Апошнім часам амаль ва ўсіх на слыху ды на вуснах гучныя і ёмістыя выразы лозунга-слоганавага кшталту: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Сто ідэй для Беларусі», «Купляйце беларускае!» і да таго падобныя. І гэта ўсё добра! Нас запрашаюць да асэнсавання ўласнай гісторыі, адраджэння беларускай маральна-інтэлектуальнай спадчыны, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Як жа можна абысціся ў гэткай высакароднай справе без выкарыстання роднай беларускай мовы! Здаецца гэта разумеюць сёння ўсюды – ад дзіцячага садка да чыгуначнага вакзала і супермаркета. Але ж за разуменнем і ўсведамленнем задачы павінны адбывацца практычныя захады. Ці ўсё добра ў гэтых адносінах у слаўным нашым горадзе на Бярэзіне?
Калі зверху разумеюць, справа ідзе
Здавалася б, месцы, так бы мовіць, транзітнага, хай сабе і масавага знаходжання людзей, не павінны быць нейкімі пунктамі ліквідацыі моўнай непісьменнасці ці прапагандавання мовы. Тым не менш прыклад папулярызацыі беларускай мовы падаюць у Бабруйску менавіта падобныя структуры.
Ала Віктараўна Бірукова, начальнік вакзала чыгуначнай станцыі Бабруйск:
– Адразу скажу, на ўсёй Беларускай чыгунцы ў адпаведнасці з рашэннем яе кіраўніцтва практыкуецца двухмоўнае інфармаванне пасажыраў. Аб’явы робяцца як на беларускай, так і на рускай мове, шыльды таксама дублююцца. Скаргаў ці нейкіх непаразуменняў у сувязі з гэтым не было. Наадварот, даводзілася чуць водгукі замежных пасажыраў, што спыняліся на нашай станцыі, аб пазнавальнасці дзвюхмоўных паведамленняў, мілагучнасці нашай мовы.
– Дык вы, можа, трымаеце ў штаце прафесійных дыктараў ці акцёраў?
– Не, абыходзімся сваімі сіламі. Напрыклад, аб’явы па радыё робіць у асноўным Аксана Анатольеўна Піскун, хаця ўсе касіры прайшлі своеасаблівы кастынг на веданне мовы і дыкцыю. Выбралі яе і не памыліліся. У напісанні раскладаў руху цягнікоў, шыльдаў і аншлагаў карыстаемся дапамогай прафесійных кансультантаў, напрыклад, Наталлі Пятроўны Салаўёвай з партала Bobr.by, Таццяны Фадзееўны Пашковіч з гімназіі №1, якім вельмі ўдзячныя.
Святлана Аляфцінаўна Капусціна.
Святлана Аляфцінаўна Капусціна, загадчык магазіна «Mart inn» на вуліцы Урыцкага:
– Мы таксама выконваем рашэнне кіраўніцтва нашай гандлёвай сеткі аб пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў рабоце. Білборды звонку, постэры, рэклама вырабляюцца на роднай мове. Пакупнікі ўсё разумеюць, пытанняў няма.
– А ці зразумеюць наведвальніка, калі ён на касе звернецца па-беларуску? Наогул, ці гавораць супрацоўнікі на другой з дзвюх дзяржаўных моў?
– Так, любога пакупніка мае калегі зразумеюць. Але патрэбы ў карыстанні беларускай мовай мы не адчуваем. Ведаеце, неяк не прывілі ні бацькі, ні дзіцячы садок, ні школа. Ды і ўсе навокал скрозь гавораць па-руску ды на трасянцы. І ўсе разумеюць адзін аднаго.
Шанаваць мову – паважаць бацькоў, род, радзіму
Сапраўды, урад ці абавязкова выкладаць беларускую мову пасажырам, пакупнікам і гледачам, хутчэй, гэта прыемны і карысны дадатак у нашых тралейбусах, некаторых крамах ды тэатральных спектаклях. А вось навучальныя ўстановы закліканы прывіваць зацікаўленасць, даваць веды і выхоўваць любоў да матчынай мовы прафесійна. Прычым, яшчэ з ясельнага ўзросту дзетак.
Ірына Іванаўна Кірэева, намеснік загадчыка ясляў-саду №1 Бабруйска:
– У садку мы пачынаем вывучаць мову з дзеткамі, якім яшчэ два-тры гадкі. Чытаем ім пацешкі, спяваем песенькі, апавядаем казкі. Вельмі цікава праходзяць абрадавыя святы Каляд, Масленкі, шумна і весела праводзім беларускія народныя гульні на занятках фізкультурай. Практыкуем правядзенне беларускамоўных дзён адначасова ва ўсіх групах. У сярэдняй і старэйшай групах заняткі беларускай мовай замацаваны у раскладзе. Спрабуем таксама інтэграваць такія заняткі ў час іншых момантаў рэжымнай дзейнасці: на прагулках, у гульнях і спевах. Так альбо інакш, але ўсе амаль сто трыццаць выхаванцаў знаёмяцца з роднай мовай у садку. Вельмі дапамагаюць творы Эдзі Агняцвет, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі і іншых беларускіх аўтараў.
