнаў савецкіх людзей. Добра яшчэ, што ў Беларусі не сталі ламаць на калена ўсё зробленае пакаленнямі папярэднікаў. Пакрысе і «Гігант» вярнуўся ў звычную каляіну высопрадукцыйнай працы, атрымання патрэбных аб’ёмаў сельскагаспадарчай прадукцыі, паляпшэння дабрабыту вяскоўцаў. Толькі апошнім часам былі пабудаваны вялікае бульбасховішча, два заводы па перапрацоўцы насення збожжавых, зернебабовых і рапса, сёлета рыхтуецца да ўводу ў эксплуатацыю камбікормавы завод.

Намеснік старшыні Мікалай Сакун. Намеснік старшыні Мікалай Сакун.

Абедзве галоўныя вёскі гаспадаркі забудаваны катэджамі, дабротнымі дамамі. Як на прамысловым парадпрыестве – з выкарыстаннем высокапрадукцыйнай тэхнікі і прагрэсіўных тэхналогій – арганізавана работа ў галіне насенневодства і жывёлагадоўлі . У новых умовах гаспадарання вопытны М.П.Левакоў здолеў наладзіць справу так, што шмат гадоў наш СПК знаходзіцца ў ліку лідараў не толькі на Бабруйшчыне, а і на Магілёўшчыне. Летась, напрыклад, лепшымі ў раёне прызнаны некалькі нашых спецыялістаў і механізатар . Па-ранейшаму, вялікім попытам не толькі ў нашай краіне карыстаюцца элітнае насенне збожжавых і зернебабовых, бульбы, не кажучы пра ялавічыну і свініну, што вырашчаны на бортнікаўскай зямлі. Новы век узяў разбег, і я ўпэўнены, што зямля наша будзе толькі маладзець, з кожным годам прырастаючы маладымі сем’ямі, новабудоўлямі, ураджаямі.   

Крама калгаса "Гігант" у Бабруйску, 1956 год. Крама калгаса "Гігант" у Бабруйску, 1956 год.