Былі, зразумела, і над імі начальнікі, але, што цікава, прозвішчаў ад назваў іх пасад гісторыя чамусьці не захавала. Скажам, каралеўскі селянін, што займаўся вырабам колаў для экіпажаў, зваўся калеснікам, а яго напарнік, які выштукоўваў драўляную частку экіпажа, стэльмахам – дык яны і дайшлі да нас у выглядзе нашчадкаў. Тое ж самае з дзясятнікамі і алейнікамі, якія адпаведна наглядалі за выкананнем сялянамі павіннасцей і ціснулі алей; мысліўцамі і харужымі, што арганізоўвалі звярыныя промыслы і былі сцяганосцамі і завадатарамі вайсковага адпору ворагам. Не, прозвішчы Кароль, Маршал таксама носяць нашы сучаснікі, але непараўнальна менш. Дык давайце узгадаем, кім былі нашы продкі гадоў так з 500-400-300 таму…
Начальства важнае…
Літаральна кажучы, маршалак – гэта старшыня ў савеце саноўнікаў, старэйшы ў грамадскім пасяджэнні або ў войску. І гэта была дзяржаўная пасада ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім. Маршалкам называўся таксама кіраўнік шляхецкай канфедэрацыі і (з указаннем горада размяшчэння) часткі шляхецкай канфедэрацыі. У XIV-XVIII cтагоддзях адпаведна ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім да вышэйшых дзяржаўных пасад адносіліся маршалкі вялікі каронны і вялікі літоўскі. Вышэйшым вайсковым званнем, якое адпавядала фельдмашальскаму, у Польшчы было званне маршалка польнага. Затым па ступені паніжэння ў іерархіі размяшчаліся маршалкі: надворны каронны – намеснік вялікага кароннага; надворны літоўскі – намеснік вялікага літоўскага; гаспадарскі – першапачаткова намеснік вялікага літоўскага, пазней малазначная цырыманіяльная пасада пры двары вялікага князя літоўскага; павятовы – загадваў арганізацыяй павятовага сейміка ў ВКЛ; трыбунальскі – загадваў арганізацыяй трыбунала ВКЛ. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі маршалкамі ці маршаламі называліся павятовыя і губернскія прадвадзіцелі дваранства.
Цікава, што некаторых носьбітаў высокага звання ў Польшчы можна было з выгадай… забіць. Размова ідзе пра маршалка звянзковага, які ў канцы XVII стагоддзя належаў да забароненай канфедэрацыі. Тагачасны польскі ўрад дазваляў ліквідаваць гэтых іншадумцаў, прычым двараніна-забойцу чакала ўзнагарода, а селянін-кілер рабіўся дваранінам.
Падскарбій – гэта быў старажытны чын у Польшчы і Літве, які адпавядаў пасадзе цяперашняга казначэя. Былі падскарбіі вялікія, што загадвалі фінансамі і дзяржаўнай маёмасцю, – яны насілі званне сенатараў, уваходзілі звычайна ў склад паноў-рады або дзяржаўнага савета, захоўвалі карону і дзяржказну, мелі падначаленых прабірмайстраў і манетчыкаў. Падскарбіі каронныя выдавалі каралеўскія скарбы і чаканілі манеты. Надворныя падскарбіі былі намеснікамі і памочнікамі каронных і ў адсутнасць апошніх збіралі даходы з каралеўскіх маёнткаў, размяркоўвалі іх у адпаведнасці з указаннямі караля. У Польшчы насіўшых званне падскарбіяў было пяцёра: двое вялікіх – польскі і літоўскі, што загадвалі дзяржаўнай казной; двое прыдворных (надворных) – каронны (польскі) і літоўскі, якія распараджаліся ўласнай каралеўскай казной; і падскарбій прусскіх зямель, што ўваходзілі ў склад Польшчы. З 1504 года вялікія падскарбіі назіралі за зборам даходаў, чаканкай грошай, выдачай жалавання войскам, аб сваёй дзейнасці яны давалі справаздачу на пасяджэннях Сейма.
Абозны быў вышэйшай пасадавай асобай, у абавязкі якой уваходзіла стварэнне вайсковага абоза на месцы, што пазначыць камандуючы войскам. Галоўных абозных было два – вялікі каронны і вялікі літоўскі. Прадвадзіцелем жа войска ў старажытнасці быў ваявода, які пазней зрабіўся грамадзянскім саноўнікам і належаў да ліку сенатараў. Ваяводы былі таксама начальнікамі акруг або правінцый – ваяводстваў. Учас усеагульнага апалчэння галоўныя кіраўнікі шляхты таксама называліся ваяводамі, і пасада гэта адпавядала княжацкай. Існавалі і памочнікі ваявод – падваяводы, у абавязкі якіх уваходзілі назначэнне ў ратушы разам з ратманамі і прысяжнымі цаны на рэчы, штрафаванне мяшчан за патрабаванне імі большай платы супраць таксы, спагнанне з яўрэяў устаноўленых падаткаў. Сілавы, так бы мовіць, блок дапаўнялі кашталяны – другія асобы пасля ваявод, што былі камендантамі крэпасцей і таксама засядалі ў сянаце.
