Памёр Ганаровы грамадзянін Бабруйшчыны, паэт Мікола Аўрамчык

7088
Сёння ў Мінску пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Ганаровы грамадзянін Бабруйшчыны, найстарэйшы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Мікола Якаўлевіч Аўрамчык. Яму было 97 гадоў.

Мікола Якаўлевіч Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў Плёсах Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў школы ў Плёсах і Цялушы. У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», пазнаёміўся з Янкам Купалам, Кузьмой Чорным, Алесем Салаўём.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 года трапіў у палон да іспанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949).

Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953—1980 — рэдактар аддзелу паэзіі часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў з 1947 года. Дэбютаваў вершамі ў 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст».

Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), «У падзямеллі» (раман, 1986), «Анкета: Выбранае» (1990), зборніка вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 т. (1980). Аўтар кнігі «Знаёмыя постаці» (2004), прысвечанай беларускім дзеячам. Разам з Н. Гілевічам аўтар «Сказу пра Лысую гару».

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля, Г. Эміна, І. Куратава, С. Ясеніна, Я. Смялякова, зборнікі вершаў С. Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В. Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М. Нагнібеды «Васілёк» (1961) і іншае.

Мікола Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».

Развітанне з Міколам Якаўлевічам адбудзецца 10 мая ў 10.30, у развітальнай залі Лечкамісіі (Мінск, вуліца Чырвонаармейская 10), — паведамляе прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Рэдакцыя «Вячэрняга Бабруйска» далучаецца да шчырых спачуванняў родным Міколы Аўрамчыка.

Мікола Аўрамчык. Мінск, снежань 2014 года. Мікола Аўрамчык. Мінск, снежань 2014 года.

Прапануем вашай увазе паўтор інтэрвью Міколы Аўрамчыка нашаму карэспандэнту Аляксандру Казаку, прысвечанага 95-годдзю аўтара. Гутарка адбылася на пачатку 2015 года.

 Аб часе і аб сабе

— Мікола Якаўлевіч, з вышыні пражытых гадоў як лічыце: зараз больш выгод ці заган у вашым узросце?

— Адразу і не скажу… Ведаеш, губляецца ўжо і памяць, са словамі нейкае замыканне здараецца. У астатнім, быццам бы, нічога, лепш. Канешне, мудрасці гады дадалі, навучылі стрымліваць эмоцыі.

— Да каго ці чаго вяртае часцей памяць?

— Ну, гэта як калі. Безумоўна, у думках не згасаюць драматычныя і трагічныя эпізоды ваеннага часу, перад вачыма паўстаюць твары таварышаў і сяброў. Амаль штодня прыгадваю калег па працы ў літаратуры — і Якуба Коласа, і Аркадзя Куляшова, і Максіма Танка, нейкія падзеі, звязаныя з імёнамі Машэрава, Аксёнава, іншых кіраўнікоў Беларусі таго часу. Але найбольш у сэрцы, з чым кладуся і ўстаю — малюнкі маёй малой радзімы.

— А што для вас ёсць Радзіма, з вялікай літары?

— Цяжка сказаць, ад яе ўжо не ўсё засталося. Яна і загублена, і страчана.

— Як вам сённяшні ўзровень цывілізацыі? Ці прыкмячаеце яго?

— Не, шчыра кажу, адстаў. Нават не разумею, як без пішучай машынкі радкі праз камп’ютар на аркуш трапляюць. Адстаў я безнадзейна. Унучка набірае тэксты, а на маю машынку стужкі ўжо не знайсці.

— Затое вы для нашчадкаў захоўваеце былое, так бы мовіць, ад першай асобы…

— А ці трэба гэта каму? Мне здаецца, не ўсім цікавая нашая мінуўшчына.

Бабруйскія журналісты і паэты ў гасцях на дачы Міколы Аўрамчыка ў вёсцы Ступяні Бабруйскія журналісты і паэты ў гасцях на дачы Міколы Аўрамчыка ў вёсцы Ступяні (злева направа): Ганна Сямёнаўна, Леанід Чабатароў, Мікола Якаўлевіч Аўрамчык, Наталля Нятлеўская, Наталля Сысой, Аляксандр Новік, Аляксандр Казак. 2010 год.

— Дык вы не ўпэўнены ў нашай змене?

