Тая самая аптэка, дзе плануюць зрабіць музей.
- Шчырая наша ўдзячнасць начальніку ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэю Кунцэвічу, які, нарэшце, скрануў справу з мёртвай кропкі, аб’явіўшы аб адкрыцці дабрачыннага рахунку па зборы сродкаў, – кіраўнік мясцовай улады Марыя Сушчанка ўзрушана прыгадвае падрабязнасці подступу да рэалізацыі шматгадовага намеру. – Я іншымі вачамі стала глядзець на чыноўнікаў гэткага маштабу: сам прыехаў, агледзеў памяшканне выбранай пад музей даваеннай аптэкі, паслухаў аповеды старэйшых глушанцаў пра сям’ю Адамовічаў і – калі ласка, сёння ўжо ёсць куды пералічваць грошы на добрую справу. Зразумела, намаганнямі адной Бабруйшчыны мы не абыдземся, разлічваем на спонсарскую дапамогу з усіх куткоў Беларусі і з братняй Расіі. Спатрэбіцца, мяркую, правядзенне мэтавых суботнікаў, а акумуляванне ўспамінаў тых, хто ведаў Алеся Міхайлавіча, матэрыялаў, што звязаны з ім, трэба паскорыць.
Ніна Васільеўна Храмеля няньчыла дачку Алеся Адамовіча Наталлю.
У спраўны дом на адной з пасялковых вуліц, дзе жывуць добра ведаўшыя Адамовічаў Ніна Васільеўна і Анатоль Аркадзьевіч Храмелі, завітаў, каб пачуць іх меркаванне аб глушанскім праекце Года культуры.
- Даўно трэба было ўганараваць памяць аб усіх Адамовічах. Я ж добра ведала маці Сашы і Жэні Ганну Мітрафанаўну, сорак гадоў працавала ў той аптэцы, дзе, вы кажаце, музей зробяць. Гадавала дачку Аляксандра Міхайлавіча Наташу і зараз дружым. Адно скажу: грошай шмат трэба, каб давесці да ладу тую аптэку, – абапіраючыся на кіёк, зазначае Ніна Васільеўна.
І тут жа да размовы далучаецца гаспадар дома Анатоль Аркадзьевіч:
- Алесь Міхайлавіч часцяком пад бярозамі ля дома накрываў стол з сябрамі пісьменнікамі, дык і мяне туды звалі, каб пагаманіць. А сёння глядзі, каб бяроза пад ветрам не звалілася ды не разбурыла дах…
У мясцовай школе памяць аб Алесю Адамовічу захоўваецца не толькі настаўнікамі, а і больш матэрыяльна – у адмысловым бібліятэчным кутку, дзе сабраны творы празаіка і навукоўца, вучнёўскія даследчыя работы і ўспаміны пасялкоўцаў аб ім, фота прадстаўнікоў вядомага рода Адамовічаў.
Таццяна Фёдараўна Петухова: "Школа дапаможа стварыць экспазіцыю".
- Безумоўна, мы ганарымся, што нашы бацькі жылі побач з сапраўднымі патрыётамі, што некаторыя з нас ведалі таленавітага і прынцыповага Алеся Міхайлавіча, што яго пранізлівыя кнігі чытае ўвесь свет, – пераканана гаворыць намеснік дырэктара школы Таццяна Фёдараўна Петухова. – Трэба зрабіць так, каб на яго творчасці выхоўваліся наступныя пакаленні моладзі, сапраўдныя грамадзяне нашай краіны. Паслужыць гэтамуі ствараемы музей, лепту ў фонды якога ўнясе і наша школа.
- Мы, дарослыя, усе вучні любілі сустракацца з вядомым пісьменнікам,– у гутарку ўступае бібліятэкар Алена Уладзіміраўна Кісляк. – Апошні раз Аляксандр Міхайлавіч завітаў да нас у школу тыдні за два да смерці… Музей павінен быць.