– Выхавацелі, усе супрацоўнікі падтрымліваюць адпаведную моўную атмасферу?
– Імкнуцца, скажу шчыра, а ў беларускамоўныя дні – у абавязковым парадку. І галоўная праблема тут агульная: у сем’ях амаль не гавораць на матчынай мове. Не карыстаюцца ёй у абыдзенай абстаноўцы ў навучальных установах,у арганізацыях і на прадпрыемствах, у магазінах і на вуліцы.
Наталля Валер’еўна Калеснікава.
– У чым жа, на ваш погляд, прычыны гэткага заняпаду?
– Напэўна, усяго патроху: і абыякавасці з лянотай, і сарамлівасці з нясмеласцю, і ігнаравання з пагардаю. Трэба сябе паважаць, свае карані адчуваць, патрыётам быць…
Наталля Валер’еўна Калеснікава, загадчык бібліятэкі гімназіі №1, лаўрэат прэміі імя Міхася Лынькова за 2015 год:
– На маю думку, на стане ужывання нашай роднай мовы адбілася наступленне даброт XXI века. Паглядзіце, колькі сельскіх школ пазачынялася, колькі вёсак з’ехалася ў аграгарадкі. А менавіта там жа былі асноўныя носьбіты мовы. Камп’ютэрызацыя, зноў жа, уздзейнічала на змяншэнне цікавасці да беларускай мовы, бо карыстальнікам больш патрэбныя руская ды англійская. Нейкім прымусам уводзіць родную мову – рызыкуем страціць узаемаразуменне паміж прыхільнікамі розных моў. На мой погляд, толькі больш твораў – цікавых і разнастайных, як у Караткевіча, напрыклад, – могуць адрадзіць сапраўдную цікавасць да роднай, матчынай мовы.
Святлана Міхайлаўна Кажэўнікава.
Святлана Міхайлаўна Кажэўнікава, бібліятэкар гімназіі №1, лаўрэат прэміі імя Міхася Лынькова за 2015 год:
– Так, толькі чытанне добрай літаратуры можа спрыяць з’яўленню сапраўдных аматараў беларускага слова, выхаванню шчырых патрыётаў. Мы гэта бачым на прыкладзе нашых гімназістаў. Але дзіцячай беларускай літаратуры не хапае, асабліва маляўніча аформленых казак для самых маленькіх. З сучасных аўтараў, якія пішуць для дзяцей, мы таксама ведаем хіба што толькі Ліпскага і Федарэнку.
Людміла Міхайлаўна Лопарава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 28 г. Бабруйска», метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна, лаўрэат прэміі імя Міхася Лынькова за 2015 год:
– Лічу, што родная мова наша шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Пазакласныя мерапрыемствы, якія мы праводзім у школе,выхоўваюць у вучняў любоў да роднай мовы, гонар за сваю Радзіму, за свой народ. Галоўная задача як урокаў, так і пазакласнай дзейнасці – абудзіць у вучняў цікавасць да роднай зямлі, да сваёй мовы і даказаць, што мы, беларусы, не горшыя за іншых, народ з багатай, старажытнай культурай.
– Дык ці ведаюць нашы школьнікі мову?
– Разумеюць, але цяжкасці са зваротным перакладам назіраюцца…
– За час сваёй работы што вы самае адметнае заўважылі у працэсе выкладання мовы?
– Магчыма, не паверыце, але прыйшла да высновы, што раней ужыванне беларускай мовы лічылі прыкметай вясковасці, а сёння – інтэлегентнасці, нават элітнасці.
– І шмат у нас прэтэндэнтаў на пападанне ў эліту па гэтаму паказчыку?
– А вось толькі ў нашай школе ў 2011-2012 навучальным годзе за даследчую работу «Бабруйскія старонкі жыцця і творчасці Міхася Лынькова» вучаніцы 11-га класа Кацярына Іванова і Аляксандра Эпштэйн атрымалі дыплом I ступені на I рэспубліканскім конкурсе даследчых работ вучняў і сталі лаўрэатамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў. У 2014-2015 навучальным годзе вучаніца 7-га класа Дзіяна Ладонька ўзнагароджана дыпломам I ступені на абласным конкурсе работ вучняў даследчага характару за работу «Буквар у жыцці беларусаў».
Аляксей Міхайлавіч Ненадавец, загадчык кафедры Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар:
– Для мяне беларуская мова – рабочая мова, на якой я размаўляю траціну сутак. І не толькі на занятках у аўдыторыях. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі выдавецтваў і рэдакцый, з якімі я маю адносіны, на добрых 95 працэнтаў таксама беларускамоўныя. Але ў астатні час даводзіцца пераключацца, бо асяроддзе ў Бабруйску ў асноўным рускамоўнае, а дакладней – трасянкамоўнае.