Шмат людзей забяспечвала нацыянальную бяспеку шматнацыянальнай дзяржавы. Адной з самых прэстыжных пасад у Польшчы і Літве таго часу лічылася званне стражніка. Нездарма іх спачатку выбіралі гетманы, яны ахоўвалі край ад татарскіх набегаў і тэарэтычна кожны мог стаць калі не вялікім, дык польным стражнікам. З 1776 года іх наогул пачаў выбіраць сам кароль і прызначыў адпаведнае грашовае ўтрыманне: вялікаму – 14 тысяч злотых, польнаму кароннаму – 8 тысяч, літоўскаму стражніку – 6 тысяч злотых у год. Праўда, у той час іх урадавая функцыя звялася да прысутнасці ў залах пасяджэнняў вайсковых судоў.
Адказную задачу выконвалі і так званыя гаявыя (не блытаць з сучаснымі гаёвымі) або гайнікі – начальнікі над ляснічымі ці асочнікамі. Іх дзеянне не распаўсюджвалася на нейкія шляхі зносін, але яны былі заклапочаны справай, блізкай і сённяшнім служывым у пагонах. Бо ў літаральным разуменні асочнікі займаліся сыскам, вышукам парушальнікаў правілаў у каралеўскіх пушчах і на звярыных ловах, рабілі ардынацыю ў лясніцтвах. За грамадскімі ж дарогамі, мастамі і плацінамі назіралі мастаўнічыя. Паколькі соль заставалася па-ранейшаму каштоўным прадуктам, то і кантроль за яе здабываннем быў ускладзен на дзяржаўнага чалавека, якога ў афіцыйных дакументах паважліва называлі «magister pontium», хаця саміх загадчыкаў саляных радовішчаў у народзе звалі даволі смешна – жупнік, ад назвы жуп, якое азначае месца здабычы солі.
А вось паняцце «цівун» перайшло ў Літву з Расіі і мела дзве разнавіднасці: цівуны вышэйшыя – з шляхты і цівуны сельскія – з сялян. Першыя хаця былі і ніжэй княжацкіх намеснікаў, але будучы дзяржаўцамі княжацкіх маёнткаў, былі суддзямі ўсіх без выключэння жыхароў сваёй акругі і разам з тым – зборшчыкамі казённых падаткаў. У некаторых княствах (напрыклад, Жмудскім) цівуны карысталіся правамі падкаморыяў. Падкаморый, у сваю чаргу, у Каралеўстве Польскім і Вялікім княстве Літоўскім выступаў як суддзя па спрэчках аб межах маёнткаў у падкаморскіхсудах. Пасада была даволі прэстыжнай, яезаймалі прадстаўнікі многіх шляхецкіх радоў,напрыклад, Сабескіх і Храпавіцкіх. Існавалі два прыдворных падкаморыя (каронны і літоўскі), апошнімі ў розны час былі Рыгор Хадкевіч і Януш Радзівіл.
… і менш высокае
Невялічкае, але важнае падраздзяленне складалі два (!) пісары каралеўскай канцылярыі. Яны былі прысяжныя і знаходзіліся пад эгідай канцлераў і віцэ-канцлераў. Абавязкам іх было ўпісванне ў метрыкі прывілей, вызначэнняў, рэскрыптаў і рознага рода звестак. Канцлер ВКЛ, у сваю чаргу, быў – начальнікам канцылярыі Вялікага князя Літоўскага, міністрам замежных спраў, вышэйшай пасадавай асобай, што кіравала дзяржавай у адсутнасць вялікага князя. Ён таксама старшынстваваў у асэсарскім і надворным судах. Акрамя пісараў канцлеру падпарадкоўваліся падканцлер, сакратары вялікай і малой пячатак.
