Смаласкіп – паселішча ці вуліца?

3795
Аляксандр КАЗАК. Фота аўтара.
Не ўсім зразумелы гэты тапонім рызыкуе нават для бліжэйшых нашых нашчадкаў зрабіцца сапраўднай таямніцай ХХ стагоддзя. Справа ў тым, што ўжо сёння назва Смаласкіп з карты Бабруйшчыны знікла, ператварыўшыся толькі ў найменне вуліцы Смаласкіпскай у раскіданай на кіламетры Брожы – цэнтры аднайменнага сельсавета. І пакуль мы недалёка яшчэ аддаліліся ад мінулага веку, пройдземся па «вуліцы», якая на справе ўяўляе сабой некалькі вулак і завулкаў, што жывапісна віхляюць па нязвычных у раўніннай мясцовасці пагорках.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Былі смала і шкіпінар – існавала вёска

Для недасведчанага падарожніка вёска-«вуліца» можа зусім застацца незаўважанай, бо ніякага ўказальніка да яе проста не існуе. Хаця паваротка ўлева адразу за чыгуначным пераездам у Брожы ёсць і яна прывядзе ў цікавае паселішча. Яно непадобнае на звычайныя невялікія нашы вёскі, дзе, як правіла, дамы выцягваюцца ўздоўж адной вуліцы-шнурка. Тут не так: вулкі і завулкі месцяцца вакол своеасаблівага цэнтра, караскаюцца на невялічкія пагоркі і збягаюць да Брожкі – рэчкі-ручая, што дала назву вялікай вёсцы-цёзцы. Гэта аб ёй тутэйшыя вострасловы кажуць: «Брожа на горад пахожа. Толькі дамы ніжэй і асфальт жыжэй».

Смаласкіп жа ўражвае нейкай міні-швейцарскасцю – гэткай рэдкай у нашых ландшафтах. З двара дома № 13, што бліжэй да рэчкі, спачатку пачуўся брэх адпрацоўваючага свой хлеб сабакі, а неўзабаве за веснічкі выйшла і гаспадыня. Не маладога веку, кабета пасля прывітання распавяла, што тут, у Смаласкіпе, нарадзілася, жыве і радуецца жыццю зараз. Але з чым звязана назва малой радзімы, ведае недакладна: мяркуе, што некалі землякі здабывалі з сасновых карчоў смалу, што і адлюстравалася ў імені… Не вельмі пашанцавала ля варотаў з лічбай 13 і з далейшай інфармацыяй, калі жанчына адмовілася назваць сябе і сфатаграфавацца. Не, гэта ўсё-такі не Швейцарыя…

Тамара Васільеўна Багданава і кот Цімох.Тамара Васільеўна Багданава і кот Цімох.

Затое на іншай вулачцы прама пад аб’ектыў унукі вывелі 83-гадовую Тамару Васільеўну Багданаву, якую не пакінуў без нагляду ні на хвіліну кот Цімох. Бабуля ўдакладніла тапанімічную сітуацыю роднай вёскі, бо памятае аповеды бацькоў пра гонку смалы і шкіпінару ў гэтай мясцовасці яшчэ да рэвалюцыі. Вось  разгадка і другой часткі ў назве Смаласкіп! Сённяшняя доўгажыхарка памятае таксама, як літаральна гула станцыя Брожа пасля вайны: шмат грузаў адпраўляла, нават рэстаран пры ёй працаваў. Аптымізацыя прыйшла і сюды – замест знесенага капітальнага станцыйнага будынку застаўся павільёнчык накшталт  тралейбуснага прыпынку, як у Брожку канула пагрузачная рампа. Гэтаксама і з ранейшымі вёскамі: была ля Брожы Слабодка – стала вуліца яе імя, быў Смаласкіп – з’явілася «вуліца» з некалькіх вулак.

Да думак аб непарушным існаванні назваў з тысячагадовай гісторыяй у якім-небудзь швейцарскім кантоне зноў вярнула прысутнасць ля адной з брам «дальнабойнага» вялікагруза на колах. Во, і Смаласкіп уваходзіць у маршруты міжнародных перавозак! Да той самай Тамары Васільеўны завіталі ў госці ўнучка  Іна з мужам Аляксандрам  і праўнук Сярожа.