Чаму так здарылася? Лічу, што і ад нейкага міфа, што нехта некага прымусіць вывучаць беларускую мову. Нехта калісьці пусціў чутку, што ўсіх прышлых ледзь не праз экзамен на мову будуць прапускаць. Звычайна, калі хто прыязджае жыць у іншую краіну, то імкнецца вывучыць мову тубыльцаў сам. У нас жа атрымалася, што карэннае насельніцтва перайшло больш на рускую мову. У выніку як след не ведаем ні адной, ні другой з дзяржаўных.
– Вы неяк змагаецеся з гэтай з’явай?
– Я на занятках дазваляю адказваць студэнтам на любой мове толькі з адной умовай: каб усё было пісьменна, правільна. І, як правіла, упэўніваюся ў адной ледзь не аксіёме – няведанне адной мовы цягне за сабой няведанне другой. І дзень ці тыдзень беларускай мовы не выратоўвае сітуацыю. Трэба пачынаць з дзяржаных устаноў – карыстацца мовай у справаводстве, у прыёме грамадзян. Сёння, на жаль, кіраўнікі нейкіх органаў культуры, адукацыі дазваляюць сабе выступаць на іншых, толькі не на беларускай мове. Няма самасвядомасці асобы, грамадства, і указы, пастановы тут не дапамогуць. Яшчэ нейкіх два дзясяткі гадоў я размаўляў са старшынямі калгасаў, што цудоўна валодалі мовай, лічылі абавязкам весці гутарку на ёй. Той жа старшыня нашага гарвыканкама нябожчык Уладзімір Фёдаравіч Раманоўскі любіў паслухаць родную мову…
Не вядзе да дабра паўсюднае скарачэнне гадзін вывучэння беларускай мовы і літаратуры. А гэта ж таксама вядзе да падзення агульнага адукацыйнага ўзроўню. Чаму зараз павальнае рэпетытарства ледзь не з першага класа пачынаецца? А рэфармаванне працягваецца і лепш не робіцца… Нам усім трэба ўсвядоміць сябе беларусамі.
Усё ў нашых руках і галовах
Можна бясконца наракаць на забруджаную падлогу, а можна ўзяць дзяркач і адшараваць яе да сасновага сонечнага святла. Так і з нашаю моваю – няўжо патрэбная дырэктыва, каб размаўляць дома, узгадваючы трапныя дзедавы ці матчыны выразы, якія лягуць на душу ўнуку, а ён перадасць іх сваім дзецям…
Міхаіл Сяргеевіч Кузьміч, самадзейны паэт, аўтар паэмы «Дзед Базыль»:
– Родная мова ў мяне абавязкова асацыюецца з роднай маці, з родным домам, з роднай зямлёй. Вельмі доўга я разважаў аб яе лёсе і сёння скажу так. З даўнейшых часін нам перашкаджалі мець уласны сродак зносін паміж беларусамі. Спачатку нас добрым кавалкам далучылі да Расіі, потым да Польшчы, беларускай дзяржаўнасці проста не існавала. Таму і гамонкі аб нацыянальнай мове не было… Пры Савецкім Саюзе людзі жылі, стваралі сем’і, працавалі дзе хацелі. Спатрэбілася мова міжнацыянальных зносін, якой стала руская. Канечне, тады Хрушчоў аб нацыянальным развіцці Беларусі не турбаваўся…
– Але ж сёння ўсе умовы створаны?..
– Дзяржава павінна іграць першую скрыпку. Між тым, чамусьці беларускамоўных газет і часопісаў стала менш, літаратурных твораў недастаткова – усё мераюць камерцыйнай меркай… Ад нас саміх залежыць лёс мовы, якую завем матчынай.
Мікалай Уладзіміравіч Давідовіч.
Мікалай Уладзіміравіч Давідовіч, празаік і публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:
– Калі я працаваў уласным карэспандэнтам урадавай газеты «Рэспубліка», у нейкі момант адчуў недахоп на яе старонках матэрыялаў на роднай мове. Тады мы, калегі з Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, узважыўшы магчымасці, дамовіліся дасылаць у рэдакцыю допісы толькі на беларускай мове. Зразумела, іх публікавалі, але на памеры ганарараў гэта ніяк не адбівалася. Псеўдарынкавая эканоміка прымусіла ўрэшце і журналістаў перайсці на больш выгодную ў фінансавых адносінах мову. Потым я пайшоў на заслужаны адпачынак і працягваў пісаць кніжкі на матчынай мове. А вось нядаўна пачуў, што за беларускамоўныя публікацыі ў газетах заахвочваюць аўтараў дадаткова. Спахапіліся своечасова.
– Своечасова?
– Калі дзеці і ўнукі падтрымаюць, выратуем мову.
01.09.2015, Бобруйск. День знаний (1 сентября) в Осовской средней школе.