«А навошта яна, беларуская мова, наогул?» – запытыліся вучні СШ №29

4198
Аляксандр БЯЛЯЕЎ. Фота Дзяніса СУДНІКА.
І самі ж адказалі, ў рэшце рэшт, на гэта пытанне.

Чарговая сустрэча ўдзельнікаў рэалізацыі праекта рэдакцыі «Вячэрняга Бабруйска» і ўпраўлення адукацыі, спорта і турызма гарвыканкама «Родную мову – народу» адбылася ў сярэдняй школе №29 нашага горада. Тон у размове гасцей і вучняў старэйшых класаў задала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Валянціна Мікалаеўна Ляшчэня, якая прапанавала адказаць абодвум бакам на надзвычай важнае пытанне «У чым заключаецца практычная патрэба выкарыстання нацыянальнай мовы?».

Нехта з зусім ужо прагматыкаў скараціў формулу да мінімуму: «Навошта наогул гэта белмова?». І адбылася калі не дыскусія, дык упаўне ажыўленая размова, у выніку якой рабяты пагадзіліся, што даць уяўленне аб Беларусі іншаземным вандроўнікам у ёй ці ўтварыць станоўчае ўражанне аб нашай краіне за яе межамі немагчыма, калі не прадэманстраваць узоры яе напеўнай мовы, не пазнаёміць субяседнікаў з прыкладамі беларускай літаратурнай альбо песеннай творчасці.

Дзяўчаты і хлопцы школы, якая з усіх бакоў акаймавана сапраўды спальным раёнам «прыватнага сектара», неяк без пафасу, удумліва адказвалі на розныя каверзныя пытанні, гулялі ў лексічныя гульні і паказвалі пры гэтым нядрэннае веданне роднай мовы.

Лепшымі знаўцамі яе былі прызнаны Ілона Болбас і Аляксей Данільчык, Ганна Чэрнік і Дзмітрый Макушкін, Насця Грыбоўская, Таццяна Масяйкова і Павел Дрозд, якія і атрымалі ва ўзнагароду кніжкі «Гэта наша, беларускае» супрацоўніка «Вячоркі» Аляксандра Казака з аўтографамі аўтара.

Пры ўзнікненні нейкіх спрэчных пытанняў ва ўсіх удзельнікаў сустрэчы была магчымасць тут жа звярнуцца да дапамогі даведачнай і мастацкай літаратуры і яе гаспадыні ў школьнай бібліятэцы Таццяны Уладзіміраўны Скрыпачэнка – між іншым, лаўрэата прэміі імя М.Лынькова, заснаванай Бабруйскім гарвыканкамам.

Як заўсёды, школьнікі атрымалі хатнія заданні, у якіх раскажуць аб гісторыі ўзнікнення тапонімаў і антрапонімаў свайго мікрараёна.