Сярожа Фёдараў.Сярожа Фёдараў.

Апошняму пяць годзікаў, але ён смела гуляе з тутэйшымі баранчыкамі, ходзіць на рэчку і нават дэманструе прабабцы пад’ём пераваротам на турніку. Падумалася: не прападзе жаданне ў вырасшага Сяргея Аляксандравіча завітаць да мілай сёння яго сэрцу рачулкі – будзе жыць і Смаласкіп. 

Смаласкіпцы – людзі вясёлыя

Пакуль Тамара Васільеўна з Цімохам хоць нейкім чынам захоўваюць свае карані, усюдыюдная глабалізацыя пускае з ветрамі перамен сапраўднае павуцінне зусім не «бабінага лета». Па-першае, у цэнтры Смаласкіпа «вырасла» чамусьці пальма, зразумела, з модных апошнім часам пластыкавых бутэлек з-пад піва і квасу. Па-другое, «упрыгожвае» паўднёвая расліна, зноў жа, своеасаблівы  міні-стоунхэндж  на «агліцкі» манер. Але чаму, калі тут жа на шчыце паведамляецца аб пражыванні ў гэтым краі славянскіх дрыгавічоў з Х стагоддзя? Напэўна, жартуюць гэтак тутэйшыя краязнаўцы-гумарысты – маўляў, у продкаў какосы раслі, дык чаму ж нам ананасы не культываваць?

Гумар з нацыянальным адценнем таксама не менш дасціпны. Над дваром аднаго смаласкіпскага дома ўзвышаецца, напрыклад, … бензапіла  «Дружба» адной з першых мадэлей. Усталяваўшы яе Леанід Маханет тлумачыць, што гэта рукатворны помнік роднай лясной старонцы і ўласнай маладосці, калі працаваў і на заводзе ў горадзе, і па хатняй гаспадарцы, і «Дружба» вельми выручала.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

І яшчэ давялося пачуць жарт у Смаласкіпе – аб змене арыентацыі. Не, не ў палітыцы і не ў сексе, а ў хатняй жывёлагадоўлі. Зараз вяскоўцы бяруць курс на шашлыкі, заводзячы авечак. Паведаміў аб гэтым з гарчынкай у голасе Аляксандр Бокач, што пасвіў статак брожскіх кароў: «Раней даводзілася даглядаць пад сотню рагуль, а сёння, вунь, усяго дзясятак. Я так і на кетчуп не зараблю…».  Між іншым, у гараджан, што адпачываюць тут на дачах, з фінансавымі сродкамі, напэўна, лепей, бо ля аднаго зграбнага дома ўказальнік недвухсэнсоўна паказвае, дзе гаспадар ужо пабыў, а дзе збіраецца.

Пакідаў утульную вёску, што язык не паварочваецца называць вуліцай, калі сонечны дыск зрабіўся памерам з талерку спадарожнікавых антэн, якія звязваюць гэты, як падалося, забыты Богам куток з усім светам. Уражанне аб адасобленасці, аўтаномнасці гэтага не ўсім вядомага маляўнічага месца парушалі  і гукі перастуку  вагонных колаў з чыгункі, што хавалася за прысадай у якой сотні метраў – Сма-ла-скіп, Сма-ла-скіп, Сма-ла-скіп…

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Стоунхэндж па-смаласкіпску.Стоунхэндж па-смаласкіпску.

Брожка з Брожы цячэ.Брожка з Брожы цячэ.

Тамара Васільеўна Багданава.Тамара Васільеўна Багданава.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Сярожа Фёдараў.Сярожа Фёдараў.

Стоунхэндж па-смаласкіпску.Стоунхэндж па-смаласкіпску.

Стоунхэндж па-смаласкіпску.Стоунхэндж па-смаласкіпску.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Алена - колеру восені.Алена - колеру восені.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.

Сёння ў Смаласкіпе.Сёння ў Смаласкіпе.