Нямала тусавалася розных памочнікаў непасрэдна вакол каранаванай асобы. Па-першае, адказныя людзі вельмі клапаціліся аб вяльможным страўніку. Каралеўскай кухняй загадваў адмысловы чалавек кухмістр. Ён назіраў за паварамі, адпаведна стольнік з падстолім і чашнік з падчашым сервіравалі і застаўлялі напоямі вялікакняжацкі стол, канечне, спачатку пакаштаваўшы іх. Цікава, што нават у манаршага сервіза таксама быў свой наглядальнік. Гэтаксама як і ў каралеўскіх каштоўнасцей, зброі, сцяга, касы для ахвяраванняў, адзення ў дарозе і сталовых у маёнтках. А яшчэ адмысловы камергер-пасцельнічы меў абавязак спаць у галоўнай апачывальні краіны. Конюхі седзельныя былі звычайнымі кучарамі, але таксама належалі да двара. Пташнік наглядаў за паляваннем на птушак у каралеўскіх угоддзях.
А хто кіраваў на месцах? У першую чаргу, старасты і дзяржаўцы. Стараста ў павеце кіраваў зборам падаткаў,сачыў за парадкам, за дзейнасцю суда, за выкананнем павіннасцей ― ваеннай, дарожнай, падводнай (пастаўкай падвод-калёс). Ён прызначаў у вёсках і мястэчках, што ўваходзілі ў павет, сельскіх войтаў, соцкіх, дзясяцкіх. Стараста ў Бабруйску выконваў і паліцэйскія абавязкі – назіраў, каб корчмы ставіліся толькі ў прызначаных месцах на вялікіх праезных дарогах, каб самі дарогі не пракладвалі без патрэбы абы дзе, каб праходзячыя жаўнеры не рабавалі сялян і каб казакі не хадзілі па валасцях за калядой. Менавіта гэткі вобраз бабруйскага дзяржаўцы, а потым старасты Пятра Трызны захавалі архіўныя дакументы. Узгадваюць таксама яны старцаў Бабруйскай воласці Хведара Варановіча, Сцяпана Парахню.
Дзяржаўца – прыйшоў на змену цівуну ў сярэдзіне XVI века. Выконваў адміністрацыйна-судовыя функцыі падведамаснага яму дзяржаўнага маёнтка (дзяржавы): збор падаткаў, нагляд за рамонтам і станам будынкаў, арганізацыю аховы, забеспячэнне рабочай сілай маёнтка, правядзенне інвентарызацыі, раздачы шляхце пустак за вайсковую службу. Таксама дзяржаўца судзіў гасподскіх сялян і мяшчан у гарадах без магдэбургскага права. Яму падпарадкаваліся ляснічыя, баброўнікі, гаевікі, дзякі, падканюшыя і іншыя.
Войт стаяў на чале горада са сваімі памочнікамі – сотнікамі. І хаця некаторыя архіўныя дакументы сведчаць, што войт прызначаўся адміністрацыяй, але рабілася гэта з улікам хадайніцтва гарадской грамадскасці. Пасля заняцця пасады ён абавязаны быў «доглядаць за парадкам», «… парадак у месцы захоўваць, а сам крыўды і ўціску мяшчанам… не мае чыніці» і данасіць замкаваму ўраду аб гарадскіх патрэбах. Войт таксама рабіў гарадскія «порубі» і «размёты», збіраў грошы «да скрынкі месцкай». Бабруйская грамата сведчыць, што па жаданні мяшчан войт быў абавязаны даць справаздачу. У гісторыі нашана горада захавалася імя войта Грышкі Хвата.
Сотнік – праз назначаных ім дзясятнікаў сачыў за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў. У Бабруйску, напрыклад, забяспечваў выкананне замкавых работ для забеспячэння абароны, удзельнічаў у пасяджэннях гарадской рады. Кожны з сотнікаў атрымліваў пад сваю «справу пэўную частку людзей»; галоўным абвязкам сотніка было з'яўляцца са сваёй часткай на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля, г. зн. ён быў ваенным начальнікам сваіх сотняў. Цікава, што без яго адабрэння войт не мог прымаць важныя рашэнні.
У старажытным Бабруйску пад сотнікам служылі замкавыя пушкары, казакі Мацюша Лашуковіч, Шчыт Скібіч, Мацвей Валынец, Мацвей Салецкі, Фёдар Хоцімскі і іншыя.