— Я крыху разгублены і нават сумняваюся. Як Лермантаў пісаў: «Гляжу на будущность с боязнью, гляжу на прошлое с тоской». Можа, гэта ад таго, што я бачу і чую ад маладых… Але ж без нашага не будзе і іхняга. Не я гэта прыдумаў.

Аб творчасці і не толькі

— Мікола Якаўлевіч, вы акрамя ўсяго іншага яшчэ і вядомы перакладчык украінскай паэзіі. Як вы ўспрымаеце падзеі, што адбываюцца ў суседняй паўднёвай краіне?

— Для мяне там усё так заблытана, так незразумела… Тым не менш, і сёння ў мяне ёсць сябры ва Украіне. Яны, праўда, маладзейшыя на добры дзясятак гадоў, але прывітанні перадаюць і я ім таксама. У свой час акрамя Шаўчэнкі, Франка, Лесі Украінкі, я перакладаў і жывых класікаў — Паўла Тычыну, Максіма Рыльскага, Андрэя Малышку, Міколу Бажана. Да ўсяго, я ж, можна сказаць, данбаскі — працаваў там, ведаў многіх, калі пісаў раман.

— Гэта таксама страчанае з той вялікай Радзімы?

— Так, мы ж тады знаёміліся і былі знаёмыя з творчасцю самых розных народаў. Я, напрыклад, перакладаў вершы нават пачынальніка комі літаратуры Івана Куратава, эстонскіх аўтараў… Душа баліць за разбэрсанае, незахаванае.

— А што скажаце аб сучаснай Расіі?

— Там таксама настолькі ўсё заблытана. Але ж мы славяне і павінны быць разам.

— Беларусь, на вашу думку, камфортная для жыцця краіна?

— Для мяне — канешне. Я без Беларусі ніякі не жыхар. Сёння Беларусь — тая самая Радзіма, яб якой мы казалі вышэй.

— Тады я таксама вярнуся крыху назад: як вы сумуеце па сваёй «Бабруйшчыне зялёнай»?

— А вось уяві сабе, кожны дзень дэкламую гэты верш. Акрамя таго, кожны тыдзень тэлефаную ў Ступяні, Цялушу, якія сталі нават бліжэй чым Плёсы, дзе ўжо нікога няма з блізкіх. Прыгадваю і даваенны Бабруйск — той Бабруйск, куды мяне запрашалі на працу ў газету. Але мяне перахапіў Мінск, мой настаўнік Аркадзь Куляшоў.

— І вы скарысталіся шанцам перабрацца ў сталіцу?

— Скарыстаўся шанцам стаць паэтам. Увогуле, шанец быў у тым, што мяне выклікалі на курсы пачынаючых пісьменнікаў. Усё астатняе — гэта шанцаванне і праца. І паступленне ў педінстытут, і работа ў рэдакцыі «Піянера Беларусі», і шматлікія знаёмствы.

Старыя сябры Ганна Сямёнаўна і Мікалай Якаўлевіч з Абрамам Ісаакавічам Рабкіным у Ступянях. Бабруйскі раён, 2011 год.Старыя сябры Ганна Сямёнаўна і Мікалай Якаўлевіч з Абрамам Ісаакавічам Рабкіным у Ступянях. Бабруйскі раён, 2011 год.

 І зноў аб моладзі

— Мікола Якаўлевіч, якія парады або наказы вы дасцё сучаснай творчай моладзі?

— Усё жыццё маё, бадай, не лічачы апошняй чвэрці стагоддзя, было напрамую звязана з маладымі паэтамі і празаікамі. У «Чырвонай змене» і «Полымі» працаваў чатырнаццаць гадоў, у «Маладосці» — дваццаць сем. І заўсёды быў звязваючым звяном паміж пакаленнямі літаратараў. Паміж старэйшымі Максімам Танкам, Піменам Панчанкам, Янкам Брылем, Іванам Мележам, Іванам Шамякіным і маладзейшымі Рыгорам Барадуліным і яго паплечнікамі. Дык вось найшчырэйшае і найсвяцейшае маё пажаданне: трэба захаваць спадчыну, пакінутую іх талентам, і вучыцца на ёй.

Мікола Аўрамчык падчас сустрэчы з бабруйскімі школьнікамі. Пачатак 2000-х. Мікола Аўрамчык падчас сустрэчы з бабруйскімі школьнікамі. Пачатак 2000-х.

— Чым быў для вас асабіста часопіс «Маладосць»?

