Андрэй Кунцэвіч: Музей — справа агульная

2204
Газета "Звязда". Фото Дмитрия РАСТАЕВА из архива "ВБ".
У падтрымку адкрыцця музея «Вайна пад стрэхамі», прысвечанага Алесю Адамовічу і яго творчасці, у пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Дом, где жил Алесь Адамович.Дом, где жил Алесь Адамович.

- Сёлета пры Бабруйскім райвыканкаме быў адкрыты разліковы рахунак на збор сродкаў для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей Алеся Адамовіча. І першым, хто пералічыў на яго грошы, было галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Пра тое, што рабіцца ў вобласці для таго, каб музей пісьменніка з'явіўся, — у нашай размове з начальнікам гэтага ўпраўлення Андрэем Кунцэвічам.

 Ідэя стварэння музея нашага славутага земляка абмяркоўваецца даўно. Таму сімвалічна, што менавіта ў Год культуры прынята канчатковае рашэнне зрабіць у Глушы музей, прысвечаны гэтаму геніяльнаму пісьменніку. Рахунак створаны, мы выкарыстоўваем любую нагоду, каб давесці да людзей інфармацыю на гэты конт. На сайтах Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага райвыканкама размешчаны банеры з заклікам падтрымаць агульную справу.

— Наколькі актыўна адгукаюцца на прапанову папоўніць рахунак? Хто яго асноўныя ўкладчыкі?

— Адразу ж пасля адкрыцця разліковага рахунку работнікі культуры Магілёўскай вобласці рэалізавалі некалькі ініцыятыў з мэтай папоўніць агульную скарбонку. Пэўную суму пералічыла на яго Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна. Сюды ж накіраваны ўсе сродкі ад рэалізацыі білетаў на канцэрт творчых калектываў Бабруйскага раёна, які адбыўся ў рамках фестывалю «Народныя таленты Магілёўшчыны». Такія ініцыятывы, я ўпэўнены, будуць рэалізоўвацца і далей. У вобласці шмат чаго робіцца для прапаганды спадчыны славутых ураджэнцаў. Неўзабаве ўбачыць свет альбом «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку». Нядаўна ў Магілёве ўспаміналі творчасць вядомага нашага земляка кінарэжысёра Віктара Турава, у кінатэатрах ішлі паказы яго фільмаў, адбываліся творчыя сустрэчы. Дарэчы, менавіта Віктар Тураў экранізаваў знакамітую дылогію Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Разам з Магілёўскім кінавідэапракатам мы абгаворым магчымасць правядзення тыдня фільмаў па творах Алеся Адамовіча. Актыўна прапагандуе творчасць пісьменніка абласная бібліятэка імя Леніна. У наступным годзе мы будзем адзначаць 90-гадовы юбілей пісьменніка, і там рыхтуецца шэраг звязаных з гэтай датай мерапрыемстваў.

— На сённяшні дзень на стварэнне музея сабрана ўсяго каля 900 рублёў новымі грашыма. Калі справа і далей так пойдзе, то яго адкрыццё можа зацягнуцца на гады.

— З самага пачатку гэты праект быў заяўлены, як прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Грамадства таксама павінна паказаць, што зацікаўлена ў стварэнні гэтага музея. У свой час было шмат размоў вакол адкрыцця разліковага рахунку. Маўляў, вы толькі адкрыйце — і спонсары знойдуцца. Аднак, калі з'явіўся шанц на справе здзейсніць свае абяцанні, некаторыя «ініцыятары» паспяшаліся сысці ў цень. У гэтай справе не мае значэння, хто колькі пералічыў грошай. Галоўнае, не застацца ўбаку. Зараз ёсць рэальная магчымасць даказаць, што гэты музей усім нам патрэбны.

— Магчыма, справе перашкаджае тое, што няма так званага назіральнага савета? Ці магчыма стварэнне яго пры галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама?

— Тое, што такі грамадскі орган патрэбны, лічу добрай ідэяй, але наўрад ці ён павінен быць пры нашым упраўленні. Мы гатовы дэлегаваць у гэты савет свайго супрацоўніка. Я таксама буду дапамагаць савету, удзельнічаць у яго рабоце.

— На думку спецыялістаў, на праектна-каштарысную дакументацыю спатрэбіцца каля 12 000 сучасных рублёў. Што будзе зроблена, калі гэта сума акумулюецца на рахунку?

— Як толькі гэтыя сродкі паступяць на разліковы рахунак, Бабруйскі райвыканкам будзе мець усе падставы, каб аб'явіць конкурс на правядзенне гэтых работ. Напэўна, распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі і будзе той самай першай канкрэтнай справай, вакол якой згуртуюцца ўсе тыя, хто зацікаўлены ў стварэнні музея.

А мы нагадваем: дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».

Падтрымаем добрую ініцыятыву!