…Сустрэчы ў Глушы вярнулі і мяне да ўспамінаў амаль 30-гадовай даўнасці, калі ў доме пад бярозамі даводзілася некалькі разоў сустракацца з Алесем Міхайлавічам і суправаджаць яго па раёне. Тады гэткая была завядзёнка – творчыя людзі рэгулярна сустракаліся з масамі. Вось і наш вядомы глушанец – ці то “па лініі” Саюза пісьменнікаў, ці то па разнарадцы таварыства “Веды”, ці то па абедзвюх адразу – наведваў калгасы і саўгасы, выступаў у сельскіх дамах культуры. Я павінен быў суправадзіць яго ад месца дзе ўзяў, і даставіць зноў дамоў у Глушу. Адбывалася такое “распаўсюджванне ведаў” звычайна ў зімовы час, калі вяскоўцы адносна менш занятыя работай.
У 1986 годзе аўтару давялося суправаджаць Алеся Адамовіча ў час паездак па Бабруйскаму раёну.
Упершыню пераступіўшы парог хаты пад сямю беластволымі дрэвамі і паціснуўшы руку аўтара добра вядомых твораў, быў збіты з панталыку яго прапановай “сагрэцца перад дарогай”. Прычым у класічным разуменні гэтага выразу. Я тады яшчэ падумаў, што Алесь Міхайлавіч жартуе або правярае мяне на стойкасць перад спакусай, і адмовіўся. Але надвячоркам, калі мы вярнуліся з круізу раённага маштабу, прапанова паўтарылася. Прычым ужо з бутэлькай гарэлкі ў руцэ паважанага чалавека. “Калі разам з вамі, дык гэта мне запомніцца на ўсё жыццё”,– нясмела амаль згадзіўся я. “Канечне, са мной за адным сталом, але я вып’ю малака”, – мэтр ужо запрашаў сядаць. Я збянтэжыўся, уявіў, як буду куляць чарку адзін, і рашуча адмовіўся, спаслаўшыся на позні час.
Дом у Глушы, дзе часта бываў Алесь Адамовіч.
І толькі на пахаванні Алеся Адамовіча 30 студзеня 1994 года, а дакладней, за памінальным сталом у Глушы з развітальнага слова літаратуразнаўцы і пісьменніка Міхася Тычыны даведаўся аб сутнасці пачутых тады прапаноў. Бо сказана сярод іншага было літаральна наступнае: “…Саша вельмі любіў застоллі – маленькія, вялікія. Хоць сам ён, вы ведаеце цудоўна, быў вельмі цвярозы чалавек. Калі б перад ім паставілі дзве шклянкі – з віном і з малаком, яго рука пацягнулася б да апошняй. Але ён вельмі любіў частаваць, глядзець, як людзі вып’юць, закусяць. Страшэнна любіў частаваць сяброў, знаёмых, усіх хто толькі зойдзе да яго ў хату… Сам у застоллі Саша, здаецца, і не піў нічога. Але вакол яго мноства чарак стаяла – складалася ўражанне, што і ён п’е. А быў цверазей цвярозага і весялей таго, хто выпіў, можа, паўлітру ці літру…”.
Пакідаў сакавіцкую, але гэткую зімовую з выгляду Глушу, развітваючыся спачатку з домам пад бярозамі, а потым з будынкам былой аптэкі, што стаяць ля адной шашы, якая шмат апісана ў творах Алеся Адамовіча. Разважаў пра сябе, што гэтая асфальтавая стужка абавязкова звяжа ў адно цэлае абедзве хаціны, каб людзі памяталі, як іх папярэднікі змагаліся і перамагалі. Быццам прачытаўшы гэтыя думкі, на развітанне Марыя Сушчанка прамовіла: “І будзе на Бабруйшчыне сваё “Залатое кальцо” – Глуша з памяццю пра Адамовіча, Пабокавічы як радзіма Платона Галавача, Цялуша з магілай унучкі Пушкіна і Панюшкавічы – радзіма Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”.
Слушная, я вам скажу, заўвага.
Адкрыць дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча:
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама
р / р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ СБ "Беларусбанк", код 706 г. Бабруйск,
УНП 701226324.
Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п.Глуша пад музей А. Адамовіча»