Хапала на простых гараджан і іншых начальнікаў. Напрыклад, Адам Шаблоўскі ад скарбавага каралеўскага слугі ўзняўся да бабруйскага рэвізора. Бабруйскай мытай загадвалі бурмістры Федзька Цыцула і Сямён Каленіковіч. А былі ж яшчэ барышнікі, што назіралі за купляй-продажам на рынку ды на кірмашах. Лежыя накіроўваліся ў дамы бабруян, як толькі тыя дапускалі нейкія хібы ў выплаце падаткаў. Не абыходзіліся справы, асабліва судовыя, і без пісараў. Яны былі земскія і гродскія, бо працавалі ў земскіх і гродскіх судах. Прычым пісараў выбіралі, як і членаў судоў, дваране, а зацвярджаў кароль. У іх абавязкі ўваходзіў запіс вызначэнняў судоў у актавыя кнігі. І хаця пісары не мелі голаса, які прама ўздзейнічаў бы на вырашэнне справы,але думка іх была надзвычай паважанай. Невыпадкова аднойчы Уладзіслаў Ягайла запісаў у сваёй пастанове: «Хто адмаўляе пункт гледжання земскага пісара, той павінен даць яму лісіную шубу». У адсутнасць суддзяў справы аб выкупе маёнткаў, беглых сялянах вырашалі таксама земскія і гродскія пісары.
Падначаленыя ўсіх
Дык вось калі з пасадавымі асобамі больш-менш разабраліся, то з простым сялянствам і пралетарыямі далёкіх стагоддзяў не так усё проста. Напрыклад, хто б гэта маглі быць – ройцінік, жырнік ці рыкуння? Пакапаўшыся ў інвентарах, знаходзім гэткія адказы: ройцінік – конюх, канавод; жырнік – нарыхтоўшчык корму для княжацкіх статкаў; рыкуння або дворнічка – жанчына, прызначаная для догляду кароў пры каралеўскіх фальварках. Цікава, што пры кожным фальварку прадугледжвалася ўтрымліваць 20 рагуль, а іх даглядчыцам прызначалася ў год па 2 капы грошай і па 4 бочкі жыта. І наадварот, рэзнікі-мяснікі Бабруйска з кожнай забітай жывёліны аддавалі на дваровае кіраванне грудзінку альбо лапатку і камень лою (сала) штогод.
Даволі распаўсюджанымі былі ў Бабруйскай воласці агароднікі, што карысталіся 3 моргамі агарода, за якія неслі «службу пешую» адзін дзень у тыдзень. Пры гэтым жонка агародніка ўлетку павінна была адпрацаваць 6 дзён на жніве альбо праполцы. У старажытным горадзе на Бярэзіне быў вядомы Пачынскі агарод, якім карысталіся так званыя падсуседкі – сяляне, што не мелі ўласнай зямлі і арандавалі яе ў мяшчан. Інвентар Бабруйскага стараства захаваў для нас таксама імёны агароднікаў Брожскага двара – Івана Валовіча і Янука Фурсы…
Добра яшчэ, што славянскія мовы настолькі роднасныя, што беларусы шмат чаго разумеюць у польскіх, напрыклад, тагачасных назвах прафесій. Злотнік у сярэдневеччы – залатых спраў майстар, мыльнік – мылавар, саленнік – прадавец салёнай рыбы, шкляр – хто шкліў вокны, саннік – хто рабіў сані, саладоўнік – хто рабіў солад, хмельнік – хто прадаваў хмель, лучнік – хто рабіў стрэлы і лукі. А ці ж невядомыя нам кушнер, цесля, рымар, пекар, кравец, што так і застаюцца ў нашым жыцці з тых часоў! Некаторыя найменні, праўда, крыху змяніліся – напрыклад, раней быў мураль, а зараз муляр.
А іншыя прафесіі ды спецыяльнасці пакрысе выйшлі ці выходзяць з нашага ўжытку, з’яўляюцца экзатычнымі. Хто, скажам, ведае сёння абруснага, што займаўся тканнем абрусаў? Або рукавічніка, што вырабляў пальчаткі? Альбо страхара, што выштукоўваў цэглу? А канвісаржа – ліцейшчыка алавянных вырабаў, машталержа – даглядчыка канюшні, шмуклержа – пазументшчыка, шліфляржа – гранільшчыка, лінніка – канатчыка, міраполу – прадаўца духоў, масенжніка – рамесніка па вырабу рэчаў з латуні? Ці, нарэшце, клікуна, што ўначы гукаў, адпалохваючы злодзеяў на вартаванні замка і двара?
Дарэчы, апошнія патрабаваліся ўсё больш. У сярэдзіне XVI cтагоддзя пачала значна павялічвацца колькасць людзей без пэўных заняткаў і аседласці, якіх называлі лезнымі людзьмі. Адпаведна, каб іх лавіць, спатрэбіліся таксама адмыслоўцы – апраўцы альбо збіры, сіпачы. Але большасць тагачасных бабруян, такіх, як Ян Гімбут, Павел Капец, Іосіф Скарына, Іван, Ігнат і Сенька Салтановічы, іх землякі, працавалі на на тартаках-лесапільнях, на цагельнях ды на зямлі.