— Гэта была мая стыхія, маё ўсё. Не ўяўляю сябе без «Маладосці». А як усё атрымалася: я ж не хацеў пакідаць «Полымя», але напалохаўся, калі выклікаў Машэраў і прапанаваў працаваць у «Маладосці». Максім Танк заўсёды пытаўся ў калег, чаму Аўрамчык пайшоў? Дык яму падсоўвалі падаплёку: маўляў, сам хоча кіраваць, вось і выпрошвае пасаду. А атрымалася ж ўсё наадварот.

 Аб даўгалецці

Мікола Аўрамчык на свяце Пушкінскай паэзіі, што штогод праходзіць у весцы Цялуша Бабруйскага Мікола Аўрамчык на свяце Пушкінскай паэзіі, што штогод праходзіць у весцы Цялуша Бабруйскага раёна. 2012 год.

— Мікола Якаўлевіч, ведаю, што ў вас часта пытаюцца пра сакрэты вашага доўгага веку. А ці ёсць яны?

— Так, неаднаразова адказваў на падобныя пытанні. Казаў, што ў родзе няма даўгавечных сваякоў. І бацькі, і браты з сёстрамі пражылі звычайнае жыццё. Мне ж у гады вайны давялося папаесці шмат зеляніны — не шчаўя са шпінатам, а дзікай травы. Напэўна, тыя вітаміны і падарылі мне гэтулькі гадоў. Ну, і яшчэ, па сакрэту: трынаццаць гадоў запар я штодзень выпіваў па трыста пяцьдзясят грамаў крымскай мадэры, калі жыў у Ялце…

— Некаторыя лічаць, што вытрываўшыя вайну заўсёды мацнейшыя, больш загартаваныя.

— Упаўне можа быць. Мне выпалі выпрабаванні ў адзінаццаці ці дванаццаці фашысцкіх лагерах. І ў кожным былі свае нагрузкі, свае «дыеты». З першага ў Ноўгарадзе, куды змясцілі іспанцы, я ўцёк. У другім, куды прывялі, думаў, што расстраляюць. Потым Мядзведзь-лагер, Аракчэеўскія казармы, Порхаў-лагер, Пскоў, далей — лагер смерці ў Дзвінску, затым — шталаг у Германіі… І не ўсюды нават лебяда была.  

— У вашым рамане «У падзямеллі» апавядаецца пра сапраўднага нямецкага камарада, што падкормліваў героя-ваеннапалоннага. Гэта аўтабіяграфічны факт?

— Так, фактычна ён мяне выратаваў, даючы штодзень бутэрброд — паміж лустамі хлеба скрылёк сала.

— Зноў вам пашанцавала?

— Праўда, не ўсім гэтак шчасціла. Эстонец-наглядчык застрэліў майго таварыша па нарах, калі той, з’еўшы пяць ці шэсць нейкіх карэньчыкаў, літаральна палез на  лагерныя вароты. Я тады паспеў праглынуць толькі два  невядомых карэньчыкі, дык мне зрабілася дрэнна.

Мікалай Якаўлевіч з дачкой Наталляй. Мінск, 2014 год. Мікалай Якаўлевіч з дачкой Наталляй. Мінск, 2014 год.

— Хваробы таксама панавалі ў няволі?

— У рэшце рэшт, і я захварэў на малярыю. Мяне накіравалі ў так званы шахцёрскі шталаг. Дык лячылі там нашы дактары-ваеннапалонныя. На фронце былі ўжо пагоны, а ў іх яшчэ пятліцы з кубікамі ды шпаламі — час тады спыніўся для нас… 

 

На трэцяй гадзіне гутаркі ў мінскай кватэры Міколы Аўрамчыка пацікавіўся, ці не стаміў пытаннямі паважанага суразмоўцу? Той, падкрэсліўшы, што не скарыстаўся ніводнага разу спрэем ад астмы, быццам устрапянуўся, і размова наша набыла новы імпульс. І яшчэ добрую гадзіну працаваў дыктафон.

Няхай жа і надалей адчувае сябе добра наш зямляк, ардэнаносец, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Няхай радуюць Міколу Якаўлевіча жыццё і людзі вакол яго. І няхай застаюцца злабадзённымі словы, што напісаў калісьці пра яго Анатоль Грачанікаў:

Ён — як сякера ў нашчорбінах,

З якой наперад час ідзе.

