– Я ведаю, што існуе мэта стварыць музей, і я падтрымліваю гэтую ідэю, - кажа яна. - У мяне быў цяжкі год, шмат паездак, але я заўсёды трымала ў свядомасці, што павінна ў гэтым удзельнічаць. Я ахвярую пяць тысяч долараў, ва ўсякім разе хоць пачнуцца будаўнічыя работы. Калі б кожны з нас, у каго грошай болей, чым у іншых, мог нешта зрабіць для памяці вялікага пісьменніка, мы б жылі зусім інакш. Мы чакаем нейкіх патуранняў дзяржавы, а дзе мы? Чаму мы нічога не робім самі? Гэтаму нам трэба вучыцца ў той жа Еўропы. Там, напрыклад, у месцы, дзе жыў пісьменнік, нават малавядомы, абавязкова адкрыюць музей і паставяць яму помнік. Там усё робіцца для захавання яго памяці, і нават у школах пра гэта гавораць. Ёсць такая культурная пераемнасць. Мы ж недаацэньваем, што такое памяць, што такое вялікі чалавек у нашай культуры.
Але нягледзячы на тое, што мы жывём у такі прамежкавы час, калі планка культурнага жыцця знізілася і ўсю прастору запоўніла матэрыяльная частка, калі людзі занятыя выжываннем, нейкімі матэрыяльнымі рэчамі, усё роўна трэба заставацца людзьмі, трэба назапашваць, як той казаў, айсберг культуры. Жыццё складаецца не толькі з матэрыяльных рэчаў, чалавекам чалавека робіць культура. Трэба чытаць эсэ Адамовіча, яго артыкулы, каб «пашырыць мазгі».
Патрэбны нейкі спіч да багатых людзей. Сёння яны наб'юць кішэні, а іх дзеці, нават калі паедуць вучыцца ў іншую краіну, усё роўна застануцца грамадзянамі гэтай краіны. Таму трэба думаць пра радзіму. Хоць бы адну-дзве справы зрабіце не толькі для сябе, але і для краіны.
– Наколькі вам блізкая тэма Адамовіча і наогул гэты пісьменнік?
– Адамовіч – гэта мой настаўнік. На маю думку, Адамовіч – самы інтэлектуальны чалавек у нашай літаратуры, ва ўсялякім разе я вельмі рада, што ён паставіў мне, вобразна кажучы, машыну мыслення, у яго я вучылася шматлікім рэчам.
– А якім вы запомнілі Адамовіча? Можа, узгадаеце нейкі эпізод?
– Алесь Адамовіч быў дзіўны чалавек. Мы пазнаёміліся, калі выйшла кніга «Я з вогненнай вёскі». Я якраз працавала ў «Сельскай газеце», і мне далі заданне зрабіць з ім інтэрв'ю. Я патэлефанавала дамовіцца аб сустрэчы і зусім нечакана пачула: добра, я да вас забягу. А я думала, што ён, такі мэтр, запросіць кудысьці прыйсці. Ён сапраўды забег у рэдакцыю пасля абеду, і мы з ім пагутарылі. Праз некаторы час перадала яму інтэрв'ю, ён прачытаў і прызнаўся: «Я калі ўбачыў вас, такую маленькую, падумаў: ну што гэта дзяўчынка напіша? Вазьму ўсё і перапішу». Але інтэрв'ю яму спадабалася. З тых часоў мы сталі сябраваць. Гэта былі ўрокі духоўныя. Ён не вучыў мяне пісаць, ён вучыў мяне мысліць. Гэты чалавек вельмі паўплываў на мяне.
– І які ўрок быў самым важным?
– Духоўная асоба складаецца з агульнага поля, агульных уражанняў, яна больш моцная. А вось тое, што я не змагу рабіць так, як ён, – гэта яго дэмакратычнасць. Яму мог патэлефанаваць нейкі малады рэжысёр, і ён бег глядзець зусім нікому не вядомых дзяцей дзесьці на новабудоўлі. У яго кабінеце заўсёды было ўсё завале.