Каб зацікавіць цяперашніх прадвінутых школьнікаў, супрацоўнікі музея заўсёды ў творчым пошуку. Напрыклад, два гады таму тут была распрацавана культурна-адукацыйная праграма «Дай руку, дружа!», назва якой адсылае да эсэ вядомага беларускага пісьменніка, ураджэнца Бабруйска Міхаіла Герчыка. Складаецца праграма з некалькіх напрамкаў ці цыклаў: беларускі «Нам продкамі мудрасць народа завешчана», яўрэйскі «Счастье родиться в Бобруйске», польскі «Вobrujsk – to krоlewskie miasto». Гэта і відэапрэзентацыі, віктарыны, музейныя анімацыі, бяседы, інтэрактыўныя заняткі, фальклорна-анімацыйныя праграмы, батлеечныя прадстаўленні, пешаходныя экскурсіі, дэгустацыі і яшчэ шмат чаго – цікавага і, нават, таямнічага. Праграма складзена так, каб зручна было выбраць любы адзіны кірунак, ці ўсю праграму цалкам, ці асобнае мерапрыемства. Апрабавана яна была у 2014-2015 навучальным годзе з вучнямі 5 «В» класа СШ №24, з якімі былі праведзены ўсе мерапрыемствы беларускага блоку. У 2015-2016 навучальным годзе вучні гэтага ж класа, цяпер ужо 6 «В», працягнулі знаёмства з яўрэскім і польскім кірункамі праграмы.
Асобныя мерапрыемствы праграмы, як, напрыклад, майстар-клас «Беларуская народная лялька Берагіня», прадстаўленні батлеечнага тэатру, фальклорна-анімацыйныя праграмы «Прыехала каляда на белым кані», «Калі Бабруйск быў каралеўскім», «Благаславі, Божа, вясну прыгукаці» і некаторыя іншыя асабліва запатрабаваны вучнямі школ горада. За гэты час супрацоўнікі музея упэўніліся, што праграма вельмі жыццяздольная, зручная, кампактная і ў той жа час дастаткова ёмістая. Да таго ж яна не застылая. У 2016 годзе да яе дадаўся блок «Дети разных народов», які прысвечаны Міжнароднаму фестывалю народнай творчасці «Венок дружбы». А з верасня 2016 года прадугледжана пашырыць праграму рускім кірункам, у якім будзе закранутая тэма нашчадкаў А.С. Пушкіна на Бабруйшчыне, тэма Бабруйскай крэпасці і інш.
Музей крочыць ў нагу з часам і яго дзверы заўсёды шырока адчынены для зацікаўленых.