 Аляксандр КАЗАК. Фота аўтара і з архіву рэдакцыі

Бабруйску

Цябе, мой райцэнтр знакаміты,
Я ў памяці змалку збярог,
З чыгункамі дзвюма спавіты
Сямёрай шасейных дарог.

Калісьці, як быў павятовым,
Няйнакш, як чакаючы змен,
Зямлі ты прыдбаў дастаткова
Губернскі ўладаў якой Менск.

Па колькасці люду і згодна
Фабрычна-заводскай вагі,
Райцэнтр, з нараджэння мне родны,
Ты ў вобласці горад другі.

А колісь, не цягнучы лямкі,
Бо толькі вучыўся, як жыць,
Выкоўваў завесы і клямкі,
Рабіў секачы і нажы.

Я помню цябе акруговым
І ведаў цябе абласным,
Калі замацоўваўся новы
Жыцця лад у краі лясным.

Твой герб, як не скончаны ўмельцам,
Бабрыны нагадвае дом,
Што з трох скрыжаваных бярвенцаў,
Але не з бабром, а з жуком.

Шкада, што быў колісь малы я,
Каб гладзіць у друку рукой
Твае лесапільні былыя,
Фанерны завод за ракой.

А я да цябе ездзіў ранкам
Падводай па мосце, які
Пазней без людзей, без фурманкаў
Зваліўся ў прадонне ракі.

На месцы лесакамбіната,
Чый знала Еўропа гудок,
З не ўсім зразумелаю назвай
Узнік у Бабруйску "ФанДОК".

Нязнанне — благая манера,
Тым больш, што з нядаўніх часоў
Пачаўся ў нас выраб фанеры
З драўніны мясцовых парод.

Ад Свіслачы, ад Прыдняпроўя
То стогне наш лес, то пяе,
Падлечвае людзям здароўе,
Падлічвае страты свае.

Я помню, як ты пэўным чынам
На жорне, што ў глебу ўрос,
Нацягваў жалезныя шыны
На колы з драўляных калёс.

Цяпер робіш з цвёрдай асновай
Памерамі рознымі шын
Нязносны абутак гумовы
На колы для аўтамашын.

На працы трымаеш ты марку,
Каб справы ішлі ў нас на лад
Для вёскі, з яе гаспадаркай,
Шмат робіш тэхнічных прылад.

Не трэба ніякай праверкі,
Прэтэнзій не знойдзецца ёй,
Да смачных бабруйскіх цукеркаў,
Да мэблі славутай тваёй.

Фасонны абутак, адзенне,
Дэталі дзеля трактароў:
Усё гэта выраб надзейны,
Набытак тваіх жыхароў.

Скажу, не згушчаючы фарбаў,
Меў шчасце наведваць я іх:
Рабочых заводаў і фабрык,
Студэнтаў і вучняў тваіх.

Мяне колісь наша газета
Зрабіла, селькора твайго,
Адным з пачаткоўцаў-паэтаў
Тваім і раёна свайго.

Не помніць мяне, гэта знаю,
Ніхто ўжо з тваіх слухачоў,
Дык, можа, хоць зараз пазнае
Хто-небудзь з маіх чытачоў.

Падлечвае твой санаторый
Народу, што не падлічыць…
Ён змог і мяне з гэтых хворых
Да ўзросту майго падлячыць.

Вялікае дзякуй за гэта
Яму і яго дактарам!
Хвала здраватворным іх лекам
І ўсім іх медычным дарам!

Ад назвы Бабруйкі-рачулкі
(Ёй кланяўся я на каньках)
І процьмы бабрыных прытулкаў
Імю твайму жыць у вяках.

Таму да цябе ўжо наяве
Праз гэтую назву ў вяках
Бабёр перабраўся з выявы
Ці скульптара, ці мастака.

Стаіць перад рынкам ён з бронзы,
Людскі разглядаючы вір,
Змяняецца выглядам розным,
Уздзеў капялюш набакір.

Як больш праявілі гасціннасць
І клопат твае жыхары,
Узніклі яшчэ ў дзвюх мясцінах
Два ў розных паставах бабры.

Шкада, што майстры ў гэтай справе
Кутка не знайшлі для бабра
На простай, звычайнай выяве
Твайго гарадскога гярба.

Хоць, праўда, затое па-руску
Якійсьці з тваіх жыхароў
Тут піва назваў не "Бабруйскім",
А "півам сапраўдным "Баброў".